Скарачэнне колькасці або штату работнікаў

№ 46 (1120) 16.11.2013 - 22.11.2013 г

Рэспубліканскі семінар “Актуальныя пытанні прымянення заканадаўства ва ўстановах культуры”, што прайшоў 31 кастрычніка ў зале калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, быў прысвечаны, у прыватнасці, пытанням прававога рэгулявання скарачэння колькасці або штату работнікаў ва ўстановах, падпарадкаваных Міністэрству культуры. Менавіта на названых аспектах сакцэнтавана ўвага ў аглядзе мерапрыемства, падрыхтаваным і прадастаўленым "К" Інстытутам культуры Беларусі.

Асноўная частка семінара была адведзена практычнаму прымяненню нормаў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 красавіка 2013 г. № 168 “Аб некаторых мерах па аптымізацыі сістэмы дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый, а таксама колькасці іх работнікаў”. Як адзначыла кансультант аддзела працоўнага заканадаўства юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства працы і сацыяльнай аховы Беларусі Таццяна Рахуба, згодна з дадзеным Указам, скарачэнню падлягаюць толькі тыя работнікі арганізацый культуры, дзейнасць якіх фінансуецца за кошт сродкаў бюджэту. Пры арганізацыях, падпарадкаваных Міністэрству культуры, існуюць падраздзяленні, што фінансуюцца за кошт іншых сродкаў ці знаходзяцца на гаспадарчым разліку. Работнікі гэтых падраздзяленняў не падлягаюць скарачэнню, паколькі гэта супярэчыць нормам Указа № 168, якія носяць імператыўны характар.

Калі пры ліквідацыі арганізацыі звальненню падлягаюць усе работнікі, без выключэння, то пры скарачэнні колькасці або штату работнікаў скасаванне працоўных дагавораў закранае толькі асобных работнікаў.

Першымі крокамі з’яўляюцца прыняцце рашэння аб скарачэнні, вызначэнне мерапрыемстваў па яго рэалізацыі, адказных асоб і замацаванне гэтага ў загадзе. Загад складаецца ў адвольнай форме. У ім адзначаецца, якія пасады і якая колькасць штатных адзінак падлягаюць скарачэнню. Адначасова падаецца і спіс тых работнікаў, што не падлягаюць скарачэнню.

Згодна з артыкулам 45 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пры роўнай прадукцыйнасці працы і кваліфікацыі наймальнік абавязаны аддаваць перавагу наступным катэгорыям работнікаў: удзельнікам ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; тым, хто захварэў ці перанёс прамянёвую хваробу, выкліканую наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый; інвалідам і іншым катэгорыям работнікаў, якія прадугледжаны заканадаўствам, калектыўным дагаворам, пагадненнем.

Акрамя таго, пераважнае права пры iншых роўных умовах пры скарачэнні колькасці або штату работнікаў прадастаўляецца: ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў (арт. 18 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб ветэранах”), асобам, абраным у склад прафсаюзных органаў (арт. 24 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб прафесійных саюзах”), жонкам вайскоўцаў і членам сем’яў ваеннаслужачых, якія загінулі пры выкананні воінскага абавязку (арт. 24 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб статусе ваеннаслужачых”).

Згодна з артыкулам 268 Працоўнага кодэкса, скасаванне працоўнага дагавора па ініцыятыве наймальніка з цяжарнымі жанчынамі, жанчынамі, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, адзінокімі маці, якія маюць дзяцей ва ўзросце ад 3 да 14 гадоў (дзяцей-інвалідаў — да 18 гадоў), не дапускаецца, акрамя выпадкаў ліквідацыі арганізацыі, а таксама на падставах, прадугледжаных пп. 4, 5, 7, 8 і 9 арт. 42 і пп. 1 — 3 арт. 47 Працоўнага кодэкса. Такім чынам, паколькі звальненне па скарачэнні колькасці або штату работнікаў з’яўляецца падставай для звальнення па ініцыятыве наймальніка, то скасаванне працоўнага дагавора з вышэйпералічанымі катэгорыямі работнікаў не дапускаецца.

