“Дэкарацыя для мары"

№ 46 (1120) 16.11.2013 - 22.11.2013 г

Так, паводле аднаго са сваіх твораў, назвала персанальную выстаўку ў Светлагорскай карціннай галерэі Традыцыя” імя Германа Пранішнікава цудоўная мінская мастачка Алена Шлегель.

/i/content/pi/cult/454/9556/9-2.jpg

Ужо ў самой назве экспазіцыі — прысутнасць пэўнай тэатральнасці. Дэкарацыя можа быць жывапісным або архітэктурным увасабленнем месца дзеяння. Умоўнасць яе ўсе разумеюць. Але ў тым і таямніца таленавітага мастака: надаць уяўнаму адчуванне сапраўднасці. Ды і апісаць мару трэба так, каб яна стала ўвасабленнем рэальнасці, застаючыся ўсё ж сабой.

Пытаюся ў Алены пра тое, чаму менавіта “дэкарацыі для мары”, а не — ілюстрацыі? І чую: “Сярод дэкарацый можна жыць, а сярод ілюстрацый — немагчыма”. Вось так. Мастачка жыве ў тым, што стварае. Можа, таму нічога канчаткова не дапісвае — пакідае гэта рабіць нашым вачам і пачуццям. Няўжо сапраўды ўсё завершана напісанае самазнішчаецца? А гэтыя трапяткія карціны — жывыя, так і хочацца сказаць — самастваральныя. Пазачасавыя, пазапрасторавыя…

Вось і загалоўны твор: “Дэкарацыя для мары”. У дымчата-каляровым паветры, нібыта прывідна, узнікае і знікае палацавая прыгажосць. А побач — выпадкова невыпадковыя рэчы. Шахматныя фігуркі. Каменны, але надзіва празрысты шар, кветкі… І над усім — засяроджаны музыка, які грае на жалейцы сваю мару. Зрэшты, тоеснасць мрояў, казак ды міфаў вельмі натуральна адчуваецца ў кожнай рабоце, фрагментарна сабранай не толькі прадметна, але і каларыстычна. Пры гэтым ніякай рызыкі перанасычанасці, фарбавай стракатасці — цэласная неабмежаванасць. “Сады Семіраміды”, “Атлантыда”, “Дзяды”, “Арыядна і Вакх”… Які прасторавы дыяпазон мрояў мастачкі! Яе “Рукадзельніца” стварае з нітак палатно, а на ім… ажывае горад. Не, бязлюднымі ейныя творы ніяк не назавеш: героі мар мастачкі праступаюць праз час, праз казачнасць прасторы і самі робяцца рэальна нерэальнымі. Яны могуць апынуцца “Паміж двух Месяцаў” або ў “Краіне мрояў”, паблізу “Малочных рэк” і “Жывой вады”. Яны загадваюць “Тры жаданні”, збіраюць казачныя “Калекцыі”. А яшчэ Алена Шлегель стварыла свой маляўнічы “Алфавіт”, які вельмі натуральна пачынаецца з “Апельсіна” і заканчваецца “Яблыкам”. Яе дыптых “Калекцыя” таксама адлюстроўвае толькі тое, што можна асацыятыўна адчуць, а потым паспрабаваць убачыць.

“Я пішу тое, чаго мне не хапае ў жыцці. Але калі бачу, што прадмет пачынае быць пазнавальным, спыняюся і не дапісваю, бо ўвасобленая мара сапраўды перастае быць марай”, — удакладняе Алена. Свой жывапісны стыль яна нечакана называе куртуазным рамантызмам. Такі ветлівы, прыязны рамантызм быў некалі ўласцівы лірыцы заходнееўрапейскага Сярэднявечча, якая ўслаўляла рыцарскі гонар, рыцарскае каханне… Што ж, марам падуладна і гэткае. Асабліва калі яны падмацаваны такім існасным талентам, якім валодае Алена Шлегель.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск