Акцэнты Крупак

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

Галоўнае багацце Крупскага раёна — людзі не застаюцца па-за ўвагай. Тут — 25 клубных устаноў, краязнаўчы музей, мастацкая галерэя, школа мастацтваў, Дом рамёстваў, бібліятэкі. Культурную місію ажыццяўляюць 217 работнікаў галіны. Адна з працоўных паездак міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова нядаўна адбылася менавіта ў Крупкі.

/i/content/pi/cult/453/9522/12-1.jpg

Старшыня Крупскага райвыканкама Ігар Часнок, энергічны і дзелавы гаспадар раёна, выказаўшы падзяку за візіт, адразу звярнуўся з просьбай дапамагчы правесці ў Крупках пленэр скульптараў:

— У нас шмат камянёў — выдатнага матэрыялу для скульптара. У гарадскім парку мы хочам стварыць алею скульптур. На дапамогу прафесіяналаў не разлічваем з эканамічнага пункта гледжання, а калі б студэнты Акадэміі мастацтваў змаглі прыехаць да нас на практыку...

(У працэсе сустрэчы адбылася тэлефонная размова міністра з рэктарам Акадэміі мастацтваў Міхаілам Баразной, вынікам якой стала дамоўленасць аб правядзенні вясной наступнага года ў Крупках фестывалю-пленэру для студэнтаў — будучых скульптараў.)

На сустрэчу з міністрам прыйшлі кіраўнікі розных устаноў культуры раёна: дырэктар краязнаўчага музея Тамара Бальбот, кіраўнік ЦБС Наталля Купрыянава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Дамаронак і яе намеснік Таццяна Мельнік, дырэктар Дзіцячай школы мастацтваў Міхаіл Несцярчык, дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Сухаплюева, а таксама намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Святлана Баранок, і намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вараб’ёў.

Крупскі раён багаты на культурныя традыцыі. У год Кнігі ў Халопенічах, радзіме бацькі Максіма Багдановіча — Адама Ягоравіча, прайшло свята паэзіі. Памежны фестываль эстраднай рэтра-песні “Залатая мелодыя” праводзіўся на мяжы трох абласцей: Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай.

Міністр культуры прапанаваў:

— Кожны раён мае сваю “візітоўку”. Я думаю, трэба ісці ад асобы. У Беларусі — трое касманаўтаў. Адзін з іх — ураджэнец Крупскага раёна Уладзімір Кавалёнак. Можа, стварыць фестываль песні пад назвай “Зямля ў ілюмінатары”? І — праводзіць яго на мяжы трох абласцей, — прапанова міністра культуры была выслухана з цікавасцю.

Дырэктар краязнаўчага музея Тамара Бальбот распавяла пра музейную калекцыю:

— У нас — 9 500 экспанатаў, амаль усе яны падораны жыхарамі раёна. Толькі тры экспанаты набыты за грошы…

Экспазіцыя музея ўяўляе цікавасць. Па ўнікальнасці некаторых экспанатаў ён можа паспаборнічаць са сталічнымі. У асаблівым раздзеле прадстаўлены лётны касцюм земляка, двойчы Героя Савецкага Саюза, касманаўта Уладзіміра Кавалёнка. І не толькі: тут нават цюбікі з касмічнай ежай ды іншыя атрыбуты касмічных палётаў.

У асобнай зале ўстановы — выстаўка калекцыянера, патомнага казака Ігара Бабіцкага “Беларусь. Салдаты Перамогі”. На выстаўцы дэманструецца салдацкая амуніцыя розных родаў войскаў, пілоткі, фуражкі, плакаты, ордэны і медалі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

— Марым стварыць міні-планетарый, — дырэктар музея распавядае пра свае планы. — Вядзём летапіс — паданне аб зямлі Крупскай ад старажытных часоў да нашых дзён...

У бліжэйшы час раённая бібліятэка пераедзе ў новы адрамантаваны будынак. Наталля Купрыянава задаволена: і кнігам, і чытачам будзе ўтульна.

Мінск — Крупскі раён — Мінск

На здымку (справа — налева): Барыс Святлоў, Святлана Баранок, Андрэй Вараб’ёў і Алена Дамаронак.

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф