Латвійскі “Вянок”

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

Майстар-клас музейнага “вышуку”
Адзінае прыжыццёвае выданне Максіма Багдановіча лічыцца сапраўдным рарытэтам. Больш за тое: літаральна кожны экзэмпляр “Вянка” — кнігі, якая сёлета святкуе сваё 100-годдзе, — на ўліку ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

/i/content/pi/cult/455/9577/12-3.jpg

Ад моманту стварэння Музея М.Багдановіча ў Мінску ў 1981-м навуковыя супрацоўнікі вядуць пошук арыгінальных кніг паэта. Да нядаўняга часу было выяўлена 29 асобнікаў “Вянка”, якія захоўваюцца ў музеях, бібліятэках, архівах у Беларусі, а таксама за яе межамі.

І вось новая знаходка — арыгінальны зборнічак вершаў “Вянок”. Кніга захоўваецца ў Музеі-дачы Райніса і Аспазіі (г. Юрмала, Латвія). Інфармацыю пра гэты арыгінал “Вянка” супрацоўнікам Музея Максіма Багдановіча паведамілі калегі з Латвіі пад час сустрэчы, якая адбылася ў Музеі Янкі Купалы.

Колькі гадоў таму ў адной з беларускіх газет прайшла інфармацыя пра тое, што ў адным з музеяў Латвіі захоўваецца паэтычны зборнік Максіма Багдановіча, — арыгінал у свой час належыў знакамітаму пісьменніку і грамадскаму дзеячу Янісу Райнісу. Але нашы спробы высветліць, у якім музеі знаходзіцца гэтая кніга, тады не далі вынікаў.

Цудоўныя весткі пра яшчэ адзін арыгінал “Вянка” паведаміла Астрыда Цыруле, загадчык Музея-дачы Райніса і Аспазіі. Як высветлілася, у іх сапраўды захоўваецца зборнік вершаў Максіма Багдановіча. Па адной з версій, яна, у ліку іншых беларускіх кніг, была даслана Янісу Райнісу з Беларусі пасля наведання апошнім Мінска ў 1926 годзе. На кнізе няма ніякіх аўтографаў, але вядома, што яна належыла Кастусю Езавітаву, беларускаму грамадскаму дзеячу, які ў 1921 — 1944 гг. жыў у Рызе. Таму мае права на існаванне і версія, што сам Езавітаў падарыў кнігу Яну Райнісу.

Сёння выяву вокладкі гэтага экзэмпляра “Вянка” можна ўбачыць у цэнтры аднаго са стэндаў мастацка-дакументальнай выстаўкі “Я вам прынёс напеў зямлі бацькоўскай…” Ян Райніс і беларуская культура”, якая праходзіць у Мінску.

Ірына МЫШКАВЕЦ, малодшы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча