Беларуская Мельпамена скарыла Украіну

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

Два беларускія тэатры — сталічны і маладзечанскі — сабралі мноства прызоў, уключаючы Гран-пры, на VІІ Тэатральным фестывалі Міжнароднага чарнаморскага клуба “Homo ludens” (“Чалавек, які іграе”), што прайшоў у кастрычніку ў Нікалаеве (Украіна).

Адна з журналісцкіх публікацый, прысвечаных фестывалю, так і называлася: “Нікалаеўскі трыумф артыстаў з Беларусі”. Галоўны поспех прыпаў на долю Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Яго спектакль “Адвечная песня” ў пастаноўцы Сяргея Кавальчыка, які мы ўспрымаем ужо як сучасную нацыянальную класіку і адно з лепшых увасабленняў купалаўскай творчасці, атрымаў Гран-пры. Асабліва прыемна, што наконт гэтага супалі рашэнні абодвух журы — асноўнага і альтэрнатыўнага (журналісцкага). Акрамя таго, пераможцам у намінацыі “Лепшая жаночая роля другога плана” была прызнана, на думку асноўнага журы, Бэла Шпінер (Восень). Удзельнікі спектакля атрымалі таксама дыплом “За лепшы акцёрскі ансамбль” ад альтэрнатыўнага журы. Нашай фольк-рок-оперы была прысвечана падрабязная, вельмі разгорнутая інтэрнэт-рэцэнзія (а не сціслая фотасправаздача, заўважым, як гэта бывае на падобных форумах у нас).

Мінскі абласны драматычны тэатр вазіў у Нікалаеў сваю не менш легендарную “Камедыю” — і не менш паспяхова. У спектаклі былі адзначаны ледзь не ўсе выканаўцы. Абодва журы прызналі, што “Лепшая мужчынская роля” атрымалася ў Аляксандра Пашкевіча, які іграў Селяніна. Асноўнае журы ўзнагародзіла таксама Сяргея Карзая (Давід) — за “Лепшую мужчынскую ролю другога плана”. У сваю чаргу, альтэрнатыўнае журы назвала Алега Чэчанева (Чорт) “Улюбёнцам публікі”.

— Паездка ў Нікалаеў, — распавёў дырэктар Мінскага абласнога драматычнага тэатра Юрый Крывенькі, — была ўжо не першай нашай вандроўкай ва Украіну. Летась мы, як і мазырскі тэатр імя Мележа, ездзілі ў Нежын — на VIII Міжнародны тэатральны фестываль жаночай творчасці імя Марыі Занькавецкай. І разам з прызам “За лепшы жаночы акцёрскі дуэт” у пастаноўцы “Шукаю сапраўднага мужчыну” прывезлі шмат іншых запрашэнняў. Адно з іх і было рэалізавана зараз. Дарэчы, на фестываль “Homo ludens” нас паклікалі і на наступны год. Ёсць прапановы і з Кіева. Але на цяперашнім этапе самае галоўнае для нас — добра падрыхтавацца да Міжнароднага фестывалю нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску, які пройдзе ў снежні. Мы павязём туды спектакль “Падобны на Стынга” Ірыны Пісьменнай у пастаноўцы мастацкага кіраўніка нашага тэатра Мікалая Дзіянава…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"