Студзеньскім музычным вечарком…

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

Сёння ў Брэсце ўрачыста завяршаецца юбілейны, ХХ Міжнародны фестываль класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары”, які пачаўся 9 студзеня. Ён сабраў больш за 400 музыкантаў з 14-ці краін свету.

 /i/content/pi/cult/144/949/Fest-Brest.jpg
Штораз вось ужо на працягу 20 гадоў каляднымі — калісь марознымі, апошнім жа часам — мяккімі, адліжнымі — вечарамі брэсцкія аматары музыкі спяшаюцца на канцэрты: Міжнародны фестываль класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары” даўно атрымаў папулярнасць, выпрацаваў свае ўласныя традыцыі.
Гэтак — і сёлета. Міністр культуры Беларусі Уладзімір Матвейчук зачытаў прывітанне Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам і гасцям фестывалю. Ад сябе міністр дадаў, што Брэсцкі форум запатрабаваны слухачамі, мае высокі рэйтынг як у Беларусі, так і ў замежжы.
Сапраўды, у Еўропе шмат чулі пра наш фестываль. За 20 гадоў у “Вечарах” удзельнічалі знакамітыя выканаўцы з Аўстрыі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Галандыі, Францыі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны, Малдовы, Казахстана, Чэхіі, Харватыі, Расіі і нават ЗША, Кітая і Японіі. У розныя гады ў Брэст прыязджалі Маскоўскі дзяржаўны камерны хор пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР, прафесара Уладзіміра Мініна, дзяржаўны камерны аркестр “Віртуозы Масквы”, народныя артысткі СССР Таццяна Шмыга і Марыя Біешу, зоркі Вялікага тэатра оперы і балета Масквы. Сёлета ў фестывалі ўпершыню бярэ ўдзел Партугалія, якую прадстаўляе лаўрэат міжнародных конкурсаў Луіс Андрэ Ферэйра: на радзіме яго называюць “залатой віяланчэллю”.
Вялікую ўвагу надаюць фестывалю ўлады вобласці і горада. Аргкамітэт фестывалю ўзначаліў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар. Гэтая акалічнасць гаворыць пра многае.
Сродкі, выдзеленыя на правядзенне “Вечароў”, больш чым у два разы перавышаюць леташнія — звыш 100 мільёнаў рублёў. Мерапрыемства падтрымала Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Фінансавае забеспячэнне фэсту дазволіць яго выканаўцам і гасцям пабыць у Брэсце не дзень-два, а больш. І, пры жаданні, застацца на ўвесь фестываль. Тым больш, што па ініцыятыве старшыні аргкамітэта для музыкантаў падрыхтавана культурная праграма з наведваннем Белавежскай пушчы, музея “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” і абавязкова — Брэсцкай крэпасці з ускладаннем кветак да Вечнага агню.
Сімвалічна, што гала-канцэрт адкрыцця ХХ Міжнароднага фестывалю “Студзеньскія музычныя вечары” распачаў Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Дрынеўскага. Удзельнічалі ў канцэрце і знакаміты піяніст, народны артыст Беларусі, прафесар Ігар Алоўнікаў, і вядомы кампазітар, грамадскі дзеяч, народная артыстка СССР і Расіі Людміла Лядава, і камерны ансамбль з Варшавы на чале з Антонам Ліхаманавым, і адразу тры сімфанічныя аркестры: Брэсцкі гарадскі сімфанічны пад кіраўніцтвам Аляксандра Сасноўскага, аркестр Брэсцкага музычнага каледжа імя Р.Шырмы і “Маладая Беларусь” пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Казінца. Такое шырокае прадстаўніцтва беларускіх музыкантаў побач са знанымі замежнымі не можа не радаваць.
За гады існавання фестываль набыў сваю публіку, яго наведалі звыш 65 тысяч чалавек. За 20 гадоў вырасла новае пакаленне слухачоў, дзякуючы якому жыве свята музыкі. Прадоўжылі гэтую традыцыю і цяперашнія “Вечары”, у межах якіх адбыліся дзённыя канцэрты, разлічаныя на моладзь і студэнцтва.

Алена КАПАЧОВА
Брэст
На здымку:
міністр культуры Уладзімір Матвейчук і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар у час урачыстага адкрыцця фестывалю.
Фота Уладзіміра ЧАБЕРКУСА, БелТА