Дзесяць дзён, якія…

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

Струннікі спаборнічалі праз шэсць гадоў
17 лістапада завяршыўся ІІІ Міжнародны конкурс выканаўцаў на струнных смычковых інструментах імя Міхаіла Ельскага, які доўжыўся акурат дзесяць дзён. Сказаць, што тыя дні ўзрушылі ўвесь музычны свет Беларусі, будзе перабольшаннем. Але для струннікаў конкурс стаў доўгачаканай падзеяй, шлях да якой склаў доўгія шэсць гадоў — менавіта столькі прайшло з часу адкрыцця ІІ Конкурсу імя Ельскага.

Новы фармат — гэта модна?

Паміж Першым і Другім прамежак быў меншы — чатыры гады, як і планавалася. Няблага было б узгадаць закладзеныя ў 2003-м традыцыі і, хаця з грашыма заўсёды складана, не адыходзіць ад графіка. Бо як іначай упісацца ў сусветны конкурсны расклад? Многія маладыя музыканты і асабліва іх выкладчыкі жывуць “з прыцэлам” на некалькі гадоў наперад. Дый для нашай нацыянальнай культуры надта вялікі “перапынак” — не на карысць.

У параўнанні з першымі двума конкурсамі, змяніліся ўмовы. Раней існавалі дзве ўзроставыя групы, якія, праўда, вымяраліся не столькі ўзростам, колькі ўзроўнем навучання (да другога курса ВНУ і пачынаючы з трэцяга). Цяпер падзелу на групы няма, і музыканты ад 16 да 31 года знаходзяцца ў роўных умовах. З аднаго боку — гэта нармальная сусветная практыка найбольш прэстыжных конкурсаў высокага ўзроўню. З іншага — падзел дапамагаў падтрымліваць малодшых, але перспектыўных. Бо, пагадзіцеся, нават вельмі адораным навучэнцам гімназіі-каледжа цяжка спаборнічаць са спрактыкаванымі канцэртуючымі салістамі. Дый на цяперашнім конкурсе сярод лаўрэатаў знаходзіліся тыя, хто калісьці перамог на ім у сярэдняй узроставай групе. Праўда, выключэнні былі і раней. Той жа Іван Карызна, цяперашні лаўрэат Конкурсу імя П.Чайкоўскага, шэсць гадоў таму выступаў на Конкурсе імя М.Ельскага сярод дарослых — і стаў… усяго толькі першым, бо Гран-пры тады не прадугледжваўся.

Як бы тое ні было, а змена ўмоў творчага спаборніцтва сведчыць, што конкурс развіваецца, шукае найбольш аптымальныя варыянты, у тым ліку — тэрмінаў правядзення. Спроба заявіць конкурс на канец навучальнага года скончылася пераносам на колішні позневосеньскі расклад, больш зручны не толькі для ўдзельнікаў, але і для членаў журы, менш занятых у гэты перыяд.

Палепшылася арганізацыя. Пашырылася геаграфія (пабольшала ўдзельнікаў з Заходняй Еўропы, а не толькі з краін СНД). Конкурс “пераехаў” з залаў Акадэміі музыкі на прэстыжныя філарманічныя пляцоўкі. У фінале ўдзельнічалі два аркестры замест аднаго, што паменшыла і без таго вялізную нагрузку на калектывы. Увядзенне Гран-пры дазволіла скаардынаваць намаганні журы, падзеленага на намінацыі: на трэцім туры яго два склады сышліся разам, што дазваляла параўнаць конкурсны ўзровень па розных спецыяльнасцях.

