Пошукі Здань-каменя ў сакральным ландшафце

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

Пастаянныя чытачы “К”, пэўна, памятаюць нашы дарожныя нарысы, прывезеныя з экспедыцый этнагістарычнага таварыства “Явар”. Пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Людмілы Дучыц і рэдактара аддзела часопіса “Маладосць” Ірыны Клімковіч сябры “Явара” з 2000 па 2007 год здзейснілі 79 вандровак у пошуках “вясковых святыняў” — камянёў-следавікоў, прошчаў, святых крыніц і гор. Заадно фіксаваліся і іншыя малавядомыя сведчанні мінуўшчыны: драўляныя цэрквы на могілках, усімі забытыя пахаванні, дзе надпісы на камянях і крыжах сталі нечытэльнымі пад уплывам часу, рэшткі панскіх маёнткаў... Сабраныя такім чынам матэрыялы знайшлі адлюстраванне на старонках энцыклапедычнага слоўніка “Беларуская міфалогія”, а зараз рыхтуецца да друку кніга, прысвечаная сакральнаму ландшафту Беларусі. Мы ж прапануем увазе аматараў гісторыі нататкі, зробленыя ў адной з нядаўніх экспедыцый “Явара”.

 /i/content/pi/cult/144/955/Kamenj1.jpg

Ганна Арлоўская паказвае Князь-камень.

... Не спужаўшыся пахаладання і абяцанага сіноптыкамі снегападу, рушым у паездку па Міншчыне. Першы прыпынак робім у Лагойску, каб завітаць да Свята-Мікалаеўскай царквы, што на высокім правым беразе Гайны. Побач з ёй з-пад гары бруіць досыць моцная крыніца. Бачна, што яе тут шануюць: захоўваюць у чысціні, пабудавалі драўляную купальню для прыхаджан.
Пераязджаем у вёску Любча Барысаўскага раёна. Ідзём на могілкі, дзе паміж хвой стаіць ладная драўляная цэркаўка блакітнага колеру. Гэты храм быў адноўлены ў пачатку 1990-х гг. на месцы Ражджаство-Іаана-Прадцечанскай царквы ХІХ ст., знішчанай яшчэ да апошняй вайны. Паблізу могілак ёсць крыніца пад назвай Янаўская.
Спрадвеку на гэтым месцы ладзіліся рэлігійныя святы, жыве традыцыя і цяпер. Больш за тое — адзін з мясцовых жыхароў паведаміў нам, што пры Любчанскай царкве створаны рэабілітацыйны цэнтр для асоб з крымінальным мінулым, якія прынялі праваслаўную веру ў месцах зняволення і сталі на шлях выпраўлення.
На другім канцы вёскі Л.Дучыц дасведчаным вокам археолага пазнае ў малапрыкметных узгорачках колішнія курганы. Паверсе іх у познім Сярэднявеччы былі зроблены новыя пахаванні. Трапілася нам тут і надмагілле ХІХ стагоддзя...
Праз Зембін накіроўваемся ў ваколіцы вёскі Бараўляны, а адтуль — да сяла Смаляры. Тут нас цікавяць тры аб’екты: Святаянская гара, крыніца ля яе падножжа і валун “Здань-камень”. На вяршыні гары да 1940 г. стаяла драўляная скульптура святога Яна ў чалавечы рост, была каплічка. Крыніцу ў народзе лічылі святой і ласкава называлі “Езусік”.
Пра гэтую мясцовасць існавала паданне, сёння амаль забытае. Казалі, нібыта побач з гарой жылі здані, якія выглядалі маладымі прыгожымі жанчынамі. Калі позна вечарам які-небудзь мужык вяртаўся адзін дахаты, дзве здані выходзілі на сцежку, ветліва бралі небараку пад рукі, вялі да чароўнага каменя і клалі на яго. Чалавек адразу ж салодка засынаў аж да самай раніцы. А калі падарожніку даводзілася праходзіць каля блізкага балота, ён раптоўна чуў з розных бакоў іржанне коней і бляянне авечак, імкнуўся на гэтыя гукі і ў выніку блукаў па лесе ўсю ноч....
Ох, няпросты ён, гэты Здань-камень! Схаваўся недзе ад нашых вачэй. Але адна з задач экспедыцыі — вызначыць дакладнае месцазнаходжанне сакральных аб’ектаў.
Падзяляемся на групы, працягваем пошукі. І тут, як наўмысна, пачынаецца завея. Большасць удзельнікаў не вытрымлівае і вяртаецца ў аўтобус. Ды толькі не Людміла Уладзіміраўна. Шматгадовы досвед навукоўцы разам з інтуіцыяй падказваюць ёй новы накірунак. Яна ўпэўнена збочвае са сцежкі — і вось ён, Здань-камень, за нейкіх 150 метраў ад нашага прыпынку! Яго шурпатая паверхня моцна выветраная, пакрытая лішайнікамі. Кажучы прафесійнай мовай геолагаў, гэта ружова-шэры гранітны гнейс, пакінуты скандынаўскім ледавіком каля 200 тысяч гадоў таму.
 /i/content/pi/cult/144/955/Kamenj2.jpg
Іканскія каменныя быкі.

А ва ўрочышчы Тур’і Горы, або Смалярскі Бор, што ля вёскі Бярозаўшчына, нас чакае добра вядомы Князь-камень Бярозаўшчынскі (Барысаўскі). Пра яго запісаны ажно некалькі паданняў. Першае распавядае, што ўладарыў тут некалі злосны князь. Урэшце вычарпалася цярпенне падданых, і людзі праклялі яго. Князь скамянеў, і зямля паглынула яго, наверсе засталася толькі галава. Паводле другога падання, аднойчы на Юр’я на вёску напалі шведы (або туркі) і ўчынілі рабунак. Сяляне схаваліся ў царкве. Ворагі падпалілі хаты і падбеглі да царквы. Выламалі дзверы і бачаць: стаяць людзі, моляцца. Князь, а за ім і салдаты пачалі страляць у абразы. Але ў адно імгненне невядомая сіла адкінула чужынцаў назад. Яны перапужаліся і пабеглі прэч, а тыя, якія стралялі, аслеплі. Сам жа князь ператварыўся ў камень. І, нарэшце, ходзіць пагалоска пра закапаную каля Князь-каменя скрынку з золатам.
Першым звесткі пра гэты валун запісаў у 1893 г. этнограф П.Шэйн. У 1980-х яго даследавалі беларускія навукоўцы В.Вінакураў, Э.Ляўкоў, А.Карабанаў, у выніку чаго Князь-камень быў узяты пад ахову як помнік прыроды.За паўтара кіламетра ад Князь-каменя на ўскрайку лесу знаходзіцца яго, як і Князь-камень “брат” — валун яшчэ большых памераў. Паказала нам яго, як і Князь-камень, тутэйшая старажылка, 70-гадовая Ганна Арлоўская.
І апошні аб’ект нашай непрацяглай з-за кароткага светлавога дня вандроўкі — Іканскія каменныя быкі. Легенда пра іх даволі распаўсюджаная на Беларусі. Паехаў быццам на першы дзень Вялікадня чалавек араць. Жонка прынесла яму абед дый кажа: “Памагай Бог!”. І адразу ж усе скамянелі — мужык, яго жонка, быкі й сабака. Верагодна, калісьці ва ўрочышчы Лужа непадалёк ад вёскі Іканы сапраўды можна было ўбачыць групу з 5-ці камянёў-”персанажаў” гэтай павучальнай показкі.
 /i/content/pi/cult/144/955/Kamenj3.jpg
Здань-камень.
Цяпер жа нам удаецца заўважыць паблізу толькі яшчэ адзін невялічкі камень, мабыць, “сабачку”. Скіроўваем увагу на “быкоў”. Дзве пацямнелыя пад снегам гранітныя камлыгі ляжаць побач, сапраўды нагадваючы валоў на пашы. Сучаснікі бронзавага веку, яны таксама залічаны да помнікаў прыроды. Пра гэта паведамляе чырвоная шыльда ля агароджы, якой клапатліва абнесены “быкі”. Дарэчы, на іх паверхні навукоўцы выявілі рэдкія і рэліктавыя віды імхоў і лішайнікаў.
Што паказалі вынікі гэтай і папярэдніх экспедыцый “Явара”? Беларускі народ моцна трымаецца сваіх спрадвечных традыцый. На месцы разбуранай царквы пры першай жа магчымасці будуецца новая, людзі цікавяцца “святымі” крыніцамі і культавымі камянямі, ходзяць да іх, аберагаюць, нават калі забываюцца легенды і абрады, звязаныя з імі.

Святлана ІШЧАНКА
Мінск — Лагойск —Барысаўскі раён — Мінск
Фота аўтара