“Пахадзіць” па арт-прасторы

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

Сяргей ГРЫНЕВІЧ, жывапісец, член Беларускага саюза мастакоў
Гэтым тыднем пра тое, што карыснага можна знайсці ў Інтэрнэце творчай асобе, распавёў вядомы гродзенскі мастак.

/i/content/pi/cult/455/9580/13-4.jpg

1. Сеткі

Раней шукаў сайты, “хадзіў” па старонках, а цяпер, шчыра кажучы, сацыяльная сетка займае ў маіх камп’ютарных клопатах амаль што галоўнае месца, у тым ліку — і для атрымання інфармацыі. Большасць маіх сяброў і знаёмых — гэта людзі культуры і мастацтва, таму інфармацыя ў стужках навін у асноўным датычыцца культурнай сферы. Не выходзячы з сацыяльных сетак можна трапіць на ўсе спецыялізаваныя сайты. Усе больш-менш цікавыя СМІ, якія пішуць пра мастацтва, маюць там свае старонкі з дубліраваным кантэнтам. Гэта цікава, бо, з аднаго боку, атрымліваеш інфармацыю ад журналіста, а з іншага — удзельнічаеш у “жывой” дыскусіі, чаце.

2. Суполка

Пэўны час папулярнасцю карысталася сацыяльная сетка, дзе людзі знаходзілі агульныя інтарэсы. Там была група “Арт-атэлье”, якая разрасталася ў геаметрычнай прагрэсіі і гады тры таму налічвала больш за тысячу чалавек. Але потым у ёй з’явілася шмат так званых троляў, якія шукалі “свабодныя вушы” для выказванняў. І таму актыў суполкі (а гэта — прафесійныя мастакі былога СССР плюс эмігранты адтуль), у колькасці трыццаці чалавек, перамясціўся ў іншую сетку. Гэтая суполка, да якой належу я і яшчэ шмат беларускіх мастакоў і ў якой мы атрымліваем інфармацыю пра навіны мастацтва ва Украіне, у Расіі, Еўропе, цяпер існуе на іншым рэсурсе.

3. Альбомы

На ўласнай старонцы стварыў некалькі фотаальбомаў, куды, акрамя работ, загружаю тое, што павінна зацікавіць гледача. Часта людзі просяць мяне выкладваць здымкі з вандровак, выставак ды арт-кірмашоў. Напрыклад, сёлета я пабываў на Венецыянскім біенале, “Арт-Базэлі” і праз фота падзяліўся ўражаннямі. У альбоме “Выстаўкі” раблю справаздачы са сваіх праектаў. Таксама ёсць альбом “Карціны ў інтэр’еры”, які карыстаецца папулярнасцю, бо адна справа, калі палотны бачыш у майстэрні або галерэі, і зусім іншая — калі яны знаходзяцца ў звычайнай абстаноўцы. Для таго, каб людзі мелі ўяўленне пра гэта, фатаграфую “другое жыццё” работ.

4. Сайты

У Сеціве шмат сайтаў па мастацтве. Самы вядомы, міжнародны, — www.art-info.com — расказвае пра мастакоў, выстаўкі, арт-кірмашы, якія праходзяць у свеце. Я гэтым цікаўлюся і час ад часу наведваю найбольш значныя фестывалі і арт-кірмашы, удзельнічаю ў экспазіцыях. Айчынныя ж спецыялізаваныя сайты па мастацтве пачалі з’яўляцца зусім нядаўна, і іх не так шмат. Ёсць, канешне ж, і гарадскія сайты, з мастацкімі рубрыкамі, але менавіта спецыялізаваных — мала.

5. Правы

Калі чалавек падзяліўся выявай тваёй работы, гэта добра, — мастак, выкладваючы фота, спадзяецца на нейкую зваротную сувязь. Можа, гіпатэтычна, я сваімі карцінамі ўплываю на некага, нехта ўплывае на мяне — гэта нармальна. Прынамсі, яшчэ не бачыў копій маіх работ. З аднаго боку, гэта, канешне ж, кепска (асабліва калі работы выкарыстоўваюцца ў нейкіх камерцыйных мэтах без дазволу), а з іншага — дадатковы піяр праз скандал. Трэба разумець: калі цябе капіруюць ці карыстаюцца тваімі ідэямі, значыць, ты — уплывовы чалавек.

Фота з акаўнта Сяргея Грыневіча ў сацыяльнай сетцы