Фестываль “Выбітныя беларускія музыканты — абаронцам Айчыны” стаў ужо традыцыйным: ён ладзіцца чацвёрты год запар. Па словах аднаго з яго ініцыятараў — начальніка Інстытута нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь Ігара Кузняцова, правядзенне такіх імпрэз важнае сваёй паслядоўнасцю: іх штогадовая традыцыя зрабіла істотны ўнёсак у фарміраванне музычных густаў сваёй аўдыторыі.
Кожны раз рыхтуецца новая, эксклюзіўная, праграма: прыкладам, прысвечаная джазу або музыцы мінулых стагоддзяў. Як вядома, калектыў мае безліч абліччаў, дыяпазон яго творчасці надзвычай шырокі, і гэта дазваляе ніколі не паўтарацца.
— За тыя чатыры гады аркестр для нас “раскрыўся” зусім іначай, — кажа Ігар Кузняцоў. — Можа, не ўсе ведаюць, што ў яго складзе ёсць цудоўныя камерныя калектывы, якія не проста віртуозна выконваюць класіку, але і распавядаюць усю гісторыю беларускай музыкі, перакідваючы масток з гэтай скарбніцы ў наш дзень. І таму мы заўсёды вельмі рады такой магчымасці пазнаёміцца з творчасцю выбітнага калектыву і далучыцца да найлепшых здабыткаў музычнай спадчыны…
Сёлетняя праграма калектыву была шмат у чым эксперыментальнай: за паўтары гадзіны яна аб’яднала ці не ўсе магчымыя стылі: класічную музыку, эстрадныя песні, джаз... Прэм’ера новай кампазіцыі, што стала своеасаблівай кульмінацыяй канцэрта, нібыта анансавала будучы юбілейны фестываль джаза, які традыцыйна ладзіцца ў сценах Клуба імя Дзяржынскага ў студзені кожнага года.
Як адзначыў мастацкі кіраўнік аркестра — народны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар Міхаіл Фінберг, для калектыву вельмі важна даносіць сваю творчасць да людзей розных прафесій, асабліва тых, якія маюць найвялікшую значнасць для грамадства.
— Безумоўна, розная публіка рэагуе па-рознаму, і гэта трэба ўлічваць, ствараючы рэжысуру праграм, — кажа маэстра. — Але мушу адзначыць, што якаснае і прачулае выкананне заўсёды спараджае хвалі апладысментаў, дзе б мы ні выступалі…
І сапраўды, рэакцыя публікі гэта пацвердзіла.