Вясковыя Каляды пад раяль

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

Гэтымі святочнымі студзеньскімі днямі няўрымслівыя культасветработнікі Аршаншчыны падводзяць рахункі года мінулага, распачынаюць ажыццяўленне прыярытэтных раённых праграм па развіцці сферы ў горадзе і ў вёсцы.

“Будуем, рамантуем, эканомім”
Пра сённяшні клопат работнікаў культуры гэтага куточка Віцебшчыны распавядае карэспандэнту “К” намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Уладзімір ХУЦКІ:— Летась на развіццё культурнай сферы з бюджэту было ўкладзена 1,8 мільярда рублёў. Яны выкарыстаны і на папаўненне кніжнага фонду сельскіх бібліятэк, і на падтрымку клубаў. Словам, папрацаваць давялося ад душы. Я асабіста задаволены дзейнасцю работнікаў культуры Аршаншчыны. А іх у нас 293, і кожны спецыяліст імкнецца апраўдаць высокае званне носьбіта нацыянальнай культуры.
 /i/content/pi/cult/144/954/Kult-2-1.jpg

Аграгарадок “Межава”.

Гэта не проста спецыялісты— гэта адзіная, з’яднаная духам асветніцтва сям’я. І вялікая заслуга тут начальніка аддзела культуры Святланы Чобат. Вельмі энергічная і ініцыятыўная. Таму і справы рухаюцца.
— Укладанні ў культуру, Уладзімір Дзмітрыевіч, больш чым унушальныя. А як, у адказ, зарабляюць самі бібліятэкары, клубнікі і музейшчыкі?
— Як і паўсюль на Беларусі, развіваем платныя паслугі. За кошт іх прадастаўлення бібліятэкі і клубы раёна зарабілі за год каля 68,5 мільёнаў рублёў.
— У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сёлетнія рэспубліканскія Дажынкі пройдуць у Оршы. Па традыцыі, гэтае свята дапамагае вырашаць рэспубліцы праграму развіцця і добраўпарадкавання нашых малых і сярэдніх гарадоў і мястэчак. Як зменіцца Орша?
— Натуральна, станоўчыя змены проста непазбежныя! Госці нашага горада ўжо не здзіўляюцца, што на многіх вуліцах мяняецца пакрыццё дарог, вядзецца мэтанакіраванае добраўпарадкаванне. Аблічча старажытнай Оршы паступова набывае сучаснае аздабленне... Шмат робіць арганізацыйны камітэт Дажынак, старшынёй якога з’яўляецца Іван Бамбіза. Безумоўна, у аргкамітэт увайшоў і старшыня Аршанскага райвыканкама Уладзімір Дзедушкін. Дапамога ад дзяржавы — унушальная, але многае раён бярэ і на сябе.
— А як зменяцца да Дажынак вёскі Аршаншчыны?
— 745 мільёнаў рублёў будзе выдаткавана на рамонт клубных устаноў. 6 новых сцэнічных пляцовак будуць адкрыты ў вёсках Лісуны, Вусце, Зубава, Смальяны, Межава і Арэхаўск. Многае ўжо зроблена з дапамогай гаспадарак і спонсарскіх сродкаў,якія мы шукалі самастойна. Да прыкладу, у Копысі на рамонт клуба выкарыстана 900 мільёнаў рублёў. Якасна адрамантаваны Дом культуры ў вёсцы Вусце — капіталаўкладанні прыкладна такія ж, як і ў Копысі. У свой час тут узвялі не клубы — палацы! Таму давядзенне іх да ладу — справа не з лёгкіх. Але ўзнаўленне іх лічым абавязковым. Людзі на нашай зямлі заможныя, і адпачываць павінны адпаведна — паўнацэнна і прыгожа. Пераканаецеся ў гэтым, калі пабачыце аграгарадок “Межава”. Аздабленне і рамонт мясцовага Дома культуры таксама абышліся амаль у мільярд. І гэтыя грошы — не страчаны, не закапаны ў зямлю, — яны працуюць і абарочваюцца штодзённым духоўным прыбыткам.
— Але, тым не менш, укладанне ў культуру хацелася б штогод павялічваць?
 /i/content/pi/cult/144/954/Kult-2-4.jpg
Сельскі Дом культуры.

— Безумоўна! Сцэнічныя касцюмы, апаратура для дыскатэк і ансамбляў каштуюць цяпер не танна. Але колькі ні каштавала б, мы хочам, каб у самых аддаленых установах культуры было суперсучаснае, скажам так, змесціва: абсталяванне і нават крэслы. Імкнёмся не адстаць ад іншых раёнаў і ў рэгулярным папаўненні кніжных фондаў нашых бібліятэк. Удасканальваем і музейную справу. Летась, да прыкладу, у Ляўках, дзе знаходзіцца цудоўны музей Янкі Купалы, правялі унікальнае свята з нагоды юбілею Песняра. Выступалі не толькі лепшыя паэты Беларусі, але і нашы самадзейныя калектывы, ладзіўся шыкоўны кірмаш...
— Наколькі ведаю, Уладзімір Дзмітрыевіч, вы ўзначальваеце раённую энергазберагаючую камісію. Як у гэтым кірунку ідуць справы ва ўстановах культуры?
— У гэтыя навагоднія дні, здавалася б, і не выпадае гаварыць пра эканомію святла, калі і гірлянды на ёлках гараць, і святочная падсветка наладжана... Але святы мінаюць, а будні дыктуюць палітыку зберажэння электраэнергіі і цяпла. І ў горадзе, і ў вёсцы робіцца для гэтага шмат. БелДРЭС пераведзена на мясцовыя віды паліва — працуе на трэсках і торфе, эканомія ад гэтага — досыць значная, дый навакольнае асяроддзе не забруджваецца, бо паветра ад адходаў абараняюць найновыя тэхналогіі... Калі казаць канкрэтней пра ажыццяўленне Дырэктывы № 3 у сферы вясковай культуры, дык на дровы пераводзіцца ацяпленне ў вёсках Высокае, Смальяны, Міцькаўшчына, Межава і Крапіўна. Ды і ў іншых вясковых бібліятэках і клубах цеплааддача рэгулюецца.
 /i/content/pi/cult/144/954/Kult-2-5.jpg
Ансамбль “Родныя напевы”.

— Пытанне экалагічнага кшталту: ці не высякаюцца дзеля паліва спелыя ды прыгожыя дрэвы? Мне расказвалі, што ў ваенны час людзі вымушаны былі нішчыць на дровы стогадовыя бярозы ўзбоч Кацярынінскага тракту. А бяроза ж п’е шмат, “сушыць” дарогі. Ці няма і цяпер у вашых старасвецкіх парках і шыкоўных лясах нечаканых пнёў?
— Эканамічная палітыка, на мой погляд, наўпрост звязана з праграмай экалагічнай. Таму на паліва высякаецца толькі сухастой. Парушэнне гэтага правіла караецца ў раёне абавязковым штрафам.
— Якія кірункі развіцця раённай культуры лічыце для сябе генеральнымі?
— Хацелася б, як ужо казаў, набыць для кожнага вясковага клуба сучасную апаратуру. У полі зроку трымаем кадравыя пытанні. Зусім нядаўна ў райбібліятэку прыехалі два маладыя спецыялісты... Дарэчы, райбібліятэка пераехала з Балбасава ў Бабінічы, у адрамантаваны будынак былой “Сельгасхіміі”... Дык вось, нам трэба больш удумліва займацца ўладкаваннем новых кадраў, іх трывалым замацаваннем на нашай Аршанскай зямлі. Планавае павышэнне прафесійнай кваліфікацыі работнікаў культуры — таксама адзін з першарадных кірункаў нашай дзейнасці.
— Выпадкова пачула, што ў вёсцы пад Оршай лазня не працуе. Няўжо яе, Уладзімір Дзмітрыевіч, не адрамантуюць?
— Безумоўна, лёгкую пару вяскоўцам забяспечым! 

Межаўскія прыярытэты
Разам з начальнікам аддзела культуры Аршанскага райвыканкама Святланай Чобат накіроўваемся ў аграгарадок “Межава”, даволі вялікі і прыгожы.

