Блок пытанняў, што з ходу не вырашыць

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Лагічны этап культурнага заканадаўства: хто апынецца "па той бок", а хто — так і застанецца "за бортам"
“Круглы стол” “Заканадаўства ў сферы культуры: стан, практыка прымянення і кірункі ўдасканалення”, які прайшоў 25 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы, засведчыў: нягледзячы на грунтоўнасць айчыннай правой базы ў гэтай галіне, кірункаў да яе ўдасканалення пакуль дастаткова. І справа нават не ў тым, што дасканаласці, як вядома, няма межаў. Проста, многія патрэбы актуалізуе сам час, а ён, вядома ж, не ўмее стаяць на месцы.

Як адзначыў у сваім дакладзе міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, такая работа вядзецца няспынна. Сведчаннем таму — тыя змяненні, што былі ўнесены за апошнія тры гады ў пяць з сямі Законаў Рэспублікі Беларусь, якія наўпрост датычацца сферы культуры. А наперадзе чакае яшчэ больш маштабная справа: дапрацоўка і прыняцце Кодэкса аб культуры. Таму гэтая сустрэча за “круглым сталом” стала папраўдзе своечасовай.

— Безумоўна, культура — гэта тая творчая сфера, якую бывае няпроста змясціць у жорсткія юрыдычныя рамкі, — адзначыў у сваім уступным слове старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Генадзь Пальчык. — Аднак, у той самы час, мы павінны разумець, што менавіта ўдасканаленне юрыдычнай базы можа істотна паспрыяць больш плённаму развіццю галіны.

Ураўнаванне “льготнага” статуса

У сваім грунтоўным дакладзе міністр культуры Барыс Святлоў акрэсліў адзін з лейтматываў юрыдычных інавацый: стварэнне больш спрыяльнай глебы для прыватнай ініцыятывы ў сферы культуры. Гэта датычыцца самых розных яе галін — ад народнай творчасці і да кінематаграфіі.

Прыкладам, літаральна пару месяцаў таму Закон аб народным мастацтве і народных промыслах запрацаваў у новай рэдакцыі. Дзяржаўная падтрымка адгэтуль можа распаўсюджвацца не толькі на арганізацыі, якія займаюцца вырабам народных промыслаў, але і на індывідуальных прадпрымальнікаў. Вядома, у тым ліку, калі іх сучасныя вырабы паўстаюць на аснове традыцыйных мастацка-тэхнічных прыёмаў — тое павінна засведчыць спецыяльная экспертыза.

Па словах міністра, мэтанакіраваная падтрымка народных майстроў паставіла іх нават у лепшае юрыдычнае становішча, чым маюць прафесіяналы. Рамесніцтва на Беларусі не лічыцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, а вось прафесійны мастак, які прадае свае творы, дэ-юрэ павінен рэгістравацца як прадпрымальнік.

— Улічваючы тое, што стварэнне твораў мастацтва не мае паточнага характару, лічу мэтазгодным на заканадаўчым узроўні ўстанавіць: дзейнасць творчых работнікаў па стварэнні твораў мастацтва не з’яўляецца прадпрымальніцкай, — адначыў Барыс Святлоў.

Па словах міністра культуры, час наспеў ужо таксама і статуіраваць дызайнерскую дзейнасць, забяспечыўшы яе роўнымі правамі з іншымі відамі мастацкай творчасці.

Старшыня Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў Уладзімір Пракапцоў узняў балючую для мастакоў тэму аплаты арэнды і камунальных паслуг за карыстанне майстэрнямі — на сёння яны налічваюцца па камерцыйных тарыфах. Па яго словах, ільгот па арэндзе не маюць і самі творчыя саюзы — у адрозненне ад добрай сотні іншых грамадскіх арганізацый. У выніку Канфедэрацыя не так даўно пазбавілася свайго офіса і ўсё яшчэ застаецца віннай ладную суму.

Тэму прадоўжыла старшыня Беларускай гільдыі акцёраў кіно Святлана Сухавей. На сённяшні дзень творчыя саюзы, ураўнаваныя ў правах з грамадскімі арганізацыямі, мусяць ствараць адмысловыя юрыдычныя асобы для таго, каб займацца тымі або іншымі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці. На практыцы гэта даволі праблематычна: прыбытак ад такой дзейнасці далёка не заўсёды апраўдвае выдаткі на арганізацыйныя клопаты.

У сваю чаргу, начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена Вештарт зазначыла, што Закон аб грамадскіх аб’яднаннях прадугледжвае і пэўныя шляхі вырашэння гэтай праблемы. Скарыстаўшыся аналогіямі з арганізацыямі спартыўнага профілю, можна вызначыць тыя віды дзейнасці, якімі могуць займацца творчыя саюзы без утварэння новай юрыдычнай асобы, — скажам, правядзенне культурных імпрэз.

Што ж да ўраўнавання “льготнага” статуса рамесніка і мастака... Як адзначыла Алена Вештарт, такія прапановы Міністэрствам культуры ўжо скіраваны ў парламент, і цалкам імаверна, што неўзабаве яны знойдуць адлюстраванне ў Падатковым кодэксе.

Па словах Барыса Святлова, заканадаўства ў сферы кінематаграфіі ставіць перад сабой мэту стварэння ў гэтай галіне канкурэнтнага асяроддзя і прыцягнення прыватных інвестыцый, у тым ліку замежных. Але паколькі кінавытворчасці спадарожнічаюць вялікія рызыкі, дзяржава гатова аказваць пэўную падтрымку такім праектам. Падобная практыка замацавана юрыдычна і ўжо пачала ўкараняцца ў жыццё: у ліку пераможцаў Адкрытага Рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў — восем камерцыйных арганізацый.

Як запэўніў Барыс Святлоў, дзяржава будзе і надалей шукаць новыя спосабы падтрымкі жыццяздольных культурных ініцыятыў — як дзяржаўных, так і прыватных. У звязку з гэтым, разглядаецца магчымасць выдзялення дзяржаўных грантаў на конкурснай аснове для рэалізацыі тых або іншых канкрэтных праектаў. Пра перспектыўнасць такога падыходу ўжо неаднаразова выказваліся многія эксперты.

У той самы час, актуальным застаецца і стварэнне спрыяльнай заканадаўчай базы для спонсарства і мецэнацтва. Старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі прывёў у якасці прыкладу прыбалтыйскія краіны, дзе прадпрымальнікі могуць скіроўваць на патрэбы культуры 2% свайго падатку. І гэты прыклад вельмі зацікавіў прысутных парламентарыяў.

Злачынства без пакарання

Пытанне дзяржаўных ільгот закрануў і начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі — прымяняльна ўжо да сваёй сферы кампетэнцыі. На сённяшні дзень уласнікі помнікаў спадчыны могуць разлічваць на льготы па падатку на нерухомасць — у выпадку выканання імі заканадаўства.

Адпаведна, помнік атрымлівае падтрымку толькі за тое, што ён існуе. У той самы час, на думку спецыяліста, больш лагічным было б ільгаціраваць менавіта правядзенне работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях.

— Гэтыя меры здатны заахвочваць уласнікаў у справе выкаранення праблем помнікаў, — перакананы Ігар Чарняўскі. — Прычым ільготы павінны тычыцца менавіта спецыфічных рэстаўрацыйных работ — скажам, аднаўлення ляпніны або гістарычнай муроўкі, — а не тых, якія носяць агульнабудаўнічы характар…

Летась Міністэрства культуры прапанавала ўнесці папраўкі, якія дазвалялі б мясцовым органам улады “ўкладацца” сваімі сродкамі ў аднаўленне тых помнікаў спадчыны, што не з’яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю. На жаль, ініцыятыва не была падтрымана: на сённяшні дзень Бюджэтны кодэкс дазваляе дзяржаўным органам фінансаваць работы толькі на “сваіх” аб’ектах. Такім чынам, “за бортам” засталіся многія выбітныя помнікі сакральнага дойлідства, надзвычай важныя для сваіх рэгіёнаў. У тым ліку, і размешчаныя ў маленькіх вёсках, дзе магчымасці ўласнікаў — саміх прыходаў — надзвычай абмежаваныя.

Натуральна, Ігар Чарняўскі не мог абмінуць увагай і тэму парушэнняў заканадаўства ў сферы аховы спадчыны. На жаль, механізм прыцягнення вінаватых да адказнасці ў некаторых выпадках пакуль не працуе. Так, у ліпені мінулага года Міністэрства культуры краіны ініцыявала забарону выкарыстання металадэтэктараў ды іншых падобных прылад пры правядзенні раскопак без дазволу Нацыянальнай акадэміі навук. Іншымі словамі, перад “чорнымі капальнікамі” павінен быў паўстаць сур’ёзны юрыдычны бар’ер: фактычна, яны апыналіся “па той бок” закону. Аднак забарона становіцца дзейснай толькі тады, калі вызначаецца адказнасць за яе парушэнне, а гэтага пакуль акурат і не зроблена. Сказаўшы “А”, трэба сказаць і “Б”: вызначыць канкрэтныя пакаранні для парушальнікаў у залежнасці ад зробленай імі шкоды. Менавіта з такой прапановай і выступае сёння Міністэрства культуры краіны.

Адпаведныя санкцыі прапануецца таксама прымяняць і да “злосных парушальнікаў” базавых (і, адзначым, далёка не складаных для выканання) пунктаў заканадаўства — тых уласнікаў помнікаў спадчыны, якія наадрэз адмаўляюцца падпісваць ахоўнае абавязацельства альбо ўстанаўліваць адпаведную шыльду.

