Свята, сапраўды, нарадзілася не дзесьці пад старажытным Навагрудкам, а пайшло ад ірландскіх ды шатландскіх кельтаў. І гэты Вечар Усіх Святых адзначаўся 31 кастрычніка збольшага ў англамоўных краінах. Аднак глабалізацыя зрабіла сваю не надта белую справу: вірлавокія гарбузы са свечкамі ды касцюмы а-ля Франкенштэйн майструюцца моладдзю і на славянскіх землях, дарэчы, за пару дзён да нашых пракаветных Дзядоў, што напоўнены зусім іншым сэнсам — памяццю пра карані. Мы паспрабавалі гэта абмеркаваць.
Яўгенія ШАДРЫНА, дырэктар Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра Ельскага раёна:
— На Хэлоўін ёсць маладзёжны попыт. Таму штогод наша клубнае аб’яднанне “Равеснік” рыхтуе ды праводзіць гэтае свята. Імкнёмся, каб тут і ініцыятыва была — менавіта за юнакамі ды дзяўчатамі. У нас — 35 фарміраванняў (сем калектываў — народныя і ўзорныя), у тым ліку маладзёжны клуб “Равеснік”. І кожны яго ўдзельнік цудоўна ведае: сваё свята трэба рабіць самім… Дарослае насельніцтва гэтым мерапрыемствам не надта цікавіцца.
Як і ўваход на дыскатэку, Хэлоўін — платны. Дарэчы, гадавы план па аказанні платных паслуг насельніцтву (а ў нас яго — 1 200 чалавек) — 60 мільёнаў рублёў. Дык вось, план гэты мы выканалі і з пачатку кастрычніка працуем на наступны год. Заўважце, што ў арэнду памяшканні не здаём, усе паслугі — творчыя: канцэрты, спектаклі, тэатралізацыі…
Галіна СУША, спецыяліст аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці Інстытута культуры Беларусі:
— І блізка не было ў нашых нацыянальных традыцыях страшылак. Ніхто нікога не палохаў на святах, асабліва — моладзь, дзеці… Пярэпалах — гэта ўвогуле хвароба, палохаць — ганебна. А гарбуз — гэта страва, ежа, і псаваць яе не варта было. Па маім цвёрдым перакананні, трэба захоўваць беларускія традыцыі і не цягнуць за вушы з-за мяжы тое, што нам толькі на першы погляд падаецца цікавым ды важным. Ці ж можа стаць чужое нашым? Мо тое жахлівае свята дзе і прыжылося сярод нашай моладзі. Але з гадамі ўсё пераасэнсоўваецца, пераацэньваецца і застаецца толькі сваё — тое, што ад продкаў зыходзіць. Так што не па чужое трэба кідацца, а сваё адраджаць…
Яўген РАГІН, рэдактар аддзела газеты “Культура”:
— Я асабіста мару пра глабалізацыю наадварот: калі не мы ў іх Хэлоўін пераймаем, а яны ў нас — штосьці кшталту Конікаў ці Пахавання стралы. Марыць нікому не забаронена. А пакуль і ў нашай моладзі Хэлоўін — у пашане. Не хачу быць рэтраградам. Урэшце, і рок-музыка нарадзілася калісьці не на Палессі (хоць пэўныя жніўныя спевы, да прыкладу, Чавускага раёна, нагадваюць рытмам сапраўдны хард-рок). Але вось што хацеў бы зазначыць наконт “Зрабіце мне страшна”. Падаецца, нават Карней Чукоўскі казаў, што дзяцей вабіць жудаснае (памятаеце расповеды пра Чорны пакой і Чорнага чалавека?). І нічога, маўляў, у гэтым няма заганнага для станаўлення асобы. Іншая справа — як перавесці гэтае “страшнае” на беларускі грунт. Ды вельмі проста. На Акцябршчыне створаны пад адкрытым небам Музей нашых міфічных істот. Штосьці падобнае існуе і на падворку Дома рамёстваў пасёлка Русіно на Баранавіччыне. А што мы ведаем пра гэты “малы народзец”? Балазе “іканаграфію” Хатніка, Лазніка, Жытніка ды іншых стварыў геніяльны Валерый Славук. Але ж трэба далей рушыць: сувеніры, мульцікі, казкі, тэатралізацыі могуць і павінны стварыць гэткі забаўляльна-відовішчны культ нашых “страшных” язычніцкіх герояў. Ірландцы з шатландцамі слінай захлынуцца ад зайздрасці!..