“Моладзь за бяспеку”

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

Чарговы “дзень нараджэння” адзначыла ў кастрычніку Беларуская маладзёжная грамадская арганізацыя ратавальнікаў-пажарных (БМГАРП). Сёлета ў гонар свята прайшла двухтыднёвая акцыя “Моладзь за бяспеку”, якая праводзілася ў тры этапы.

На першым этапе акцыя праходзіла ў агульнаадукацыйных установах, сацыяльных прытулках, дамах-інтэрнатах. Мерапрыемствы ў школах пачыналіся з прэзентацыі арганізацыі. Тым, хто ўступіў у БМГАРП, урачыста ўручалі членскія білеты. Дзятва ўдзельнічала ў конкурсах ды віктарынах. Таксама дэманстраваліся тэматычныя відэафільмы і творчыя нумары. Другі этап праходзіў у дамах шматдзетных сем’яў, ветэранаў ВАВ, пенсіянераў, што жывуць адны, інвалідаў. Этап уяўляў з сябе аказанне шэфскай дабрачыннай дапамогі. Супрацоўнікі МНС разам з актывістамі БМГАРП дапамагалі ў побытавых пытаннях: устаноўка аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, уборка тэрыторыі і г.д. Фінальнае ж мерапрыемства — канцэртная праграма — адбылося ў буйным гандлёвым цэнтры.

Аднак акцыя “Моладзь за бяспеку” — гэта ўсяго толькі невялікая частка таго, чым жыве арганізацыя. Штогод пад эгідай БМГАРП праходзіць мноства прафілактычных, навучальных, спаборніцкіх і забаўляльных мерапрыемстваў, непасрэднымі ўдзельнікамі якіх становяцца юныя ратавальнікі. Сёння ні адно значнае мерапрыемства як у абласных цэнтрах, так і ў рэспубліцы не абыходзіцца без БМГАРП — ці гэта свята горада, шанаванне ветэранаў або свята для навучэнцаў, ці гэта розныя канцэртныя праграмы, грамадскія мерапрыемствы прафілактычнай скіраванасці.

Вельмі высокі аўтарытэт арганізацыі і ў дзяржаўных структур — органаў улады, іншых грамадскіх арганізацый. Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры штогод ладзяцца рэспубліканскія мерапрыемствы і акцыі, скіраваныя на прапаганду прафесіі ратавальніка-пажарнага, навучанне насельніцтва ды працуючых, дзяцей і моладзі асновам бяспекі жыццядзейнасці, папулярызацыю БМГАРП і прыцягненне ў арганізацыю хлопчыкаў і дзяўчынак.

Адзін з важных кірункаў дзейнасці БМГАРП — пажарна-выратавальны спорт. Беларускія хлопцы неаднаразова станавіліся прызёрамі розных чэмпіянатаў і ўдзельнічалі ў міжнародных першынствах.

Супрацоўніцтву моладзі розных дзяржаў у галіне бяспекі жыццядзейнасці сёння аказваецца ўсялякая падтрымка і садзейнічанне. Менавіта з гэтай мэтай колькі гадоў таму была створана Міжнародная асацыяцыя маладзёжных грамадскіх арганізацый пажарных-ратавальнікаў, у якую ўваходзяць БМГАРП, Усерасійскі дзіцяча-юначы рух “Школа бяспекі”, Усеўкраінскі рух “Школа бяспекі”, грамадскія арганізацыі юных ратавальнікаў Латвіі, Літвы і Польшчы.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС Мінска