Прызнанне Радзімы

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

14 студзеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка правёў цырымонію ўручэння дзяржаўных узнагарод.

 /i/content/pi/cult/145/959/Pryznanne.jpg
— Прынята пачынаць новы год з такіх урачыстых мерапрыемстваў, як уручэнне дзяржаўных прэмій, ордэнаў, медалёў, пасведчанняў аб прысваенні ганаровых званняў і абвяшчэнні падзякі Прэзідэнта лепшым людзям краіны.
Гэта красамоўнае сведчанне таго, што ў розных сферах дзейнасці працоўныя калектывы прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый дабіваюцца значных поспехаў, умацоўваючы эканоміку Беларусі, узбагачаючы нацыянальную культуру, развіваючы навуку і адукацыю, забяспечваючы сацыяльна-палітычную стабільнасць і правапарадак у нашым грамадстве,— адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Сёлета да ўзнагароджання былі прадстаўлены 65 чалавек.Прэзідэнт уручыў ордэн Дружбы народаў былому Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь Іллю Вельджанаву — за вялікі асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне эканамічнага супрацоўніцтва і дружалюбных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Туркменістанам.
Сярод узнагароджаных — кіраўнікі і работнікі прамысловых прадпрыемстваў, служачыя праваахоўных органаў і пагранічных войск, навукоўцы і педагогі, а таксама дзеячы культуры і мастацтва, прадстаўнікі вядучых дзяржаўных СМІ. Ордэн Айчыны ІІІ ступені атрымаў генеральны дырэктар Беларускага оптыка-механічнага аб’яднання “БелОМА” Вячаслаў Бурскі. Ордэнам Францыска Скарыны быў уганараваны галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі. Медаль “За працоўныя заслугі” атрымалі галоўны адміністратар Палаца Рэспублікі Наталля Новік і начальнік аддзела гэтай жа ўстановы Алена Паўлоўская. Медалём Францыска Скарыны былі адзначаны галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Палаца Рэспублікі Віктар Бабарыкін, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” РВУ “Літаратура і мастацтва” Раіса Баравікова, загадчык кафедры Беларускай акадэміі музыкі Мікалай Волкаў, мастацкі кіраўнік узорнай капэлы хлопчыкаў і юнакоў Палаца культуры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ала Ігумнава.
Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё беларускай журналістыкі, рэдакцыйна-выдавецкай справы Аляксандр Лукашэнка аб’явіў першаму намесніку галоўнага рэдактара газеты “Советская Белоруссия” Міхаілу Лябедзіку і групе яе супрацоўнікаў.
— Адзначаючы вашы творчыя дасягненні, мы падкрэсліваем важнасць умелай і мэтанакіраванай працы, паслядоўнай і актыўнай пазіцыі ў прапагандзе культурных каштоўнасцей беларускага народа, кансалідацыі грамадства дзеля ўмацавання і працвітання нашай яшчэ маладой Беларускай дзяржавы, — сказаў Прэзідэнт.
Словы ўдзячнасці Кіраўніку краіны выказаў галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Віктар БАБАРЫКІН:
— Ад імя ўсяго калектыву хачу падзякаваць за падтрымку творчых людзей, творчай моладзі. Некаторыя музыканты аркестра — стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, што дае ім магчымасць плённа рэалізоўваць свой творчы патэнцыял. Мы і ў далейшым будзем радаваць Вас, Аляксандр Рыгоравіч, і шаноўную публіку сваімі новымі праграмамі.
Развітваючыся з узнагароджанымі, Прэзідэнт пажадаў ім, каб гэты дзень надоўга застаўся ў іх памяці як асабліва ўрачысты, сімвалізуючы шырокае прызнанне іх заслуг перад Айчынай, як моцны імпульс для далейшай плённай працы.
Пасля цырымоніі ўзнагароджання мы папрасілі Алу ІГУМНАВУ, мастацкага кіраўніка ўзорнай капэлы хлопчыкаў і юнакоў Палаца культуры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, які знаходзіцца ў Брэсце, распавесці пра свой вакальны калектыў, пра яго творчыя дасягненні. (Адзначым, што ў 2001 годзе Ала Міхайлаўна стала лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэне”.)
— Званне “ўзорная” наша капэла атрымала за высокі прафесійны ўзровень. Летась ёй споўнілася 25 гадоў, і ўвесь гэты час я працую яе мастацкім кіраўніком. На базе капэлы створаны яшчэ мужчынскі маладзёжны камерны хор і спецыяльная музычна-харавая школа для хлопчыкаў, пачынаючы з чатырохгадовага ўзросту.
Наш вакальны калектыў — лаўрэат многіх рэспубліканскіх конкурсаў, лаўрэат прэміі БРСМ, уладальнік 12-ці Гран-пры прэстыжных міжнародных конкурсаў, дзе мы прадстаўлялі Беларусь і працавалі на яе аўтарытэт у свеце, а таксама пераможца І Сусветнай харавой алімпіяды, якая праходзіла ў 2000 годзе ў Аўстрыі. У рэпертуары капэлы і камернага хору — класіка, духоўныя песняспевы, творы беларускіх і расійскіх аўтараў, лепшыя ўзоры джаза і рока...
Я ўдзячная мудраму кіраўніцтву нашай краіны і Прэзідэнту за высокую ўзнагароду. Гэта прызнанне шматгадовай настойлівай, карпатлівай працы, памножанай на таленты нашых выхаванцаў. Яно дае сілу і далей ствараць па законах прыгажосці, не пакладаючы рук...

Наш кар.
На здымку:
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка
выступае на цырымоніі ўручэння ўзнагарод.
Фота Максіма ГУЧАКА, БелТА