Скарачэнне колькасці або штату работнікаў

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

Рэспубліканскі семінар “Актуальныя пытанні прымянення заканадаўства ва ўстановах культуры”, што прайшоў 31 кастрычніка ў зале калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, быў прысвечаны, у прыватнасці, пытанням прававога рэгулявання скарачэння колькасці або штату работнікаў ва ўстановах, падпарадкаваных Міністэрству культуры. Менавіта на названых аспектах сакцэнтавана ўвага ў аглядзе мерапрыемства, падрыхтаваным і прадастаўленым "К" Інстытутам культуры Беларусі.

(Заканчэнне тэмы. Пачатак у № 46.)

Пры спыненні працоўнага дагавора ў сувязі са скарачэннем штата ў працоўнай кніжцы неабходна зрабіць запіс, што работнік звольнены ў сувязі са скарачэннем штату работнікаў згодна з п. 1 арт. 42 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Вядомы эксперт-кансультант у галіне працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь Інэса Чысцякова дадала, што, згодна з заканадаўствам, наймальнік абавязаны прапаноўваць работніку не толькі наяўную ў яго пастаянную працу, але і любую тэрміновую. А паколькі невыкананне гэтага патрабавання з’яўляецца падставай для аднаўлення работніка на працы, наймальнік абавязаны прапанаваць таксама і пасады, што заняты работнікамі, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку, нават тады, калі азначаны работнік хутка выходзіць з дэкрэту. Не дапускаецца звальненне работніка ў перыяд яго часовай непрацаздольнасці і ў перыяд знаходжання ў водпуску. Звальненне можа быць толькі ў першы працоўны дзень пасля выхаду работніка з бальнічнага ці з водпуску. Неабходна памятаць, што да апошняга дня, пакуль работнік не будзе звольнены, яго пасада не скарачаецца.

Згодна з Пагадненнем паміж Мінскім абласным выканаўчым камітэтам, Мінскім абласным аб’яднаннем прафсаюзаў і Рэспубліканскім саюзам наймальнікаў ад 22 сакавіка 2006 г., наймальнікі не вызваляюць па скарачэнні колькасці або штату работнікаў: цяжарных жанчын; жанчын, якія маюць дзяцей да 3 гадоў; адзінокіх маці, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў (дзяцей-інвалідаў — да 18 гадоў); работнікаў, у сям’ях якіх адсутнічаюць іншыя працаздольныя члены; работнікаў перадпенсійнага ўзросту, а таксама атрымаўшых на прадпрыемстве прафесійнае захворванне або працоўнае калецтва.

Згодна з артыкулам 85 Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі”, калі ў наймальніка не існуе магчымасці прадаставіць маладому спецыялісту месца працы ў адпаведнасці з атрыманай тым спецыяльнасцю, ажыццяўляецца яго пераразмеркаванне.

Пры гэтым неабходна звярнуць увагу: калі працоўны дагавор з маладым спецыялістам скасаваны ў сувязі са скарачэннем колькасці або штату работнікаў (п. 1 арт. 42 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), то апошні вызваляецца ад кампенсацыі сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на яго падрыхтоўку.

Згодна з заканадаўствам, звальненне маладых спецыялістаў або перавод іх на работу, якая не звязана з атрыманай спецыяльнасцю і прысвоенай кваліфікацыяй, да заканчэння прызначанага ў накіраванні на работу тэрміну абавязковай работы забараняецца, за выключэннем выпадкаў звальнення па ініцыятыве наймальніка па падставах, прадугледжаных у пунктах 1, 2, 4 — 9 арт. 42 Працоўнага кодэкса. Такім чынам, згодна з п. 1 арт. 42 Працоўнага кодэкса, звальненне маладых спецыялістаў або перавод іх на работу, якая не звязана з атрыманай спецыяльнасцю і прысвоенай кваліфікацыяй, пры скарачэнні колькасці або штату работнікаў дапускаецца.

На заканчэнне І.Чысцякова параіла ў спрэчных момантах, што ўзнікаюць пры скарачэнні колькасці або штату работнікаў, карыстацца пастановай Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 4 “Аб практыцы разгляду судамі працоўных спрэчак, звязаных з кантрактнай формай найму работнікаў”.

У прыватнасці, неабходна мець на ўвазе, што, у сілу палажэнняў, выкладзеных у п. 2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 красавіка 2000 г. № 180 (са змяненнямі і дапаўненнямі), кантракт з работнікам — цяжарнай жанчынай з яе згоды працягваецца на перыяд цяжарнасці або іншы тэрмін па пагадненні бакоў.

Наймальнік са згоды маці (бацькі замест маці, апекуна), якая прыступіла да работы да або пасля заканчэння водпуску па доглядзе за дзіцем да дасягнення ім узросту трох гадоў, абавязаны прадоўжыць (заключыць новы) кантракт на тэрмін не менш як да дасягнення дзіцем узросту пяці гадоў.

Калі максімальны тэрмін кантракта з такімі асобамі заканчваецца да дасягнення дзіцем пяцігадовага ўзросту, наймальнік абавязаны заключыць новы кантракт на тэрмін да дасягнення дзіцем пяцігадовага ўзросту, але не менш чым на адзін год.

Работнікі, якія дасягнулі перадпенсійнага ўзросту (жанчыны — 53 гады, мужчыны — 58 гадоў), маюць права на прадаўжэнне кантракта, заключэнне новага кантракта да дасягнення імі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту (жанчыны — 55 гадоў, мужчыны — 60 гадоў) і атрымання імі права на пенсію па ўзросце пры ўмове добрасумленнага стаўлення да працы, прытрымлівання працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны.

Начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена Вештарт у сваім выступленні падкрэсліла, што, згодна з заканадаўствам, службовыя камандзіроўкі — гэта накіраванне работніка для выканання ім службовага задання. Вельмі часта службовыя камандзіроўкі ў галіне выпісваюцца работнікам для іх удзелу ў складзе журы на якім-небудзь конкурсе. Аднак гэта парушэнне заканадаўства, паколькі, па-першае, удзел работніка ў якасці члена журы не ўваходзіць у яго непасрэдныя службовыя абавязкі, а па-другое, аплачваецца работніку праз заключэнне з ім грамадзянска-прававога дагавора. Між тым, работнік не можа адначасова атрымліваць грошы па грамадзянска-прававым дагаворы і заработную плату. Камандзіроўкі работнікаў ці кіраўнікоў арганізацый культуры за мяжу ажыццяўляюцца толькі праз запрашэнні прымаючага боку. Пры гэтым узнагароджанне па дагаворы павінна атрымліваць арганізацыя культуры (юрыдычная асоба), а не сам камандзіраваны работнік (фізічная асоба).

У заключным слове начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена Вештарт падкрэсліла, што юрыдычным работнікам галіны неабходна абавязкова ў самы сціслы тэрмін перагледзець працоўныя кантракты ў сваіх арганізацыях на адпаведнасць іх нормам Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 г. № 29 і іншых актаў дзеючага заканадаўства.

Падрыхтаваў Раман ХАРЫТОНЧЫК, супрацоўнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння інавацыйнага развіцця сферы культуры Інстытута культуры Беларусі