Культурны твітар: мы ў свеце

№ 46 (1120) 16.11.2013 - 22.11.2013 г

Беларуская культура за мяжой

Аўстрыя

Прэзентацыя кнігі беларускіх даследчыкаў А.Шаркава і В.Селемянёва “Воінскія пахаванні Першай сусветнай вайны ў Беларусі” адбылася ў параднай зале аўстрыйскага Ваенна-гістарычнага музея ў Вене. У імпрэзе, прысвечанай 100-годдзю з пачатку Першай сусветнай вайны, што адзначаць у 2014-м, бралі ўдзел Пасол Беларусі ў Аўстрыі Валерый Варанецкі, навукоўцы-гісторыкі, кіраўнікі дзяржустаноў і грамадскасці.

Турцыя

Нашу краіну на Першым Міжнародным песенным конкурсе “TurkVision”, які пройдзе ў снежні ў турэцкім горадзе Эскішэхір, прадставіць беларуская спявачка Гюнэш. Яна выканае кампазіцыю ўласнага сачынення на турэцкай мове “Son hat ralar...” (“Апошнія ўспаміны”). У форуме возьмуць удзел рэспублікі Цэнтральнай Азіі, Азербайджан, Турцыя і Паўночны Кіпр, Украіна (Крым), Малдова (Гагаузія), Расія (Татарстан, Башкірыя, Чувашыя), Кітай (СУАР), а таксама Грузія, Македонія, Боснія і Герцагавіна.

Польшча

VІ Фестываль славянскай паэзіі прайшоў у польскай сталіцы. Пад час мерапрыемства адбылася прэзентацыя Анталогіі беларускай паэзіі на польскай мове, выдадзенай па ініцыятыве галоўнага арганізатара фестывалю Аляксандра Наўроцкага пры падтрымцы Культурнага цэнтра Беларусі. Акрамя таго, прайшло адкрыццё выстаўкі “Гісторыя душы” пра паэму “Дзяды” А.Міцкевіча, падрыхтаванай Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.

Расія

Дні беларускай культуры прайшлі ў Цюменскай вобласці. Пад час цырымоніі адкрыцця адбылася прэзентацыя кнігі вершаў члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганаровага консула Беларусі ў Цюмені Уладзіміра Шуглі “Чацвёртае вымярэнне”. Акрамя таго, цягам трох дзён у Цюменскай вобласці праводзіліся літаратурныя праграмы, выстаўкі, адбыўся гала-канцэрт беларускіх майстроў мастацтва.

Гран-пры конкурсу анімацыйных фільмаў X Міжнароднага дабрачыннага кінафестывалю “Прамяністы анёл” атрымала стужка беларускага рэжысёра Таццяны Кубліцкай “Піліпка”. Раней карціна была адзначана прэстыжнымі ўзнагародамі на міжнародных кінафестывалях у чэшскім Зліне, Маскве і Суздалі.

Германія

Дакументальная стужка рэжысёра Віктара Аслюка “Драўляны народ” атрымала Прыз глядацкіх сімпатый у катэгорыі фільмаў працягласцю да 45 хвілін на X Міжнародным кінафестывалі “Filmfest Eberswalde” ў Германіі. Форум праводзіцца з 2004 года і складаецца з некалькіх секцый: кароткаметражнага ігравога, дакументальнага і анімацыйнага кіно.

Латвія

Віцебскі Музей Марка Шагала ў красавіку будучага года адкрые ў Даўгаўпілскім арт-цэнтры імя Марка Роткі выстаўку са сваіх фондаў “Марк Шагал і мастакі еўрапейскага авангарда”, якая будзе працаваць цягам трох месяцаў. Акрамя таго, у Віцебску запланавана выстаўка работ сучаснага мастацтва з фондаў Даўгаўпілскага арт-цэнтра імя Марка Роткі.