А абсалютны пераможца — адзін

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Касцюковіччына
Два дні ў Касцюковіцкім раёне доўжыўся VII Фестываль народнай творчасці “Крыніца душы”, у якім прынялі ўдзел 18 сельскіх устаноў культуры. Творчае спаборніцтва разгарнулася спачатку на сцэне Крапівенскага СДК. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Касцюковіцкага райвыканкама Святлана Старавойтава ўзначаліла журы.

Гаспадары сцэны задалі цудоўны тэмп фэсту. Пераканалі гледачоў у прыгажосці і пявучасці сваіх дзяўчат артысты Беладубраўскага СДК. Неблагое майстэрства прадэманстравалі артысты Канічаскага СКБ.

Відовішчным атрымалася выступленне Навасаматэвіцкага клуба вольнага часу, які прадэманстраваў самыя цікавыя моманты народных святаў. Прыгожа прагучалі народныя песні ў выкананні ансамбля “Дзяўчаты” Баронькаўскага СДК.

Разам з артыстамі Смолькаўскага СКБ у лепшых традыцыях старадаўняй песеннай творчасці выканалі аўтэнтычныя і беларускія народныя песні салісткі самага ўзроставага калектыву мастацкай самадзейнасці з вёскі Журбін.

Машаўскі клуб-бібліятэка прадставіў на конкурсе творчасць калектыву народнай самадзейнасці “Весялухі” і вакальнага ансамбля “Харошкі”.

Конкурсную праграму першага дня завяршыў Сялецкаўскі дом культуры. Сваімі лепшымі песнямі ды танцамі парадаваў ансамбль “Сяброўкі”, а маладыя артысты чыталі вершы, забаўлялі гледачоў вясёлымі сучаснымі песнямі.

Пераможцы былі вызначаны ў намінацыях “Лепшы ансамбль”, “За выкананне беларускіх твораў”, “Салісты”, “Лепшыя рэжысёры”. А былі яшчэ і конкурсы тэатралізаваных пастановак, аўтарскіх твораў, чытальнікаў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Не менш насычаным выдаўся і другі фестывальны дзень, мерапрыемствы якога прайшлі на сцэне Муравільскага СДК. Па выніках конкурсаў было ўручана 40 дыпломаў. А абсалютным пераможцам двухдзённага фэсту быў прызнаны Муравільскі СДК.

Наталля ДРОБЫШАВА, метадыст Касцюковіцкага РЦК