Культурны твітар: мы ў свеце

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

Беларуская культура за мяжой

Венгрыя

У Венгерскім дзяржаўным саюзе журналістаў адкрылася выстаўка беларускага мастацтва. У экспазіцыі прадстаўлены тры розныя жанры: праект “Культурны плакат” Уладзіміра Цэслера, графіка выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і малюнкі дзяцей — прызёраў міжнароднага конкурсу “Вясёлка”, які кожныя два гады праводзіцца ў венгерскім горадзе Занка.

Расія

Маладзёжны беларуска-расійскі сімфанічны аркестр завяршыў гастрольны сезон выступленнем у Калузе. Арганізатарамі канцэртнага тура сталі Беларуская дзяржаўная філармонія і маскоўскі Цэнтр міжнародных конкурсаў. Кіруюць калектывам дырыжоры з Беларусі і Расіі: Андрэй Галанаў і Вячаслаў Валееў. Таксама сёлета аркестр даў канцэрты ў Мінску, Кембрыджы і Лондане.

Нацыянальны культурны цэнтр беларусаў “Бацькаўшчына” прыняў удзел у VIII Штогадовым Курганскім гарадскім фестывалі нацыянальных культур “Вянок дружбы”. На сцэне Палаца дзіцячай (юнацкай) творчасці горада Кургана адбыўся гала-канцэрт, дзе былі выкананы песні і танцы народаў, якія пражываюць у Заураллі.

Кітай

Пасольства Беларусі прадставіла свой павільён на дабрачынным кірмашы, што адбыўся ў пекінскім парку “Чаоян”. Каля павільёна быў зладжаны майстар-клас па вязанні. Госці кірмашу маглі на свае вочы ўбачыць, як беларускія майстрыхі ствараюць сапраўдныя творы мастацтва, а таксама набыць прадметы рукадзелля. Атрыманыя ад продажу тавараў сродкі пойдуць на будаўніцтва рэзервуараў для вады ў пацярпелых ад землятрусу раёнах правінцыі Юньнань.

Літва

Адкрыццё выстаўкі “Максiм Танк. Гартаючы жыцця свайго старонкi...”, а таксама фота-пленэру, прысвечанага жыццю і творчасці беларускага паэта, адбылося ў Доме-музеі сям’і Венцлава ў Вільні. На адкрыцці выступілі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч. На вернісажы таксама прысутнічалі прадстаўнікі грамадска-культурных колаў Літвы, беларускай дыяспары.