Культурны твітар: мы ў свеце

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Беларуская культура за мяжой

Францыя

Адкрыццё Міжнароднага музычнага фестывалю з удзелам Еўрапейскага маладзёжнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца адбылося ў Нансі. Саліравала на канцэрце студэнтка Беларускай акадэміі музыкі, лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, цымбалістка Аляксандра Дзенісеня. У выкананні аркестра прагучалі творы Рымскага-Корсакава, Шумана, Хіндэміта, а таксама беларускага кампазітара Уладзіміра Кур’яна. Выступленні Еўрапейскага маладзёжнага аркестра будуць доўжыцца да 4 лістапада ў гарадах Нансі, Люксембург, Страсбург, Льеж, Мец, Саарбрукен.

Расія

VI Фестываль Саюзнай дзяржавы творчасці інвалідаў “Разам мы зможам больш” прайшоў у Смаленску. У форуме ўзялі ўдзел людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі з Беларусі, а таксама з Бранскай, Калінінградскай, Калужскай, Пскоўскай і Смаленскай абласцей краіны — гаспадаркі форуму, якія займаюцца мастацкай творчасцю ў розных жанрах. Акрамя канцэртаў ды выставак, для ўдзельнікаў агляду былі арганізаваны майстар-класы па жанрах народнай творчасці і відах мастацкай самадзейнасці.

Стужка беларускага рэжысёра Алены Туравай “Кіндарвілейскі прывід” атрымала дыплом “За ўдалае выкарыстанне спецэфектаў” на II Міжнародным кінафестывалі сямейных і дзіцячых фільмаў “Сэрца Байкала”, які прайшоў у Іркуцку і сямі гарадах Іркуцкай вобласці. Усяго ў кінааглядзе было прадэманстравана 54 поўнаметражных гульнявых і анімацыйных фільмаў. Падрабязна пра дыпламаваную стужку — на стар. 3, 6.

Кітай

Прэзентацыя кнігі “Беларусь вачыма кітайцаў” адбылася ў Пекіне. Выданне стала лагічным працягам праекта “Кітай вачыма беларусаў”, які быў рэалізаваны ў мінулым годзе. Плануецца, што праект працягне сваё развіццё: пад час прэзентацыі была дасягнута дамоўленасць аб перакладзе кніг “Кітай вачыма беларусаў” — на кітайскую мову, а “Беларусь вачыма кітайцаў” — на рускую.

Індыя

У Нью-Дэлі стартаваў IV Штогадовы кінафестываль краін СНД і Індыі “Сяброўства”. У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел першы сакратар Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Індыя Сяргей Трацюк. Нашу краіну на форуме прадставіць стужка Алены Туравай “Рыжык у Залюстэраччы”.