Зала еўрапейскага ўзроўню

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Брэст
У час, калі праводзіцца скарачэнне штатных адзінак ва ўстановах культуры, калі памяншаецца фінансаванне культуры ўвогуле, у Брэсце адбылася незвычайная з’ява для нашага цяперашняга часу: 16 кастрычніка пасля працяглага рамонту ўрачыста адкрылася выставачная зала Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра па вуліцы Савецкай, 54.

/i/content/pi/cult/451/9486/11-1.jpeg

Чырвоную стужку перарэзалі намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык і дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Коржук, а сімвалічны ключ ад будынка апошняй уручыў дырэктар “Нікалас-Буду” Сяргей Шэпялевіч. У новай зале пачала працаваць персанальная выстаўка Міхаіла Канькова. Да гэтай падзеі быў выдадзены і шыкоўны каталог твораў члена Беларускага саюза мастакоў і загадчыка выставачнай залы.

Леанід Цупрык зачытаў віншавальны адрас мастаку ад старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара, ад сябе асабіста павіншаваў Міхаіла Канькова з падзеяй, падзякаваў яму за вялікі ўнёсак у развіццё культуры Берасцейшчыны і дадаў, што жыхары горада, мастакі, аматары выяўленчага мастацтва атрымалі цудоўны падарунак — выставачную залу еўрапейскага ўзроўню.

У сваю чаргу, Святлана Коржук выказала падзяку кіраўніцтву вобласці за фінансаванне капітальнага рамонту (1,4 мільярда рублёў!).

А добрым падарункам для прысутных было музычнае суправаджэнне ансамбля “MUZZART”.

Пасля капітальнага рамонту памяшканне выставачнай залы набыло сучасны выгляд, атрымала дадатковыя экспазіцыйныя плошчы, індывідуальнае асвятленне экспанатаў, падвесную сістэму развескі карцін. А ў памяшканні былой крамы (яно месціцца ля асноўнай залы) цяпер можна праводзіць выстаўкі адной карціны. З’явіўся і гардэроб для наведвальнікаў.

Абноўленая зала прызначана не толькі для твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тут можна будзе і паслухаць музыку, вершы паэтаў, паглядзець відэасюжэты пра мастакоў, літаратараў, народных майстроў...

Леанід ВАЛАСЮК, член Беларускага саюза мастакоў

Брэст