— Такія факты па-ранейшаму маюць месца, хаця Закон аб ахове спадчыны працуе ўжо з 1992 года, — адзначыў Ігар Чарняўскі. — Адпаведна, разлічваць выключна на законапаслухмянасць асобных грамадзян, на жаль, не выпадае…

“Аднародны тавар”

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі закрануў у сваім выступленні не столькі тыя заканадаўчыя акты, што непасрэдна датычацца сферы яго дзейнасці, колькі нарматыўныя дакументы, якія маюць да яе, здавалася б, вельмі апасродкаванае дачыненне, але, тым не менш, даюцца ў знакі. Бо не заўсёды ўлічваюць тонкую спецыфіку бібліятэчнай працы.

Напрыклад, праблемы камплектавання фондаў шмат у чым звязаны з парадкам правядзення дзяржаўных закупак. Справа ў тым, што афіцыйна кніжная прадукцыя лічыцца сёння “аднародным таварам”.

— Так, з пункта гледжання формы, кніга і сапраўды нічым не адрозніваецца, скажам, ад цэглы, — адзначыў Раман Матульскі. — Але паколькі найважнейшай спажывецкай яе ўласцівасцю з’яўляецца не форма, але менавіта змест, падобная ўніфікацыя выглядае не зусім дарэчнай. І ў выніку ўсе бібліятэкі мусяць сёння неяк знаходзіць выйсце з дадзенай сітуацыі…

У звязку з гэтым, агучана прапанова аднесці кнігу да пераліку выключэнняў, чаго яна, без сумневу, аб’ектыўна заслугоўвае. Іншая праблема датычыцца міжнароднага дакументаабмену. На сённяшні дзень друкаваная прадукцыя, якая ўвозіцца з-за мяжы, не абкладаецца пошлінамі, а вось электронныя дакументы пад гэтыя льготы не падпадаюць — пошліна складае 15%.

Раман Матульскі закрануў і пытанне абавязковага бясплатнага экзэмпляра, які выдавецтвы павінны адсылаць у 83 арганізацыі.

— Гэта агульнасусветная практыка, якая мае глыбокія гістарычныя карані, але... Лік атрымальнікаў у нашай краіне, безумоўна, вельмі вялікі, — адзначыў ён. — Пры цяперашніх накладах, якія шмат у якіх выпадках не перавышаюць 500 асобнікаў, выкананне закону становіцца для выдавецтваў сапраўдным эканамічным цяжарам…

На сённяшні дзень сферу культуры рэгулююць 7 Законаў Рэспублікі Беларусь, 20 Указаў Кіраўніка дзяржавы, больш як паўсотня пастаноў Урада краіны, па 100 з лішкам нарматыўна-прававых актаў Міністэрства культуры і рашэнняў мясцовых орнагаў улады.

— У гэтым масіве нарматыўных актаў складана арыентавацца нават спецыялістам, не кажучы ўжо пра простых грамадзян — тых жа работнікаў культуры, — адзначыла Алена Вештарт.

Таму ўжо ў самай хуткай перспектыве большасць гэтых нарматыўных дакументаў будзе аб’яднана ў адзіны Кодэкс аб культуры, канцэпцыя якога адобрана Кіраўніком дзяржавы.

Як адзначыла Алена Вештарт, гэты маштабны праект не мае прамых аналогій у сусветнай юрыдычнай практыцы. Аднак, у той жа час, яго стварэнне стала лагічным этапам той тэндэнцыі па кадыфікацыі заканадаўства, якая назіраецца як у нашай краіне, так і ў суседніх дзяржавах СНД.

Першапачатковая рэдакцыя Кодэкса ўжо створана, але яна патрабуе нямала датклівых дапрацовак. Часу для гэтага пакуль удосталь — плануецца, што дакумент будзе вынесены на разгляды Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь толькі ў красавіку 2015 года.

І можна спадзявацца, што многія з агучаных пад час “круглага стала” прапаноў знойдуць сваё адлюстраванне ў Кодэксе аб культуры. Ва ўсялякім выпадку, яны не выклікалі пярэчанняў з боку прысутных парламентарыяў.

— Пад час нашай сустрэчы сфарміраваўся блок пытанняў, датычных не толькі сферы культуры, але і сумежных законаў, — падсумаваў вынікі “круглага стала” Генадзь Пальчык. — Натуральна, мы не здолеем вырашыць іх сходу, тут і цяпер. Іншая справа — сфарміраваць пералік далейшых задач, а потым карпатліва і паступова іх вырашаць з прыцягненнем профільных спецыялістаў. Але самае галоўнае: мы, парламентарыі, ні ў якім разе не павінны пакінуць закранутую сёння праблематыку без увагі. Прамоўленыя тут словы павінны неяк спрычыніцца да справы, станоўча паўплываць на шматграннае жыццё нашай культуры…