Купала ў дыялогах культур

№ 46 (1120) 16.11.2013 - 22.11.2013 г

Дзякуючы супрацоўніцтву міністэрстваў культуры Беларусі і Латвіі, нашага Літаратурнага музея Янкі Купалы і латвійскага Музея Райніса і Аспазіі мінская грамада атрымала магчымасць пабачыць выстаўку, прысвечаную жыццю і творчасці сусветна вядомага латышскага паэта, перакладчыка, драматурга Яна Райніса.

На сувязях Райніса з беларускай культурай, знаёмстве з Янкам Купалам, творчым сугуччы двух геніяў зрабілі акцэнт арганізатары выстаўкі. Яна разгорнута ў Купалаўскім музеі пад назвай “Я вам прынёс напеў зямлі бацькоўскай…”. Сярод экспанатаў — асабістыя рэчы Райніса, прысвечаныя паэту мастацкія творы, кнігі, падораныя яму беларускімі аўтарамі, у тым ліку — Купалам.

Наш сегмент гэтай выстаўкі складаецца з экспанатаў Музея Янкі Купалы, якія адлюстроўваюць сувязь творчай спадчыны Песняра з культурай Латвіі.

А тэме “Янка Купала і Славакія” прысвечана імпрэза, што пройдзе ў Купалаўскім музеі 18 лістапада. Гэта частка культурна-адукацыйнага праекта “Беларусь — Славакія. Дыялог культур”. На ёй, сярод іншага, будзе агучаны пераклад на славацкую мову верша нашага класіка “Мая малітва”. Ён зроблены Марыянам Сэрваткам — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь у 2008 — 2013 гадах.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"