 /i/content/pi/cult/144/954/Kult-2-2.jpg

Начальнік аддзела культуры Аршанскага раёна

Святлана Чобат.
Нас сустракае царква Прападобнага Серафіма Сароўскага. Побач з ёй — старадаўні каменны Крыж. Ягоная гісторыя не вядома. Былы кіраўнік мясцовай гаспадаркі прывёз гэты каменны цуд здалёк — разам з бацькам знайшоў у адным з азёраў.
Мясцовы святар прапанаваў уладкаваць Крыж перад храмам. І вясковае ўпрыгожанне, і надзейны абярэг.
Мясцовы айцец Аляксандр цікавіцца гісторыяй. Дапамагае вяскоўцам не толькі спавядацца перад Нараджэннем Хрыстовым, але і любіць, ведаць родны край. З дзецьмі ходзіць у паходы, актыўна прапагандуе мясцовую гісторыю.
— А рэгент храма, — дадае Святлана Анатольеўна, — спявае і ў народнай вакальнай групе “Родныя напевы”. Адзін з самых цудоўных нашых калектываў, многія выкладчыкі музычнай школы ўваходзяць у ягоны склад.
Дом культуры ў Межаве радуе вока еўрарамонтам. Многае тут зроблена і ўласнымі рукамі. Да прыкладу, унутраныя інтэр’еры распісалі клубныя супрацоўніцы.
А ў невялічкай зале мясцовай музычнай школы — шыкоўны чорны канцэртны раяль. Упершыню сустракаю такі цудоўны інструмент у сельскім Доме культуры.
— Ён у нас яшчэ з савецкіх часін, — паведамляе дырэктар школы Вольга Катановіч, — але настроены прафесійна і гучыць як мае быць! Нашы мальцы вучацца на ім іграць рамансы і мазуркі, класічную і сучасную музыку.
Калядная праграма не толькі з раялем. Гучаць акардэон, баян, гармонік, гітара. Па словах Вольгі Анатольеўны, хутка з’явіцца ў школе і скрыпка, адкрыецца і духавое аддзяленне. У юных музыкантаў ёсць і першыя поспехі. Вучаніца 3-га класа, піяністка Люба Церахава прывезла з музычнага конкурсу, што праходзіў у Мінску, свой першы дыплом.
Вольга Катановіч прыехала сюды маладым спецыялістам. Скончыла музычнае вучылішча, потым — педінстытут. На сёння яна лічыцца самым дасведчаным музычным педагогам.
 /i/content/pi/cult/144/954/Kult-2-3.jpg
Дырэктар Межаўскай музычнай школы
Вольга Катановіч.

Гэта яна гаспадыня шыкоўнага раяля.
Святочным клопатам жыве і раённы метадычны цэнтр. Яго дырэктар Лідзія Захарэнка распавядае пра тое, што Каляды ў кожнай вёсцы спрадвек праводзяцца на Аршаншчыне па адмысловых сцэнарыях, складзеных на мясцовым народным фальклоры. Калядныя песні сабраны ў час навуковых экспедыцый.
— У кожнай вёсцы — свае абрады, — удакладняе рэжысёр тэатралізаваных прадстаўленняў Лілія Кухарэнка, — таму ніколі не навязваем вясковым культасветработнікам чужых калядных версій, захоўваем індывідуальнасць кожнага рэгіёна...
І ў ДК, і ў музычнай школе, дый у кожнай установе — свая адметная праграма мерапрыемстваў, і ўсе ролі распісаны. Воля Белавусава і Поля Есяневіч выканаюць “Кумпарсіту”, Настасся Волкава — “Сальфеджыо” Баха, а Улад Багадзевіч і Марына Тарасенка — звычайны рок-н-рол... Амаль увесь студзень у вяскоўцаў — спрэс весялосць.Таму работнікам культуры не да адпачынку. 

Вучацца самі, вучаць маладых
У сваёй шматграннай дзейнасці начальнік аддзела культуры Аршанскага райвыканкама Святлана ЧОБАТ вылучае некалькі асноўных кірункаў:
— Перш за ўсё — гэта вучоба кадраў. Прыехаў да нас малады спецыяліст — адразу пачынаем з ім працаваць, не пакідаем “тэарэтыкаў” варыцца ва ўласным соку.
Няма практыкі — навучымся разам. У полі зроку і тыя, у каго пакуль няма адукацыі. Праводзім выязныя семінары там, дзе ёсць напрацаваны карысны досвед. І яшчэ адно старое правіла: раз у два тыдні выклікаем культасветнікаў у раён і вучым працаваць.
 /i/content/pi/cult/144/954/Kult-2-6.jpg

Першы клас музычнай школы ў Межаве.

Натуральна, вучымся пры гэтым і самі. Літаральна днямі ў раёне прайшоў семінар аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах на базе Ларынаўскага дома культуры, які прадстаўляў клуб кветкаводаў. Абагульненне досведу — таксама кірунак нашай дзейнасці. Наступны — навуковае вывучэнне этнаграфіі і фальклору Аршаншчыны. І, натуральна, робім усё для таго, каб адпачынак нашых землякоў быў насычаны і паўнацэнны, скіраваны на рознаўзроставыя групы насельніцтва.
Для гэтага метадычную дапамогу аказваем самым аддаленым клубам маланаселеных паселішчаў. Але спачатку карпатліва вывучаем, дзе чаго не стае: адпачынку пазнаваўчага ці забаўляльнага...
Як я даведалася, у раёне — 12 калектываў са званнем “народны”. Вакол іх і будуецца асноўная канцэртная дзейнасць. Да самадзейных артыстаў Аршаншчыны пастаянна прыязджаюць прафесійныя калегі: хор імя Цітовіча, салісты Брэсцкай філармоніі, казацкі ансамбль са Стаўрапольшчыны. Словам, творчыя стасункі самыя шчыльныя і ўзаемакарысныя. 

Па маршрутах бібліобуса
Гэтая мабільная бібліятэка — надта папулярная ў мясцовых вёсачках. Сабрала яна па раёне 260 чытачоў з Новага Сяла, Шэмперава, з Козечак, Чаркасава, Зарэчча, Дуброўкі, Стаўбуноў... Дырэктар Межаўскай бібліятэкі Раіса Шакуціна не сумняваецца ў важнасці мабільнага абслугоўвання. А Святлана Чобат паведамляе, што да Каляд бібліобус даставіў у Межава камп’ютэр для бібліятэкі. Дырэктар Межаўскага СДК Лідзія Мікуліч даўно яго чакала.
Пры Межаўскай бібліятэцы, дзе аж 900 чытачоў, актыўна дзейнічае аматарскае аб’яднанне “Спадчына”. Натуральна, цяпер рыхтуецца да старога Новага года. Заходзіць сюды і айцец Аляксандр, які традыцыйна на святы выступае перад маладзёжнай аўдыторыяй. Дый ёсць пра што святару пагаварыць з вясковай моладдзю: зусім нядаўна талакой навялі парадак у напаўразбураным храме, які запланавалі ўзнавіць. Значыць, праз час з’явіцца ў Межаве яшчэ адна царква.
Бібліобус рушыць наперад. Шкада, што не здолелі зайсці ў райбібліятэку. Яна якраз перабіралася з Болбасава ў новы будынак у вёсцы Бабінічы. Яшчэ адзін падарунак да калядных святаў. Сюды павінен пераехаць і Дом рамёстваў. З новым абсталяваннем, як паведамляе Святлана Чобат, дапамагае старшыня райвыканкама Уладзімір Дзедушкін. Заклапочаны ён і лёсам дробных бібліятэк. Дапамагаюць таксама і абласны аддзел культуры, і Міністэрства культуры. Толькі напрыканцы года перавялі 9 млн. руб. на абнаўленне бібліятэчнага абсталявання. 

Досведам зацікавілася вобласць
— Які досвед, Святлана Анатольеўна, назапашаны ў цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме?
— Досвед дзейнасці аматарскіх аб’яднанняў, які зацікавіў нават вобласць. Да прыкладу, аматарскае аб’яднанне Дачненскай сельскай бібліятэкі “Пралеска” працуе творча амаль 20 гадоў. Тут і спяваюць, і збіраюць фальклор, і ладзяць народныя святы. Удзельнікі“Пралескі” на абласным конкурсе ў Віцебску адзначаны як лепшыя.
— А вось у вёсцы Вусце, — дадае дырэктар ЦБС Наталля САЕНКА,— аб’яднанне назвалі “Жаночыя сакрэты”. Тут сямейнымі пытаннямі займаюцца.
Словам, у кожнай суполкі — свае мэты і задачы. Многія аб’яднанні — народныя. Мы завіталі ў госці да сяброў аматарскага аб’яднання “Натхненне”, якое стварыла Марына Мароз. Сабрала людзей — аматараў рамёстваў. Цяпер тут развіваецца традыцыйнае мастацтва: разьба па дрэве, саломкапляценне, вязанне кручком... Гэта таксама народны калектыў. На Каляды “Натхненне” зладзіла ў роднай вёсцы святочны кірмаш. На ім прадстаўлены і вырабы дзіцячай студыі выяўленчага мастацтва “Жывапіс” Дома рамёстваў. Як паведаміла кіраўнік ізастудыі Марына Хмарская, гэта аб’ёмная вышыўка атласнымі стужкамі — вельмі модная і прыгожая.

Вольга ЯГОРАВА,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Орша —Межава — Мінск
Фота аўтара