...І адзінаццаць арабін

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

Мемарыял
Мемарыяльны знак на месцы брацкай магілы савецкіх салдат Вялікай Айчыннай, размешчаны на праспекце Дзяржынскага ў Мінску, нягледзячы на сваю амаль 30-гадовую гісторыю, доўгі час заставаўся малавядомым для жыхароў сталіцы.

/i/content/pi/cult/455/9583/6-3.jpg

Памяці брацкай магілы калісьці быў устаноўлены мемарыяльны абеліск з пазнакай 34 салдат, сярод якіх 24 — невядомыя. А ў 2013-м па ініцыятыве Адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска правялі рэканструкцыю гэтага помніка за кошт ахвяраванняў прадпрыемстваў, арганізацый ды жыхароў горада. У выніку была перайначана кампазіцыя — і скульптурная яе частка, і архітэктурная.

І вось з’явіліся гранітныя пліты-помнікі з імёнамі герояў. І — помнік журботнай жанчыне, якая прыйшла на магілу. І — помнік той самай салдацкай пірамідзе — першаму пачуццю народнай памяці. Адзінаццаць гранітных зорак у гонар загінулых устаноўлены на таксама гранітным п’едэстале. А чорная пліта-п’едэстал аб’ядноўвае ўсе элементы мемарыяла-скульптуры: маці, салдацкую пірамідку і зоркі. А яшчэ тут, за зоркамі, пасаджаны адзінаццаць чырвоных арабін…

Падыходзячы да мемарыяла, адчуваеш хваляванне і падзяку ўсім тым, хто зрабіў гэтую высакародную справу. Помнік быў адкрыты 7 лістапада. Аўтар ідэі мемарыяла, кіраўнік аўтарскага калектыву — заслужаны архітэктар Беларусі, лаўрэат Ленінскай прэміі і, двойчы, Дзяржаўнай прэміі Леанід Левін. Скульптар — Аляксандр Шапо, архітэктары — лаўрэат Дзяржпрэміі Галіна Левіна і Аляксандр Капылоў.