Гальшаны ў тэатры!

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Прэм'ера
9 — 10 лістапада Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр запрашае на прэм’еру доўгачаканага мюзікла Уладзіміра Кандрусевіча “Соф’я Гальшанская”.

Кампазітар прапанаваў свой твор некалькі гадоў таму, але ўсё штосьці не складалася. Публіка пазнаёмілася хіба з песняй “Белая ластаўка”, бо тая зажыла сваім уласным жыццём і прынесла перамогу Алене Ланской на колішнім “Славянскім базары ў Віцебску”. Пазней Кандрусевіч прыносіў свой клавір і ў наш Вялікі тэатр, але ў выніку спектакль быў прыняты да пастаноўкі ў Музычным. З таго часу ў нотах і асабліва ў літаратурным тэксце, над якім адно за адным пачыналі працаваць пяць лібрэтыстаў, шмат чаго змянілася: твор рэдагаваўся.

Але ж ці не прывучаны нашы кампазітары да падобных перыпетый? Дастаткова ўзгадаць хаця б гісторыю мюзікла “Джулія”. Напісаная Уладзімірам Кандрусевічам партытура праляжала ў тэатры некалькі гадоў, лібрэта было скрадзена расійскімі аўтарамі — і ўвасоблена пад іншымі прозвішчамі. Нарэшце, калі тэатр вырашыў ставіць гэты мюзікл, кампазітар сам прапанаваў зрабіць другую рэдакцыю — і напісаў новы твор. Але ж там у аснове быў раман С.Моэма “Тэатр”. А тут — хіба сціплыя звесткі пра гістарычных асоб. І плёткі вакол шлюбу зусім юнай дзяўчыны са старым: маўляў, ці магло тут быць каханне, а тым больш — дзеці?..

Алена Турава, вядомая па цікавых кінаработах ды шматлікіх песнях (у якасці аўтара слоў), прапанавала сваю версію, падобную на дэтэктыў і меладраму, з рускамоўнымі белымі вершамі размоўных дыялогаў. За час працы над пастаноўкай змяніўся і мастак. У рэшце рэшт сцэнографам выступіў Андрэй Меранкоў, мастаком па касцюмах — Таццяна Лісавенка. Рэжысёрам запрошаны заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Міхаіл Кавальчык, які сёлета выпусціў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў курс маладых артыстаў музычных тэатраў (большасць іх была прынята ў трупу і ўдзельнічае ў пастаноўцы). Танцы ставіў галоўны балетмайстар тэатра Уладзімір Іваноў. Аранжыроўкі зрабілі Леў Карпенка і Юрый Галяс.

Ягайлу ўвасобяць Антон Заянчкоўскі і Віктар Цыркуновіч, Соф’ю — маладыя салісткі Вольга Жалезская і Кацярына Мошчанка, яе старэйшую сястру Васілісу — Маргарыта Александровіч і Лідзія Кузьміцкая. Для Наталлі Гайды была напісана партыя Чарадзейкі-знахаркі. Але даведацца, хто праспявае прэм’еру, не атрымаецца: гэтага, зразумела, пакуль не ведаюць самі пастаноўшчыкі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"