Свята на альтовай вуліцы

Самымі моцнымі сёлета аказаліся альтысты і віяланчэлісты. Наконт апошніх — гэтым не здзівіш. А тое, што альтысты аказаліся куды лепшымі за скрыпачоў, для многіх стала ледзь не сенсацыяй. І справа не ў тым, што скрыпачы, маўляў, прыехалі “не вельмі”, не: гэта альтысты пераўзышлі ўсе магчымыя і немагчымыя якасці свайго інструмента. Усе фіналісты гэтай намінацыі валодалі асаблівай музычнасцю, вельмі прыгожым гукам, не кажучы пра сапраўдную віртуознасць. Таму свая логіка была ў тым, што Гран-пры атрымаў менавіта альтыст — 27-гадовы артыст і педагог з Санкт-Пецярбурга Дзяніс Ганчар. Ён скарыў, да ўсяго, яшчэ і надзвычай інтэлектуальным выкананнем, абсалютна дакладным трапляннем у стыль. Праўда, сярод віяланчэлістаў быў іншы “кумір публікі” — Леў Сіўкоў, пры сваім расійскім грамадзянстве больш вядомы ў замежжы, дзе і вучыўся, і канцэртуе. І хаця ён атрымаў усяго толькі Другую прэмію, гэта той музыкант, пра якога праз некалькі гадоў будзе гаварыць увесь свет.

Ці будуць гэтак жа гаварыць пра беларускіх лаўрэатаў, залежыць не ад іх прафесійнага ўзроўню, а ад таго, як складзецца іхняя канцэртная кар’ера. Бо ўзровень іх быў нават вышэйшы за прэміі, што яны атрымалі. Сярод альтыстаў Мікалай Чарнуха (Другая прэмія) мог бы прэтэндаваць і на Першую, Аляксандра Іванова (Трэцяя) — не менш як на Другую.

Мастацкая вага прэмій у розных намінацыях аказалася далёка не аднолькавай. У кантрабасістаў спаборніцтва ішло практычна паміж Беларуссю і Украінай. Пры гэтым нашы — лідзіравалі. Але, мяркуючы па трэцім туры, Першую прэмію (а можа, і Другую таксама), пэўна, можна было б і не прысуджаць. Дый наш Аляксей Ствол (Другая прэмія) шмат у чым відавочна пераўзыходзіў украінца Віктара Ашмарына (Першая прэмія). Гэтак сама, як яшчэ адзін трэцякурснік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Артур Лісянкоў — Дзмітрыя Алейніка з Украіны, хаця абодва падзялілі Трэцюю прэмію. Ну а навучэнцу Гомельскага каледжа мастацтваў Аляксандру Багамазу застаўся дыплом. Акрамя згаданых лаўрэатаў, Трэцюю прэмію атрымаў вельмі добры наш скрыпач Павел Бацян, а ягоная малодшая калега Паліна Шупілава — дыплом.

Самыя высокія вынікі аказаліся ў беларускіх віяланчэлістаў. У фінал іх прайшло трое (роўна палова ад усіх): Міхаіл Радунскі (Першая прэмія), Уладзіслаў Трухан (Трэцяя), Антон Фешчанка (дыплом). І ва ўсіх, ужо як адметнасць нашай нацыянальнай выканальніцкай школы, — высокая якасць самога гуку, без аніякага “рыпення”. На інструментах далёка не лепшага гатунку яны ўмеюць дасягаць той прыгажосці, што ў іншых не атрымліваецца і ў куды лепшых умовах. Так што далейшы дзяржаўны клопат наконт набыцця добрага інструментарыя, паступовае назапашванне суцэльнай калекцыі струнных можа значна спрыяць нашым поспехам на міжнароднай музычнай арэне, добра заўважным і цяпер.

Аркестравыя жарсці

Трэці тур з аркестрам — заўсёды выпрабаванне на прафесіяналізм і трываласць не адно для канкурсантаў, але і для дырыжораў ды саміх калектываў. Сёлетні ж фінал утрымліваў адразу некалькі “конкурсаў у конкурсе”. Бо гучалі па тры-чатыры аднолькавыя творы запар, што дазваляла параўноўваць не толькі салістаў, але і аркестравае выкананне. А дырыжыравалі зусім маладыя музыканты, што ставіла і іх саміх у становішча канкурсантаў: маўляў, хто з “кіроўцаў” лепш справіцца са сваёй няпростай функцыяй. Зрабіла свой выбар і журы. Яго старшыня — дацэнт, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Уладзімір Рылатка выйшаў пасля праслухоўванняў на сцэну і ад імя ўсёй “судзейскай калегіі” падзякаваў Юрыю Караваеву за “такую пяшчотную і далікатную падтрымку канкурсантаў”. Па выніках усяго конкурсу да слоў дадаўся і спецыяльны дыплом.

