— Так, творчых момантаў і не крану. Бо не менш важным падаецца стан матэрыяльнай базы: яе рамонт і ўтрыманне. Летась на гэта было выкарыстана 3 мільярды 932 мільёны дзяржаўных рублёў. Пайшлі на гэта і нашы пазабюджэтныя сродкі: 30 мільёнаў. Што зрабілі? Адрамантавалі РДК, замянілі вокны, дзверы і дах у СДК дзвюх вёсак. Рабочай сілай дапамаглі мясцовыя сельгаспрадпрыемствы. Дробную даводку за кошт сваіх сродкаў правялі і ў іншых установах культуры. Напярэдадні абласных дажынак рэканструявалі адзін з будынкаў музычнай школы і давялі да ладу бібліятэку ў Камянцы. Натуральна, рамонтны клопат з парадку дня ніхто не знімаў і сёлета…
У сувязі з гэтым, увагу хачу спыніць на дзейнасці гаспадарчых груп. Наколькі яны эфектыўныя? У нашай, насуперак усяму, ёсць усе віды зварачных апаратаў (апрача хіба аргоннай зваркі), маем таксама электра- і бензапілы, балгаркі, разакі, перфаратары, дрэваапрацоўчыя станкі, бетонамяшалку. Апрача гэтага, гаспгрупа карыстаецца грузапасажырскай “газеллю” (гэта своеасаблівая хуткая тэхдапамога), іншым разам — аддзелаўскай грузавой машынай ГАЗ-51. Цяпер вы разумееце, наколькі баяздольная наша група, у якую ўвайшлі чатыры рабочыя, два вадзіцелі, два інжынеры і начальнік. Карацей, многае робім самі. Да прыкладу, замяняем ці нарошчваем ацяпляльныя батарэі. Але ж гэта незаконна! Бо ліцэнзіі на такія віды дзейнасці група не мае. Скажыце, а што рабіць, калі ўзімку а другой ночы мне тэлефануюць з сяла і паведамляюць: “Перамярзае клуб, бо спыніўся насос!”? Якую “аварыйку” я магу выклікаць апрача сваёй, што заўжды напагатове? Праз паўгадзіны машына нашай гаспгрупы — ужо на аб’екце…
Мы не можам прыдбаць гідраэзол для пакрыцця мяккіх дахаў. А для такога перакрыцця ў нас ёсць усе прыстасаванні. Але ліцэнзіі і тут няма. Менавіта з-за гэтага і продаж гідраэзолу забаронены. А мы выканалі б усе работы танней.
Наступная праблема: заробкі аддзелаўскіх рамонтнікаў. Натуральна, шукаю шляхі, каб усяляк ім даплаціць. У названым напрамку нічога не змянілася аж з савецкіх часоў! І гэта прытым, што сельскія гаспадаркі перадаюць на баланс аддзелаў установы культуры. А гаспадарчыя групы дзейнічаюць на іх рамонце напаўлегальна. Між тым, наша прыносіць дзяржаве немалую эканомію. Пасля рамонту Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра мы забралі ўсе “бэушныя” батарэі і паставілі іх у сваіх трох клубах. Самі заварваем ацяпляльныя катлы. Таму і праблем узімку няма. Заслуга — гаспадарчай групы. Калі яе не будзе, пэўныя сельскія клубы проста давядзецца пазакрываць.
Сёлета мы выкарысталі на рамонт, які выконвалі спецыялізаваныя фірмы, 845 мільёнаў бюджэтных рублёў. А з уласных сродкаў гаспадарчая група аддзела асвоіла на рамонты 22 мільёны рублёў. Дарэчы, яна сёлета і дровы для сельскіх клубаў нарыхтоўвала. Так што дзейнасць гэтай структуры для мяне знаходзіцца пасля творчых пытанняў на пашанотным месцы. Інакш — які я гаспадар?
Каментарыі: