Непрыдуманае...

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Развагі з нагоды невялікага рэйду па фотавыстаўках
Нельга не заўважыць актыўнасці сталічных музеяў ды дзяржаўных устаноў у жаданні прапанаваць наведвальнікам цікавыя праекты да пэўнай святочнай даты. Але што хаваецца за тымі ўнікальнымі культурнымі прапановамі, якія радуюць, здавалася б, ужо сваёй наяўнасцю? Пытанне, што звычайна застаецца ў ліку другасных, сёння мы вырашылі вывесці на першы план, зрабіўшы невялічкі рэйд па сталічных фотавыстаўках. Аглядальнік “К” Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ наведала праекты “Мінскі час” у Музеі гісторыі горада Мінска, “Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава (1911 — 1912 гг.)” у кінатэатры “Перамога” і выстаўку “Палескае мястэчка: Моталь” у Доме-музеі І З’езда РСДРП. Абмеркаваць убачанае карэспандэнт вырашыла з фатографам, кіраўніком Галерэі візуальных мастацтваў “NOVA”, чалавекам, абазнаным у культурным жыцці сталіцы, Уладзімірам ПАРФЯНКОМ.

/i/content/pi/cult/451/9479/14-1.jpeg /i/content/pi/cult/451/9479/14-3.jpeg /i/content/pi/cult/451/9479/14-2.jpeg

/i/content/pi/cult/451/9479/14-4.jpeg /i/content/pi/cult/451/9479/14-5.jpeg

Д.А.: — Уладзімір, прапаную пачаць наша абмеркаванне з выстаўкі ў Музеі гісторыі горада Мінска, у якой выкарыстаны матэрыялы з архіва Народнага фотаклуба “Мінск”. Мяне яна, шчыра кажучы, парадавала. Я ўбачыла пэўны аповед пра сталіцу сродкамі фатаграфіі: аблічча горада ХІХ стагоддзя, дарэвалюцыйны час ХХ-га, гады ваеннага ліхалецця… Годнай ідэяй падалося паказаць і сыходзячую ўжо “найноўшую гісторыю” — тыя раёны Мінска, якія знікаюць: “Грушаўку” — ёй прысвяціў серыю работ Яўген Казюля, пасёлак трактарабудаўнікоў, унікальныя асаблівасці архітэктурнага ансамбля якога нагадаў Сяргей Кавалёў, дый фотарэпартаж Віктара Сядых са Старажоўскага кірмашу выглядае зараз ужо пэўным гістарычным
сведчаннем…

У.П.: — Калі казаць пра асобныя работы на гэтай выстаўцы, то найбольш каштоўнымі тут для мяне сталі фатаграфіі мінчан 1920-х гадоў з калекцыі Яўгена Казюлі. У цэлым, як часта мы бачым выявы гараджан, якія жылі ў Мінску пазамінулага, мінулага стагоддзяў? Так, вуліцы, скверы, будынкі — для нас іх фатаграфіі больш звыклыя, але ж абліччы мінчан, на мой погляд, — не менш каштоўныя “крыніцы інфармацыі”.

Згодзен з тым, што ў куратара выстаўкі атрымалася правесці гэтую паралель паміж мінулым і сучасным горада, нават выявіць аблічча Мінска пачатку ХХ і пачатку ХХІ стагоддзяў — згадайма той жа праект Анатоля Дрыбаса. Аднак найбольш прывабным для мяне матэрыялам у экспазіцыі сталі гэтыя старыя “сямейныя карткі”, бо яны даюць хоць нейкую магчымасць убачыць нашу мінскую інтэлігенцыю, пэўная частка якой была знішчана ў часы рэвалюцыі, 30-я гады…

Д.А.: — Мне падаецца, што на прыкладзе гэтых выставак увогуле можна пазнаёміцца з абліччамі беларусаў. Калі ў “Мінскім часе” гэта — выявы гараджан, то на выстаўцы ў Доме-музеі І З’езда РСДРП — фотаздымкі жыхароў мястэчка — палескага Моталя, дзе змешваюцца гарадскі і сельскі асяродкі...

У.П.: — Згодзен. І калі працягнуць тую паралель, то ў кінатэатры “Перамога” гэта ўжо вясковы свет, беларускія сяляне, якіх фатаграфаваў пад час этнаграфічных экспедыцый Ісак Сербаў. Але, Дар’я, якім вымалёўваецца партрэт беларуса ў выніку? На маю думку, перакос у бок дэманстрацыі “сельскага побыту” атрымаўся празмерным.

Д.А.: — Чаму? Моталь — гэта месца, якое можа ганарыцца сваімі багатымі традыцыямі. Лічу, беларускай культуры пашчасціла, што захаваліся здымкі Аляксея Мінюка — лічы, асабістага летапісца мястэчка, які фатаграфаваў яго на працягу пяцідзесяці (!) гадоў ХХ стагоддзя. Ды і, зноў-такі, паўтаруся, што такое мястэчка? Гэта сумесь горада і вёскі. Вельмі цікава ўбачыць сутыкненне гэтых культур, напрыклад, у вопратцы, якую насілі маталяне, у іхнім побыце. Тыя ж фотаадбіткі з выявамі мотальскіх маладзёнаў, жанчын у славутых мотальскіх кажухах, хлопцаў на матацыкле — вельмі цікавыя візуальныя дакументы…

