“Гасцёўня Напалеона Орды”

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

Больш за 100 мерапрыемстваў было зладжана летась у Іванаўскім раёне ў гонар 200-годдзя слыннага земляка — сусветна знакамітага мастака і кампазітара, таленавітага піяніста, педагога, публіцыста, вучонага Напалеона Орды. Як вядома, знакаміты беларус, якога сучаснікі называлі зоркай еўрапейскай культуры першай велічыні, нарадзіўся ў Варацэвічах, а пахаваны ў сямейным склепе ў Іванаве. Дзве галоўныя даты — 1807 — 1883 гады — назаўжды звязалі слыннага творцу з роднай іванаўскай зямлёй. Але павінен быў прайсці працяглы час, каб на радзіме ўспомнілі і прызналі Напалеона Орду.

Вяртанне яго імя для землякоў пачалося гадоў 30 таму, калі за работу па адраджэнні гісторыка-культурнай спадчыны Орды ўзяліся дырэктар Варацэвіцкай школы Сяргей Сыраежка, завуч Рыгор Сыраватка, начальнік аддзела культуры райвыканкама Уладзімір Шэляговіч і шэраг іншых энтузіястаў. У 1987 годзе райвыканкам прыняў раённую праграму “Крыніца памяці”, у 1992-м адна з вуліц райцэнтра была названа ў гонар Н.Орды. Крыху пазней у Брэсце было ўтворана грамадска-культурнае аб’яднанне яго імя. 1996-ы год пазначаны яшчэ адной падзеяй — на развілцы дарог Лунінец — Брэст — Снітава ўстаноўлены паказальнік “Родныя мясціны Н.Орды”. Яго імя прысвоена Іванаўскай дзіцячай школе мастацтваў. У 1997 годзе ў цэнтры Іванава адкрыты адзіны ў Еўропе помнік Напалеону Ордзе. Чатыры разы Іванаўшчына збірала мастакоў на абласныя і міжнародныя пленэры ў гонар знакамітага мастака. 9 драўляных скульптур — плён апошняга пленэру — упрыгожваюць тэрыторыю музейнага комплексу Напалеона Орды.
У жніўні — верасні 2004 года пад патранажам Нацыянальнай акадэміі навук праводзіліся раскопкі на месцы былога маёнтка Напалеона Орды. Завяршаючым этапам гэтай працы стане стварэнне ў 2010 годзе раённага музейнага комплексу Н.Орды.
Знамянальнай падзеяй уяўляецца мне і музычная імпрэза, якая адбылася не так даўно на Іванаўшчыне і была здзейснена дзякуючы Нацыянальнаму канцэртнаму аркестру Беларусі. Яго кіраўнік, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг прызнаўся: “Каб ЮНЕСКО не абвясціла 2007 год Годам Напалеона Орды, цудоўная музыка ўраджэнца Варацэвічаў засталася б па-за межамі рэпертуару аркестра”. Ордаўскія вальсы, мазуркі, полькі, серэнады былі апрацаваны для ансамбляў флейтыстаў, кларнетыстаў, трубачоў, салістаў-выканаўцаў на драўляных духавых інструментах і камернага аркестра.
Калі жыхары раёна слухалі ордаўскія творы ў выкананні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам М.Фінберга, у вачах многіх з іх былі ўдзячныя слёзы. У светлых лірычных мелодыях нашчадкі-землякі кампазітара пачулі інтанацыі сваіх родных песень. Маэстра ж Міхаіл Фінберг паабяцаў штогод ладзіць на Іванаўскай зямлі фестываль “Гасцёўня Напалеона Орды”.

Алена КАПАЧОВА
Іванаўскі раён