Беларусь: факты ды імідж

№ 46 (1120) 16.11.2013 - 22.11.2013 г

На пачатку снежня ў Мінску пройдзе міжнародны форум “Імідж Рэспублікі Беларусь”. Ён ладзіцца ўжо чацвёрты раз.

Мяркуецца, што на гэтай сустрэчы ўвага будзе засяроджана на тых выгодах, якія могуць займець гарады, рэгіёны і краіна ўвогуле праз набыццё станоўчага іміджа. Працаваць на форуме маюць тры секцыі. На іх гаворка будзе весціся пра піяр гарадоў і рэгіёнаў, пра скарыстанне ў гэтай справе Сеціва і пра так званы падзейны турызм.

Напярэдадні форуму адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў і іншых дзяржаўных структур, якім даручана рупіцца пра імідж краіны. Журналістам паведамілі, што сёлета Міністэрства замежных спраў паклала пачатак новаму інтэрнэт-праекту “Беларусь. Факты”, які мае інфармаваць замежжа пра нашу краіну. Кожны, хто захоча наведаць Рэспубліку Беларусь і звернецца ў беларускія пасольствы па інфармацыю, зможа, дзякуючы рэалізацыі згаданага праекта, пазнаёміцца з тымі або іншымі аспектамі жыцця нашай краіны, даведацца пра яе гісторыю і культуру.

А сёння найбольш перспектыўнымі чыннікамі іміджа краіны для ініцыятараў праекта “Беларусь. Факты” ўяўляюцца прырода і этнаграфія.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"