Яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя ў многіх еўрапейскіх краінах для замужняй жанчыны і дарослага мужчыны любога сацыяльнага становішча лічылася нядобрым з’яўляцца па-за домам з непакрытай галавой. Існавалі, аднак, сітуацыі, дзе агаленне галавы лічылася неабходным: для мужчын — у царкве, на пахаванні; для жанчын — пад час рытуальных дзеянняў, звязаных, як лічылася, са стасункамі з “іншым” светам (напрыклад, некаторыя рытуалы выклікання дажджу).
Сялянкі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя найчасцей насілі галаўныя ўборы кшталту хусткі, гарадскія ж дамы пакрывалі галаву капелюшом. На пачатку ХХІ стагоддзя капялюш ужо не з’яўляецца неад’емным атрыбутам дамскага гардэроба, але, тым не менш, шматлікія модніцы з задавальненнем носяць капелюшы самага рознага кшталту...
Капелюшы, што дэманструюцца на выстаўцы, зроблены з самых розных матэрыялаў: шоўку, скуры, воўны, саломкі. Яшчэ Аскар Уайльд заўважыў: “Усе прыгожыя капелюшы ствараюцца з нічога — як і ўсе добрыя рэпутацыі”.
Экспануюцца да 10 лістапада не толькі капелюшы вырабу сучасных майстроў, але і вырабы 40-х — 60-х гадоў ХХ стагоддзя з асабістай калекцыі куратара выстаўкі Марыны Духан.
Алена ЛЯШКЕВІЧ, метадыст па этнаграфіі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці