Спаборніцтвы non-stop

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Конкурсы
Сёння, 2 лістапада, у Смаргоні адкрываецца Х Міжнародны конкурс камерных ансамбляў і струнных квартэтаў імя Міхала Клеафаса Агінскага. А 8 лістапада ў Мінску распачнецца ІІІ Міжнародны конкурс выканаўцаў на струнных смычковых інструментах імя Міхала Ельскага — марафон у тры туры, разлічаны на дзесяць дзён.

Ансамблевае спаборніцтва збярэ дванаццаць калектываў з пяці краін, у тым ліку Казахстана, Польшчы, Расіі, Украіны. Акрамя ансамбляў з фартэпіяна асобную намінацыю складуць струнныя квартэты. Журы ўзначальвае заслужаны артыст Беларусі, прафесар, мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі Юрый Гільдзюк.

Прадстаўнічым абяцае стаць ІІІ Міжнародны конкурс струннікаў імя М.Ельскага. Заяўкі на ўдзел у ім даслалі амаль сто маладых музыкантаў ва ўзросце ад 16 да 31 года з 12 краін свету: Балгарыі, Беларусі, Бельгіі, Казахстана, Карэі, Кітая, Літвы, Малдовы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Украіны. У складзе журы — не толькі прафесура вядучых навучальных устаноў з 8 краін свету, але і канцэртуючыя зоркі. Прыемна, што членам журы стала і наша маладая скрыпачка, лаўрэат міжнародных конкурсаў Юлія Стэфановіч, якая з’яўляецца канцэртмайстрам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра і ўжо атрымала званне заслужанай артысткі. А старшынёй журы ў намінацыі “Альт, віяланчэль, кантрабас” прызначаны Уладзімір Рылатка, бо ён не толькі першы намеснік генеральнага дырэктара нашага Вялікага тэатра, але і дацэнт Акадэміі музыкі, які падрыхтаваў цэлую плеяду высокапрафесійных альтыстаў.

Вялікая ўвага на конкурсе надаецца беларускай музыцы. У першым туры ўдзельніку трэба выканаць, акрамя ўсяго, адзін з абавязковых твораў, аўтарамі якіх з’яўляюцца Уладзімір Алоўнікаў, Галіна Гарэлава, Яўген Глебаў, Уладзімір Дарохін, Дзмітрый Камінскі, Валерый Карэтнікаў, Аляксандр Клеванец, Вячаслаў Кузняцоў, Ларыса Мурашка, Уладзімір Саўчык, Уладзімір Солтан, зразумела, Міхал Ельскі — беларускі скрыпач і кампазітар ХІХ стагоддзя.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"