Беларусы пад арт-трэндам: прысутныя ці не?

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Павел ВАЙНІЦКІ, скульптар, мастацтвазнаўца, куратар мастацкіх праектаў
Існуе меркаванне, што беларускае мастацтва — “па-за contemporary art-працэсам у свеце”. На маю думку, гэта зусім не так. Бо існуюць прэцэдэнты ўдалай інтэграцыі беларускіх аўтараў у сучасныя мастацкія кантэксты, прычым як у камерцыйнай, так і ў “актуальнай” галінах. У якасці прыкладаў я назаву толькі дваіх мастакоў з ліку тых, каго ведаю асабіста.

/i/content/pi/cult/452/9508/111-111.jpeg

Гэта Андрэй Асташоў, аўтар выкшталцоных бронзавых статуэтак на мяжы эратызму і маньерызму — уласна, выкшталцоная камбінацыя гэтых дзвюх якасцей і стала яго пазнавальным трэйд-маркам. Андрэй — камерцыйна паспяховы ў Еўропе аўтар, які не імкнецца рэкламаваць свае поспехі на радзіме, але мае тут выдатна арганізаваную вытворчасць для стварэння сваіх скульптурак, што разыходзяцца ў прыватныя калекцыі. Пераважна — за межамі краіны. Дарэчы, ён — уладальнік галерэі ў цэнтры Мінска, якая носіць ягонае імя. Але, заўважу, я не маю інфармацыі наконт наяўнасці ў ёй продажаў.

А яшчэ — Марына Напрушкіна — лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы таленавiтай моладзi ў 1999 годзе. Цяпер яна жыхарка Берліну і заўсёдніца міжнародных біенале. Аднак, эксперты камісіі па прызначэнні стыпендыі, мякка кажучы, не пазналі б стылю Марыны. Яна намацала запатрабаваны інтэрнацыянальны трэнд і ўдала знайшла арт-нішу для каталізацыі ўласных творчых пошукаў. Такім чынам, мы маем выдатны “экспартны варыянт” ангажаванага беларускага мастацтва. Ізноў жа, узнікае пытанне аб патрэбнасці ейнай творчасці ў айчынным мастацкім працэсе, з якога яна самавыключылася.

Імёнаў падобных — запатрабаваных у свеце — беларускіх творцаў можна, на самой справе, назваць даволі шмат. Але, што характэрна, уключэнне ў замежны арт-працэс у большасці выпадкаў звязана з выключэннем з кантэксту айчыннага. Я, шчыра кажучы, не ведаю, ці задавальняе гэта саміх мастакоў. Адсюль, з беларускага боку, індывідуальныя вырашэнні дылемы “айчыннае/замежнае” бачацца як засяроджванне на замежнай кар’еры і занядбанне тутэйшай арт-актыўнасці. Ну, зразумела, нічога благога тут няма: проста, выбар прыярытэтаў. Прагрэсіўны беларускі мастак арыентуецца найперш на глабальны арт-сусвет — і, на жаль, ігнаруе лакальны, родны.

Пры ўсёй маёй павазе да несумненных поспехаў дваіх названых ды і шэрагу іншых беларускіх мастакоў — паўнавартасных удзельнікаў сусветнага contemporary art-працэсу, — іх творчасць мне падаецца нейкай штучнай, ненатуральнай, у нечым нават абмежаванай. І справа нават не ў пэўнай адарванасці ад краіны паходжання, працы на замежных гледачоў/інстытуцыі замест айчынных. Найперш — адчуваецца “ўціснутасць”, калі можна так сказаць, творчых індывідуальнасцей у даволі жорсткія рамкі, неабходныя для тамтэйшай запатрабаванасці. Ведаеце, гуляць па інтэрнацыянальных правілах зусім не цяжка! Прасцей будаваць арт-кар’еру пад наяўныя моцныя сусветныя трэнды. А вось зрабіць нешта сваё, індывідуальнае, асобаснае і асабістае, у лакальным кантэксце ды прагучаць у кантэксце інтэрнацыянальным — складана.

Не мае асаблівага сэнсу капіраваць канцэпцыі і стратэгіі — гэта, у прынцыпе, ужо і не цікава, бо заўседы ёсць першакрыніцы ды першаадкрывальнікі. Стараннае апалагецтва не кажа пра сапраўднае далучэнне да цэнтра. Ды і большасць твораў інтэрнацыянальна арыентаваных (і нават запатрабаваных) беларускіх аўтараў, на вялікі жаль, уяўляюць з сябе гэткія механістычныя практыкаванні-запазычванні, якія, магчыма, і арыгінальныя ў межах краіны (“Для Беларусі гэта ўпершыню!” — галоўны аргумент прыхільнікаў), але пры знаёмстве з прататыпамі падаюцца безнадзейна несучаснымі.

Такім чынам, на мой погляд, праблема палягае не ў адсутнасці беларусаў у сучасным арт-працэсе, а наадварот — у іхняй прысутнасці там. Прысутнасці ўніфікаванай і “небеларускай”.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА