Да вяршынь — на паветраных шарыках

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

У Брэсцкім музычным каледжы імя Рыгора Шырмы, акрамя выканаўцаў розных спецыяльнасцей і музыказнаўцаў, выхоўваюцца таксама маладыя кампазітары. У тым, што праца гэтая вядзецца не марна, пераканаў паўтарагадзінны канцэрт твораў студэнтаў і выкладчыкаў. Прычым першае аддзяленне было аддадзена камернай музыцы, а другое — аркестравай.

 /i/content/pi/cult/144/947/Da-vyarshn2.jpg
Сімфанічны аркестр каледжа пад кіраўніцтвам Людмілы Жабінскай выканаў паэму “Плач па пакінутай вёсцы” — дыпломную работу цяперашняга выкладчыка і сёлетняга выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Юрыя Цагойкі, які з’яўляецца першым выхаванцам маладога, але ўжо вельмі знанага беларускага кампазітара Алега Хадоскі. Аўтар “Плачу…” звярнуўся да найновых сродкаў пісьма, выкарыстаўшы магнітную стужку з запісам спеваў жыхаркі адной з пакінутых беларускіх вёсак. Твор вылучаецца шырокім зваротам да ўдарных інструментаў, “абрывамі” на піках кульмінацый, рэзкімі гучаннямі.
Яркая аркестроўка паэмы перадае насцярожаную цішыню начной вёскі, шум дрэў і нават стракатанне конікаў, якое, здавалася, даносілася з усіх куточкаў залы.
Цікава, што ў першым аддзяленні Ю.Цагойка выступіў з нечаканай шматжанравай імправізацыяй на фартэпіяна, з ходу спалучаючы неспалучальнае: усходнія матывы — з джазавымі рытмамі, яўрэйскія песенныя інтанацыі — з мелодыкай Пракоф’ева, Шастаковіча і Барадзіна, колькасць дысанансаў Шонберга — з эстраднай музыкай.
З захапленнем быў прыняты таксама Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам піяніста ІІ курса каледжа Юрыя Зіміна, які ствараўся ўлетку без дапамогі выкладчыка. Няма чаго і казаць, што віртуозную сольную партыю гэтага крыху стылізаванага твора з выкарыстаннем інтанацый Пракоф’ева і Шастаковіча выконваў сам аўтар. Не дзіва, што аднакурсніцы кінуліся на сцэну віншаваць яго і ўручылі цэлую звязку паветраных шароў — з пажаданнем новых творчых вяршынь.
У першым жа аддзяленні гучалі больш “вучнёўскія” спробы пяра, у якіх нескладана было вылучыць інтанацыі музыкі эпохі барока, гармоніі кампазітараў-рамантыкаў і нават эстрадныя рытмы. Асабліва запомніўся твор Лідзіі Цярэшка, які папярэджваўся добра складзенымі філасофскімі вершамі і адрозніваўся ад іншых кампазіцый сваёй самабытнасцю.
Дадамо, што навучэнцы каледжа па спецыяльнасці “музыказнаўства” займаюцца стварэннем музыкі ў абавязковым парадку. І гэта таксама прыносіць свой плён: некалькі гадоў таму студэнткі каледжа Ірына Філосаф і Наталля Дзягель атрымалі Першую прэміюна Міжнародным конкурсе маладых кампазітараў імяЮ.Семянякі ў Гродне.

Марына ВАЛАСЕВІЧ
Брэст