Мяркуецца, што на гэтай сустрэчы ўвага будзе засяроджана на тых выгодах, якія могуць займець гарады, рэгіёны і краіна ўвогуле праз набыццё станоўчага іміджа. Працаваць на форуме маюць тры секцыі. На іх гаворка будзе весціся пра піяр гарадоў і рэгіёнаў, пра скарыстанне ў гэтай справе Сеціва і пра так званы падзейны турызм.
Напярэдадні форуму адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў і іншых дзяржаўных структур, якім даручана рупіцца пра імідж краіны. Журналістам паведамілі, што сёлета Міністэрства замежных спраў паклала пачатак новаму інтэрнэт-праекту “Беларусь. Факты”, які мае інфармаваць замежжа пра нашу краіну. Кожны, хто захоча наведаць Рэспубліку Беларусь і звернецца ў беларускія пасольствы па інфармацыю, зможа, дзякуючы рэалізацыі згаданага праекта, пазнаёміцца з тымі або іншымі аспектамі жыцця нашай краіны, даведацца пра яе гісторыю і культуру.
А сёння найбольш перспектыўнымі чыннікамі іміджа краіны для ініцыятараў праекта “Беларусь. Факты” ўяўляюцца прырода і этнаграфія.