Адначасова неабходна памятаць, што, згодна з артыкулам 271 Працоўнага кодэкса, працуючым бацькам, якiя знаходзяцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем замест маці, прадастаўляюцца гарантыi, прадугледжаныя часткай трэцяй артыкула 268 Працоўнага кодэкса.

Акрамя таго, наймальнік абавязаны не пазней чым за два месяцы да звальнення, калі больш працяглыя тэрміны не прадугледжаны ў калектыўным дагаворы ці пагадненні, пісьмова папярэдзіць аб гэтым работніка, пасада якога скарачаецца.

Не менш чым за два месяцы да такога вызвалення наймальнік абавязаны пісьмова паведаміць аб гэтым у мясцовыя органы занятасці і не пазней чым за два тыдні папярэдзіць прафсаюз.

Пры скарачэнні колькасці або штату работнікаў наймальнік мае права ў межах аднародных прафесій і пасад правесці перастаноўку работнікаў і перавесці больш кваліфікаванага работніка, пасада якога скарачаецца, з яго згоды на іншую пасаду, звольніўшы з яе па п. 1 арт. 42 Працоўнага кодэкса менш кваліфікаванага работніка.

Скасаванне працоўнага дагавора пры скарачэнні колькасці або штату работнікаў дапускаецца толькі тады, калі немагчыма перавесці работніка з яго згоды на іншую працу. Такая норма ўтрымліваецца ў артыкуле 43 Працоўнага кодэкса. Пры скарачэнні колькасці або штату работнікаў наймальнік павінен прапаноўваць усю наяўную ў яго працу, як адпаведную роду дзейнасці работніка, так і іншую, якую той можа выконваць з улікам кваліфікацыі ды практычных навыкаў, у тым ліку і некваліфікаваную.

Разам з тым, адзначыла Т.Рахуба, у перыяд тэрміну папярэджання работнік павінен выконваць свае працоўныя абавязкі, падпарадкоўвацца правілам унутранага працоўнага распарадку, яму гарантуюцца ўмовы і аплата працы нароўні з іншымі работнікамі.

У перыяд тэрміну папярэджання работніку прадастаўляецца адзін свабодны дзень у тыдзень без захавання заработнай платы (па дамоўленасці з наймальнікам — з захаваннем) для вырашэння пытання аб самастойным працаўладкаваннi ў іншых наймальнікаў.

Наймальнік мае права са згоды работніка замяніць папярэджанне аб маючым адбыцца звальненні выплатай кампенсацыі ў памеры двухмесячнага сярэдняга заробку. Пры гэтым, калі ініцыятыва ў дасягненні такога пагаднення зыходзіць ад наймальніка пасля папярэджання работніка аб маючым адбыцца вызваленні, кампенсацыя выплачваецца прапарцыянальна часу, якi застаўся да заканчэння двухмесячнага тэрміну папярэджання.Па заканчэнні двух месяцаў пасля ўручэння паведамлення аб звальненні наймальнік мае права выдаць загад аб звальненні работніка.Аднак звальненне пры скарачэнні штату будзе законным толькі ў тым выпадку, калі немагчыма перавесці работніка з яго згоды на іншую працу, у тым ліку з перанавучаннем, альбо калі работнік адмовіўся ад пераводу.

У апошні дзень тэрміну папярэджання наймальнік абавязаны выдаць работніку працоўную кніжку і выплаціць усе сумы грошай, якія яму належаць (у памеры не менш трохразовага сярэднямесячнага заробку).

Падрыхтаваў Раман ХАРЫТОНЧЫК, супрацоўнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння інавацыйнага развіцця сферы культуры Інстытута культуры Беларусі

Працяг тэмы — у бліжэйшых нумарах.