Гучныя “Ціхія адкрыцці”

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Мінск
З 25 кастрычніка да 15 лістапада ў Мінскай абласной бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна будзе праходзіць міжнародная выстаўка “Ціхія адкрыцці”, на якой экспануюцца творы беларускіх і літоўскіх юных мастакоў — дзяцей з парушэннямі слыху.

/i/content/pi/cult/452/9496/11-1.jpeg

Якая мова, пераадольваючы бар’еры і межы, дазваляе паразумецца без слоў? Мова колераў, адценняў, ліній — мова выяўленчага мастацтва. Гэтая ідэя была пакладзена ў аснову распачатага ў ліпені бягучага года праекта, вынікам якога і сталася выстаўка “Ціхія адкрыцці”. Літоўскае таварыства “Pagava” (“Успрыманне”), што аб’ядноўвае сем’і, якія гадуюць дзяцей з дэфектамі слыху, арганізавала ўлетку ў Тракайскім раёне творчы летнік для таленавітых дзяўчынак ды хлопчыкаў з Літвы і Беларусі. Гэта сталася магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы Праграмы супрацоўніцтва ў мэтах развіцця Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі.

З беларускага боку да ўдзелу былі запрошаны навучэнцы Мінскай спецыялізаванай школы № 14 для дзяцей з парушэннямі слыху. Заняткі ў летніку праводзілі літоўская мастачка Сільвана Хацкінг і беларускі жывапісец Дзмітрый Ярмілаў, які ўжо цягам дваццаці гадоў кіруе творчай майстэрняй “Фарба” ў школе № 14. Натхненне ды ідэі для сваіх работ маленькія мастакі чэрпалі не толькі ў зносінах з дасведчанымі майстрамі і новымі сябрамі, але і ў вандроўках у Вільнюс ды Тракай: пад час працы летніка яны пабывалі ў галерэях і музеях, наведалі помнікі гісторыі і культуры Літвы.

Падрыхтаваную па выніках праекта выстаўку першымі ўбачылі літоўскія гледачы: 13 — 28 верасня “Ціхія адкрыцці” экспанаваліся ў вільнюскай Публічнай бібліятэцы імя Адама Міцкевіча. Выстаўка выклікала цікавасць — не толькі як сацыяльны праект, але, перадусім, сваёй мастацкай вартасцю. Спецыялісты адзначылі, што жывапісныя і графічныя работы, калажы, якія складаюць гэтую экспазіцыю, надзвычай ёмістыя энергетычна, эмацыйна насычаныя, вылучаюцца пэўнай унутранай напружанасцю.

Для беларускіх удзельнікаў — гадаванцаў Дзмітрыя Ярмілава — гэта ўжо не першая сур’ёзная выстаўка. Дастаткова сказаць, што работы выхаванцаў творчай майстэрні “Фарба” двойчы экспанаваліся ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі: тут прайшлі іх выстаўкі “Свет іншымі вачыма” (2005 г.) і “Рэха цішыні” (2010 г.). Творы гэтых юных мастакоў дэманстраваліся і ў іншых краінах.

Наш кар.