У.П.: — Я згодзен, Дар’я, але мяне абурыла якасць рэпрадукцый фотаздымкаў. Гэта акурат той прыклад, калі каштоўны матэрыял значна страціў з-за няякаснай падачы. Разумею, што нашы музеі не могуць пахваліцца багатым бюджэтам на выставачныя праекты, але ўявіце, як выглядалі б гэтыя фотаздымкі, каб яны былі надрукаваны не на звычайнай паперы, а як належна… Не забывайце, што людзі плацяць за ўваход на выстаўку грошы, і яны маюць права разлічваць на пэўную якасць паслуг, якая вымяраецца, у тым ліку, і ўзроўнем экспазіцыі. Шчыра кажучы, мне гэтая прыкрая акалічнасць з “раздрукоўкамі” не дазволіла ў поўнай меры ацаніць сам матэрыял, што заслугоўвае ўвагі ды, магчыма, захаплення…

Д.А.: — Уладзімір, магу адказаць толькі адно: куратар выстаўкі пра Моталь Андрэй Ляневіч пацвердзіў мне, што ў планах Музея І З’езда РСДРП — выраб годных рэпрадукцый работ Аляксея Мінюка. А потым — і ўдзел у зборнай выстаўцы, прысвечанай модзе пачатку — сярэдзіны ХХ стагоддзя, дзе мы зможам гэтыя здымкі ўбачыць ужо ў лепшым варыянце. Не будзем такімі катэгарычнымі: можна ўхваліць ініцыятыву паказу калекцыі мотальскага фатографа, алічбаваная частка якой зараз знаходзіцца ў тым ліку і ў Мінску. Таксама адзначым і адкрытасць Мотальскага музея народнай творчасці, які пайшоў на кантакт, вырашыў падзяліцца сваімі фондавымі здабыткамі. Хоць і неаспрэчна: вашы заўвагі як патрабавальнага наведвальніка — слушныя.

У.П.: — Яшчэ адно назіранне. Як ужо казаў, экспазіцыю ў Музеі І З’езда РСДРП я наведаў пасля выставачнага праекта фатаграфій Ісака Сербава ў кінатэатры “Перамога”. Прызнаюся, што бачыў апошнюю выстаўку, прымеркаваную да выхаду адмысловага альбома фотаздымкаў, раней, у Вільнюсе. У “Перамозе” для мяне была ўжо яе варыяцыя, і, аддам належнае, экспазіцыя тут выглядала лепш: абранаму фармату здымкаў дапамагала прастора залы.

Аднак, разумеючы каштоўнасць гэтых работ ды права мінчан пазнаёміцца з імі, злавіў сябе на дзіўным адчуванні перанасычанасці тэмай. Тут паказаны беларусы як прадстаўнікі сялянскай культуры, і на наступнай пляцоўцы — ізноў тая ж тэма, хоць і з невялікім адхіленнем…

Д.А.: — Мяркую, што падобнае тэматычнае супадзенне дзвюх выставак — выпадковасць.

У.П.: — Здавалася б, няма нічога кепскага ў тым, што на сталічных пляцоўках праходзяць дзве тэматычна падобныя выстаўкі. Але трошкі зменім сітуацыю. Уявім, што падобны рэйд па фотапраектах здзейсніў не зацікаўлены ў вывучэнні этнаграфічных тыпажоў малады чалавек, а госць сталіцы, які прыехаў да нас упершыню. Што ён убачыць на прыкладзе гэтых нават трох выставак? Магчыма, выглядаю прадузятым, але я ўжо пачынаю стамляцца ад гэтага погляду на нашу нацыю як на “маленькую народнасць”, што жыла на вуліцах, на якіх не было нават дрэў. (Пачуў гэтую рэпліку пра дрэвы ад аднаго расійскага наведвальніка ў “Перамозе”.) Так, наша сялянства сто гадоў таму ставілася прасцей да “азелянення” вясковых вуліц — па іх збольшага гналі жывёлу, — але былі іншыя прыкметы высокай побытавай культуры. Ды і ў цэлым, была ў нас і свая буржуазія, і, у рэшце рэшт, свая арыстакратыя. Словам, беларусы — не толькі сяляне, а і ваяры, настаўнікі, франты, дыпламаты, медсёстры, актрысы, фатографы, князі, у рэшце рэшт… Дык чаму ж гэта не паказаць? Але гэтыя абліччы рэдка ўбачыш…

Д.А.: — Згодная, але тут складанасць хутчэй у тым, што няма адпаведнага фатаграфічнага матэрыялу: ён не апрацаваны, не вывучаны. Ведаю пра цудоўную калекцыю фатаграфій, якая знаходзіцца, здаецца, у Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе: у ёй адлюстраваны паездкі князёў на паляванне. Згадваецца адразу і выратаваная з нябыту Уладзімірам Суцягіным, Зміцерам Сярэбранікавым і Віктарам Сумрачэўскім калекцыя здымкаў Паўла Валынцэвіча, што распавядае пра жыццё сям’і святара. Ды, бадай, гэта ўсё, што адразу ў галаву прыходзіць…

У.П.: — Але мы зараз ужо кажам пра фатаграфію не проста як пра набор картак, а — як пра сродак фарміравання нацыянальнай свядомасці. Пра гэта, мне падаецца, увесь час забываюцца арганізатары нашых выставак.

Д.А. :— Падобны праект — гэта ўжо прыклад іншага ўзроўню мыслення ды магчымасцей.

У.П.: — Дык самы час на яго пераходзіць!..

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"