“Венгерская рапсодыя” на сценах Мастацкага...

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Мастацтва не існуе па-за грамадствам. Паводле сваёй сутнасці яно — люстэчка супярэчлівай, тлумнай рэчаіснасці. Мастак адкрыты свету, але творчая праца патрабуе засяроджанасці і цішыні. Не іначай як гэтай логікай кіраваліся на пачатку мінулага стагоддзя венгерскія мастакі, якія ўтварылі ў правінцыйным Сольнаку (рэгіён Паўночны Альфёльд) артыстычную калонію. Ідэя аказалася плённай. Больш як за сто гадоў існавання гэтага асяродка праз яго прайшло не адно пакаленне творцаў, сярод якіх нямала выдатных майстроў, склалася арыгінальная шматаблічная мастацкая школа.

/i/content/pi/cult/451/9473/8-4.jpeg

Калонія жыве і дагэтуль. Гэта важны цэнтр пейзажнага і жанравага жывапісу Венгрыі. Тут, у мастацкіх майстэрнях, працуюць як пастаянныя чальцы калоніі, так і запрошаныя мастакі. А для студэнтаў Каледжа выяўленчага мастацтва магчымасць папрацаваць у Сольнаку побач са сталымі калегамі — сапраўдны майстар-клас.

Мінчане і госці сталіцы маюць магчымасць пазнаёміцца з гэтай цікавай з’явай. У Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць выстаўка “Венгерская рапсодыя. Мастакі Сольнака”. На ёй больш як 30 твораў 24 мастакоў. Гэта своеасаблівая рэтраспектыва венгерскага мастацтва ад 1900-х да 1970-х гадоў. Па ёй можна прасачыць, як цягам дзесяцігоддзяў змяняліся эстэтычныя арыенціры венгерскага (лічы, еўрапейскага) грамадства.

Гэтая выстаўка з’яўляецца прэзентацыяй аднаго з самых вядомых музеяў Венгрыі — Дзяржаўнага музея імя Янаша Дам’яніча, у калекцыі якога захоўваецца асноўная частка творчай спадчыны мастакоў калоніі Сольнака.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"