Сімфанічны аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі вельмі сур’ёзна рыхтаваўся да гэтай надзвычай адказнай працы. І правёў напярэдадні конкурсу канцэрт у прамым эфіры радыё на канале “Культура”, дзе дадаткова “абкатаў” праграму разам з некаторымі нашымі канкурсантамі. Асабліва ўдалося гэтаму калектыву выкананне альтовых канцэртаў ХХ стагоддзя: Б.Бартака, П.Хіндэміта і, што асабліва прыемна, беларускага кампазітара Галіны Гарэлавай. Яно і не дзіва: гэты аркестр, можна сказаць, спецыялізуецца на складаных сучасных партытурах, падуладных далёка не кожнаму. Ён трывала супрацоўнічае з беларускімі творцамі і запісвае на радыё літаральна ўсе іхнія прэм’еры, захоўваючы, такім чынам, для сучаснікаў ды нашчадкаў нашу нацыянальную музычную спадчыну. З кантрабасовымі ж канцэртамі К.Дзітэрсдорфа і асабліва Дж.Батэзіні аркестр не столькі справіўся, колькі “расправіўся”. Пэўна, з-за шматлікіх паўтораў музыка “забоўтвалася”, замест класіцысцкі адточаных крокаў-скокаў-прабежак атрымлівалася гэткая “каша-дрыгва”. А фінальная частка Дж.Батэзіні ўвогуле ператваралася літаральна ў “Канцэрт для талерак з аркестрам”.

Але ж правільна кажуць: усё спазнаецца ў параўнанні. Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі ўвогуле імкнуўся лідзіраваць. Не столькі па моцы гуку, колькі па сваёй ролі. Дырыжор Яўген Хахлоў нават ні разу не зірнуў у бок канкурсантаў — тыя самі, як маглі, падладжваліся пад аркестр. Той жа Міхаіл Радунскі. Увесь “Віяланчэльны канцэрт” Э.Элгара граў з павернутай назад галавой — сачыў за “акампанементам”. Больш вопытныя канкурсанты спрабавалі хоць неяк “змагацца” з калектыўнай махінай — дарэмна. Вельмі моцная польская скрыпачка Марыя Влашчоўска (Першая прэмія) да апошняй ноты “вяла барацьбу” за сваю канцэпцыю, але аркестр працягваў “перапрацоўваць” Канцэрт С.Пракоф’ева пад стылістыку П.Чайкоўскага. Рамантычныя творы, наадварот, страчвалі жывое дыханне, аказваліся аморфна бясформеннымі.

Вядома, гэты знаны, папраўдзе высокапрафесійны калектыў павінен быў рыхтаваць большую колькасць твораў. Але справа не ў гэтым! Найперш — у самім стаўленні да сумеснай ігры. Роля дырыжора ва ўмовах такіх конкурсаў — як роля канцэртмайстра: як мага больш уважліва падтрымліваць саліста, чуйна ісці за ім і весці за сабой аркестр. На гэта здольны, у першую чаргу, мудры музыкант з вялікай практыкай акампанавання самым непрадказальным салістам. Дый айчынныя канкурсанты напярэдадні спаборніцтва павінны мець дадатковыя рэпетыцыі і выступленні з аркестрам, што будуць на карысць абодвум бакам і, шырэй, іміджу краіны. Бо калі мы праводзім у сябе конкурсы такога высокага рангу, і праводзім іх на такім высокім узроўні — арганізацыі ды прафесіяналізму ўдзельнікаў, — гэта, у выніку, узмацняе не толькі нацыянальную выканальніцкую школу, але і, без перабольшання, прэстыж Беларусі і яе культуры.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"