Музыканты з краіны Оз

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

У канцы года Мінск наведаў французскі джазавы квінтэт “OZMA”. Акрамя канцэрта ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, музыканты далі майстар-класы ў Мінскім музычным вучылішчы імя М.Глінкі.

 /i/content/pi/cult/144/951/Muz-Oz.jpg
... Увайшоўшы ў філарманічную залу, я з палёгкай уздыхнула: усё, як у “былыя добрыя часы”, з некалькімі дзесяткамі “вольных назіральнікаў” на сцэне, якія, літаральна дыхаючы ў спіны музыкантам, не толькі слухаюць іх ігру, але і ўвачавідкі спасцігаюць усе таямніцы майстэрства, нават тыя, што незаўважны з залы.
Квінтэту тры гады, хаця ідэя яго стварэння нарадзілася шэсць гадоў таму. Назва пайшла ад сусветна вядомай казкі пра чарадзейную краіну Оз, таму і свой стыль музыканты вызначаюць як “азмічна-касмічны”. На справе ж яны паказалі сябе не столькі, можа, чараўнікамі (чараўніцтва, што ні кажыце, — прыярытэт больш сталага ўзросту), колькі, як і належыць юнакам, — максімалістамі. Калі гучна — дык да трэску ў вушах. Калі “кучна” — дык да акордавых бліскавіц, падобных на выкіды клінка рапіры. Калі сольна — дык абсалютна без ансамбля ці на фоне ўдарных пры пільным назіранні астатняй тройцы.
Калі павольна — дык з такой “лянотай”, што не зразумела, ці яны там ужо граюць,ці яшчэ толькі “разыгрываюцца”, ледзь падступаючыся да твора. Калі ціха — дык да поўнай цішы, у якой расплываюцца “бачныя”, але нячутныя гукі, як ад бязгучнага выдыху ў інструмент.
Пра малады ўзрост музыкантаў сведчыла юначая непрадказальнасць рэзкіх паваротаў-пераходаў, тэмбравых фарбаў — ажно да найцікавых санорных пошукаў. А яшчэ — юначае (і, заўважу, на справе не залежнае ад узросту) жаданне ахапіць усё, надаўшы ўвагу і выбітному рытму, і каларыстыцы, і драматургіі, і, галоўнае, індывідуальнасці — як ансамблевай, так і асабовай.
Уразіла апантанасць усіх музыкантаў і цікавае “размеркаванне роляў” у ансамблі: самы “незаўважны”, як ні дзіўна, — гітарыст і кіраўнік Адрыен Дэнфілд (можа, яшчэ і таму, што ён займаецца, у асноўным, арганізацыйнымі справамі, музыку ж піша кожны ўдзельнік), рухавік працэсу — ударнік Стэфан Шарле, “характарныя героі” (па-тэатральнаму — прастакі) — саксафаніст Давід Флорш і бас-гітарыст Эдуард Сіро-Гіём (ён жа вакаліст). І, нарэшце, “акцёр-прэм’ер”— трамбаніст Гіём Нюс, якому ўласцівы абсалютна разняволенае гранне, майстэрскае валоданне сурдзінай, смелыя “палёты” кулісы, што сведчыць пра лёгкае пераадоленне любых інтанацыйных бар’ераў. Невыпадкова, што калектыў ужо стаў пераможцам некалькіх конкурсаў, у тым ліку такога, на якім няма ўзроставай мяжы. А гэта значыць — юнацтва дасягнула прафесійнай сталасці.