Ад ажурных ручнікоў да гарадоцкай батлейкі

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

Здавалася б, згубленыя ў часе і асабліва — знішчаныя вайной культурныя каштоўнасці страчаны назаўсёды. Але воля да адраджэння, гістарычная памяць народа і яго талент, памножаны на энтузіязм канкрэтных апантаных асоб, здольныя тварыць цуды.

 /i/content/pi/cult/144/948/Azhurnyja2.jpg
Прыклад таму — росквіт дамоў рамёстваў на Віцебшчыне, выдатная праца ў гэтым рэчышчы Гарадоцкага раённага дома рамёстваў і фальклору, творчаму калектыву якога літаральна днямі была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
Свае вытокі гэтая культустанова бярэ з клуба аматараў традыцыйнай народнай творчасці, які плённа працаваў пры раённым краязнаўчым музеі. Іншым разам (у горшым выпадку, канешне) дамы рамёстваў ператвараюцца ў свайго роду фабрыкі па вырабе сувеніраў. Але дырэктар новай установы ў Гарадку Алена Бараўцова, маючы грунтоўную адукацыю (яна закончыла мастацка-графічнае аддзяленне Віцебскага педуніверсітэта), адразу зарыентавала калектыў найперш на сур’ёзную даследчыцкую працу.
Ад пачатку ў складзе ўстановы працаваў і метадыст па фальклоры. Зрэшты, сёння практычна ўсе супрацоўнікі Гарадоцкага дома рамёстваў і фальклору маюць вышэйшую адукацыю. Гэты калектыў не дарэмна называюць суквеццем творчых людзей, якія зрабілі значны асабісты ўнёсак у традыцыйную культуру не толькі свайго рэгіёна, але і Беларусі.Як сказалі мне ў гэтай установе, ёсць пэўнае наканаванне ў тым, што спецыяльную прэмію дзеячам культуры і мастацтва Прэзідэнт краіны перадаў у рукі слыннай майстрысе Марыне Гушча. Гэта яна калісьці была кіраўніком клуба “Вытокі” пры раённым музеі.
Узгадалі ў Доме рамёстваў і фальклору і тое, як хтосьці з віцебскіх навукоўцаў казаў: “Ці дажыву я да таго часу, калі буду з хваляваннем трымаць у руках адроджаны карункавы гарадоцкі ручнік?”. Менавіта М.Гушча здолела адрадзіць тэхналогію стварэння ажурнага дзіва — унікальных гарадоцкіх белых карункавых ручнікоў. Двойчы перамагала яна ў міжнародным ткацкім конкурсе фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Ды ўвогуле, у якіх бы ткацкіх конкурсах і выстаўках ні ўдзельнічала, яе дзівосныя вырабы заўсёды адзначаюцца як лепшыя. Не так даўно М.Гушча дэманстравала сваё адмысловае майстэрства ў Венесуэле.
Яшчэ адна знакамітасць Гарадоцкага рэгіёна — народная майстрыха Беларусі Ніна Каралько. Выкарыстоўваючы тэхналогіі ткацтва паясоў Наваградчыны, дзе нарадзілася, яна здолела па музейных узорах вярнуць да жыцця шэраг традыцыйных паясоў Гарадоччыны, мае таленавітых вучаніц. Адна з іх — Наталля Юшкова — пайшла яшчэ далей, авалодаўшы дзвюма унікальнымі тэхналогіямі стварэння паясоў, характэрных менавіта для Гарадка.
Дырэктар Дома рамёстваў і фальклору Алена Бараўцова, якая зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку — гадуе другога сынка, дала другое жыццё і старадаўняй ганчарнай тэхналогіі — так званай абварной кераміцы.Яшчэ адна таленавітая супрацоўніца ўстановы, аб якой ідзе размова, Людміла Гаравая ўступала ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці ў якасці майстрыхі-выцінаншчыцы, пазней авалодала тэхналогіяй старадаўняга спіральнага саломкапляцення, узяўшы першы прыз па гэтым відзе мастацтва на абласных дажынках. Актыўна даследуе яна і такі від народнага мастацтва, як абрадавая фларыстыка.Майстрыха Вольга Рэут — пераможца абласнога свята-конкурсу “Папараць-кветка” ў намінацыі “Лепшы галаўны ўбор”, вядзе гурткі саломкапляцення і традыцыйнага адзення.
 /i/content/pi/cult/144/948/Azhurnyja3.jpg

