Спадчына Віктара Барабанцава

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

Багаты скарб пакінуў мастак Віктар Барабанцаў, да шасцідзесяцігадовага юбілею якога адкрылася выстаўка ў галерэі “Палац мастацтва”. Лаўрэат Нацыянальнай прэміі “За духоўнае адраджэнне”, ён вядомы як манументаліст, яго роспісы і мазаікі ўпрыгожваюць цэрквы і адміністратыўныя будынкі ў гарадах нашай краіны. У гэтай экспазіцыі пад назвай “Спадчына” майстар прадставіў гледачам творы станковага жывапісу: пейзажы гарадскія і вясковыя, сімвалічныя палотны, прысвечаныя Чарнобыльскай трагедыі, і незвычайную разнастайнасць партрэтаў.

 /i/content/pi/cult/144/952/Barabancau.jpg

В.Барабанцаў. “Каляды. Заслаўе”.

Народны мастак Беларусі Гаўрыла Вашчанка, які вучыў Віктара Кірылавіча ў Акадэміі мастацтваў у канцы 70-х, адзначыў галоўнае яго дасягненне: “Барабанцаў развіў жанр партрэта, запоўніў прабел, які стварыўся ў апошнія гады ў беларускім мастацтве. Асветнікі даўніх часоў, вядомыя сёння пісьменнікі, кампазітары, мастакі і іншыя творчыя людзі засталіся на яго палотнах.
Яму патрэбна сказаць вялікі дзякуй за адданасць Радзіме, беларускай культуры”.
“Сустрэча сяброў у Баярах” — групавы партрэт пецярых мужчын, якія сабраліся адзначыць нейкае свята за населеным цэнтрам. У гарэзліва недакладных тварах — рэалізм, непрыхаваная іронія, вясёлы хітраваты позірк аўтара, які сам з народу і не адыходзіць ад яго, нягледзячы на жыццё ў культурным цэнтры Беларусі.
Прыцягваюць ўвагу партрэты і стомленага рыбака з абветранай скурай, і рамантычнай студэнткі Алены, і Еўфрасінні Полацкай. (Дарэчы, апошняй работай мастак займаўся каля месяца; ён праводзіў дні ў Полацкім манастыры і пісаў з мадэлі, выбраўшы маладую манашку, падобную да Асветніцы.) Адметнай рысай усіх яго партрэтаў з’яўляецца ўнутраны спакой герояў, іх задуменнасць, а таксама неаднародны фон за імі, які ўяўляе сабой адлюстраванне кавалачкаў розных мясцін, рэчаў, з якімі звязана дзейнасць гэтых людзей.
Мастак працуе ў традыцыйным рэалістычным накірунку, незаўважныя шырокія мазкі робяць яго пейзажы статычнымі, ціхімі. Каларыт твораў зменлівы, часта сустракаюцца халодныя марозна-сінія фарбы, якія даюць адчуванне бадзёрасці і чысціні, і прыглушаныя шэрыя, карычневыя тоны. “Вечар на возеры Свіслач”, на мой погляд, адно з самых паспяховых колеравых рашэнняў Віктара Барабанцава. Мяккія, лірычныя, чысцюткія колеры плаўна, вельмі гарманічна пераходзяць адзін у другі, і гэта дае своеасаблівую асалоду вачам.
У экспазіцыі прадстаўлены і цыкл карцін, прысвечаны Чарнобыльскай аварыі. Мастак адзін з першых прыняў удзел у паездках па страшных месцах, рабіў там эскізы, якія пасля выліліся ў экспрэсіўныя палотны, што выбіваюцца з усяго яго творчага здабытку.
Бусел — сімвал Беларусі, — стаіць у гняздзе над мёртвым бусляняткам, якое толькі вылупілася, распяцце, на якім — Хрыстос з адсечанай рукой, забіты дошкамі калодзеж, унізе ўсюды — чартапалох, а ўверсе — чорнае-чорнае неба з водбліскамі. Цыкл гэты з’яўляецца зборам самых эмацыянальных карцін Віктара Барабанцава.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