“Чытай, мікрараён!”

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

Мы атрымалі ліст, у якім наша чытачка працягвае гаворку, распачатую ў артыкуле “К” “Бібліятэка, якую нельга зачыніць?” (гл. № 43 за 2013 г.).

Звыш дваццаці гадоў я працую на пасадзе загадчыка адной з дзіцячых бібліятэк Светлагорска. Вельмі цікаўлюся падзеямі ў бібліятэчным жыцці, многае з таго, аб чым прачытала, імкнуся скарыстаць у прафесійнай дзейнасці. Неаднаразова дзялілася вопытам работы на старонках розных часопісаў і газет. Але ўпершыню адважылася даслаць на ваш адрас ліст, у якім распавяла аб адным з праектаў нашай бібліятэкі. Гэта мой адказ на пытанне, што ўзнята ў адным з нумароў “Культуры”: “Якой павінна быць бібліятэка, каб яе не закрылі?”.

Як вы мяркуеце, ці можна зрабіць чытачамі насельніцтва асобна ўзятага мікрараёна? Упэўнена, на гэтае пытанне большасць адкажа адмоўна. Супрацоўнікі Дзіцячай бібліятэкі № 6 Светлагорска рызыкнулі вырашыць гэтую складаную задачу. У Кастрычніцкім мікрараёне, на тэрыторыі якога знаходзіцца ўстанова, распачалася рэалізацыя праекта “Чытай, мікрараён!”. Галоўная яго мэта — павелічэнне колькасці карыстальнікаў бібліятэкі і далучэнне новага пакалення да кнігі ды рэгулярнага чытання. Дарэчы, ініцыятыву нашу падтрымалі Дом дзіцячай і юнацкай творчасці “Ювента”, Дыягнастычны цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, гарадская школа № 4 і ўсе дашкольныя ўстановы, якія размешчаны ў мікрараёне. Пачаткам праекта стала арганізацыя ў дзіцячых садках бібліятэчак кніг для дашкалят і выставак-аглядаў улюбёных выданняў дзятвы.

Бібліятэкары таксама распрацавалі змястоўную праграму разнастайных мерапрыемстваў, разлічаных на розныя ўзроставыя групы наведвальнікаў. Так, да прыкладу, для выхаванцаў дзіцячых садкоў і дзяцей-інвалідаў яны правялі экскурсіі па бібліятэцы пад назвай “Кніганавічок і кампанія”. Кожная экскурсія завяршалася інтэрактыўнай гульнёва-пазнаваўчай праграмай, у якой у якасці вядучай выступіла гаворачая лялька, а таксама конкурсам загадак, аглядам вясёлых і цікавых дзіцячых часопісаў ды газет. Працягам праекта стала ўрачыстае пасвячэнне ў чытачы 65 першакласнікаў. Кожны з іх атрымаў памятны медаль з надпісам “Чытач бібліятэкі” і памяткі з парадамі, што датычыліся беражлівага стаўлення да кніг і таго, як належыць паводзіць сябе ў бібліятэцы.

Актыўнымі ўдзельнікамі праекта сталі навучэнкі старэйшых класаў. Дзевяцікласніцы з задавальненнем прынялі прапанову стаць “бібліятэкарам на гадзіну”. Яны паспрабавалі сябе ў якасці работнікаў абанемента, чытальнай залы. Як і сапраўдныя бібліятэкары, дзяўчаты абслугоўвалі наведвальнікаў рознага ўзросту, праводзілі агляды кніжных выставак “Апетытнае кнігачытанне”, “Час чытаць на роднай мове” , “Вясёлы кнігавоз”, “Забытыя кнігі жадаюць пазнаёміцца”, рэкламавалі новыя выданні з “Куфэрка непрачытаных кніг”. Асаблівую цікавасць у школьнікаў выклікала экспазіцыя кніг-доўгажыхароў “Скарбы нашай бібліятэкі”, дзе былі прадстаўлены амаль сорак выданняў на беларускай і рускай мовах 40 — 50 гг. мінулага стагоддзя.

Ахвотныя абменьваліся на абанеменце асабістымі выданнямі ў кніжным free-маркеце. Падлеткі з азартам “таргаваліся” на выстаўцы-кірмашы “Кнігі вельмі добрыя я чытаю ад душы”, а той, хто выканаў адпаведнае заданне па маршрутным лісце, атрымліваў магчымасць узяць дадому з выстаўкі “Прышчэпка да чытання” кнігу павышанага попыту. Шмат цікаўных атрымалі першыя ўрокі па рамонце кніг пад час майстар-класа “Кнігам — другое жыццё”.

Першы этап праекта завяршыўся прабегам бібліяролераў, у час якога навучэнцы 7 — 11 класаў, раз’язджаючы на ролікавых каньках па гарадскіх вуліцах, прапаноўвалі прахожым лістоўкі з запрашэннем наведаць бібліятэку, яе адрасам, кантактным тэлефонам. Другі этап прадугледжвае разнастайныя мерапрыемствы па далучэнні да кнігі і чытання бацькоў, настаўнікаў ды навучэнцаў старэйшых класаў.

Вольга КЛІМЯНОК, загадчык Дзіцячай бібліятэкі № 6 Светлагорска