Адмысловы гарадоцкі майстар і Васіль Сіманковіч, які зараз выконвае абавязкі дырэктара Дома рамёстваў і фальклору. У свае прыгожыя традыцыйныя вырабы з лазовых пруткоў ён настолькі арганічна ўплятае косы з лазовай кары — уласнае вынаходніцтва, што нават навукоўцы лічаць яго творчасць удалым прыкладам развіцця традыцыйнага рамяства.
Гэта далёка не ўсё. У Доме рамёстваў і фальклору аднавілі комплекс традыцыйнага гарадоцкага строю, і сёння ўжо выконваюць строі па замове мастацкіх калектываў. Пры гэтым, у жаночым адзенні адноўлены як уласцівыя калісьці рэгіёну сарафаны, так і спадніцы; іх тут называюць не андаракамі, а саянамі. Створана цудоўная калекцыя стылізаванага адзення на аснове ільну Аршанскага льнокамбіната і з выкарыстаннем усіх адроджаных уласнымі высілкамі тэкстыльных і пашывачных тэхналогій. У гуртку традыцыйнага адзення пашылі касцюмы на кожнага супрацоўніка Дома рамёстваў, а ўжо вышыўку кожны выканаў сам.
Тутэйшыя спецыялісты збіраюць і народныя песні розных жанраў, казкі, прымаўкі, прыпеўкі, старадаўнія рэцэпты. “Назбіралі” 43 творы сямейнапобытавай паэзіі, 12 твораў каляндарна-абрадавай паэзіі, шэраг гульняў, падрабязна апісалі 19 рэгіянальных абрадаў.У народных строях супрацоўнікі Дома рамёстваў выступаюць у складзе мастацкага калектыву “Глейна” раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці. А глейны, дарэчы,— гэта часцінкі тых самых плытоў, што калісьці праплывалі па тутэйшай рэчцы Гараджанцы (яна ж Шорка, Траццякоўка, Усыса).
Пры Доме рамёстваў і сёння дзейнічае народны клуб “Вытокі”, які аб’ядноўвае каля 40 раённых майстроў народнай творчасці. Цяперашняя кіраўніца клуба Жана Гусейнава ўмее кожнага зацікавіць і пра кожнага паклапаціцца.
Маштабы работы лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта такія, што ўжо ў Віцебску выказваюць думку: пажадана мець яму і большае памяшканне. Гарадоцкі дом рамёстваў робіць імідж усяму раёну, ды і вобласці. Што ні кажыце, а традыцыйная культура, ці этнастыль надзвычай папулярныя ва ўсім свеце. Калі іншаземцы прыязджаюць у Гарадок, часцей за ўсё яны цікавяцца музеем і Домам рамёстваў.
А сама гэтая ўстанова тым часам усё пашырае сваю творчасць. Гарадок — адзін з вядомых у мінулым цэнтраў ганчарства. Якасці гліны, якую здабываюць у яго наваколлі, дазваляюць “выцягваць” збанкі і глякі значнай вышыні. І каб мець магчымасць іх вырабляць, тут нядаўна набылі вялікую муфельную печ для абпальвання керамікі. У бліжэйшы час плануюць адрадзіць батлейку — лялькі для яе, як і лялькі ў паўметра вышынёй у народных строях, ужо пачала вырабляць майстрыха Ірына Шалаева. А ўдзельнікаў XVI фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” гарадокцы гэтым разам збіраюцца ўразіць шыкоўнымі вышытымі крыжыкам і лічбавай гладдзю па сетачцы ручнікамі майстрыхі Таццяны Міснікавай.

Наталля РУСАК
На здымках:
1. Адроджаныя вырабы гарадоцкіх майстрых.
2. Дырэктар Гарадоцкага дома
рамёстваў і фальклору Алена Бараўцова.