Пятроў — прозвішча спеўнае

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Бамонд: опера, балет
Малады саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі (і адначасова трэцякурснік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі) Павел Пятроў атрымаў Першую прэмію на ІІ Міжнародным конкурсе оперных выканаўцаў імя Марыі Біешу ў Кішынёве.

/i/content/pi/cult/452/9498/8-1.jpeg

Цікава, што ў нашым тэатры гэта ўжо трэці Пятроў. Бо ёсць два народныя артысты Беларусі — Яраслаў Пятроў (бас) і куды маладзейшы за яго Уладзімір Пятроў (барытон). А вось Павел Пятроў — тэнар. Ну проста тыповае размеркаванне галасоў для оперных персанажаў розных пакаленняў! Толькі ўсе гэтыя Пятровы — проста цёзкі па прозвішчы: апошняе — адно з самых распаўсюджаных. І, як аказалася, яшчэ і вельмі спеўнае, бо ягоная “опернасць” вядзе адлік ад знакамітага рускага баса ХІХ стагоддзя Восіпа Пятрова…

Што ж да нашага Паўла, дык яго можна было пачуць у оперы “Яўгеній Анегін” П.Чайкоўскага, дзе ў розных спектаклях ён спяваў і Ленскага, і Трыке. Але нават у партыі Персідскага прынца ў оперы “Турандот” Дж.Пучыні, дзе ён бярэ ўсяго адну ноту, дый тую — за сцэнай, яго немагчыма было не запомніць: і па выразнасці самой постаці, і па эмацыйным напале той ноты ў высокім рэгістры. Зараз саліст, акрамя вучобы ў Акадэміі музыкі, рыхтуе яшчэ дзве партыі: хутка мы ўбачым яго Маладым цыганом у “Алека” С.Рахманінава і царом Берандзеем у “Снягурцы” М.Рымскага-Корсакава. Пэўна, узнікнуць на ягоным шляху і іншыя прэстыжныя конкурсы. Гэты, дарэчы, быў ужо другі: літаральна некалькі месяцаў таму, у маі, Паўла Пятрова ўганаравалі Другой прэміяй на VІІІ Міжнародным конкурсе вакалістаў імя Станіслава Манюшкі ў Польшчы.

— Адбор на конкурс у Кішынёве, — распавёў Павел, — праходзіў па аўдыя- і відэазапісах, якія дасылаліся ў Аргкамітэт. У выніку такога першага тура засталося 36 оперных спевакоў з 10 краін. Для другога і трэцяга тураў кожны з нас рыхтаваў па пяць арый, і журы само выбірала з гэтага спіса, што будзе слухаць. Усе выступленні праходзілі на розных пляцоўках: у Арганнай зале, потым — на сцэне Нацыянальнай філармоніі, разам з сімфанічным аркестрам, а заключны гала-канцэрт — у Вялікай зале Нацыянальнага палаца.

Адметнасць гэтага конкурсу яшчэ і ў тым, што ён ладзіцца ў рамках Міжнароднага фестывалю оперы і балета імя Марыі Біешу. Гэтае свята на сцэне Нацыянальнай оперы мае даўнія традыцыі, праходзіла ўжо ў дваццаць першы раз, і я вельмі рады, што мне пашчасціла хаця б крыху пазнаёміцца і з фестывальнай праграмай таксама. Часу, як заўжды на конкурсах, катастрафічна не хапала. Але я паспеў паглядзець два іх оперныя спектаклі з запрошанымі салістамі: “Багему” Пучыні і “Паяцы” Леанкавала. Вядома, было вельмі цікава, але нашы пастаноўкі і салісты — усё роўна лепшыя! Такія параўнанні заўсёды неабходныя, бо дазваляюць ацаніць не толькі замежныя, але і айчынныя дасягненні, узровень нацыянальнай выканальніцкай школы. Дый сваёй перамогай я абавязаны і нашаму тэатру, дзе набраўся сцэнічнага вопыту, і, найперш, майму выкладчыку ў Акадэміі — народнаму артысту Беларусі Пятру Рыдзігеру. Без усяго гэтага проста не было б анічога!..

На здымку: Павел Пятроў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"