Ад “Лістапада” да “Оскара” — рукой падаць

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Фільмам адкрыцця ХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” стане стужка Сержа Аведзікяна і Алены Фяцісавай “Параджанаў”. “Гэтая карціна пра культавую фігуру рэжысёра ўжо выстаўлена на “Оскар” ад Украіны”, — акрэсліў галоўную тэндэнцыю сёлетняга асноўнага конкурсу дырэктар праграм ігравога кіно кінафестывалю Ігар Сукманаў. Многія фільмы, якія спаборнічаюць у мінскім кінафоруме-2013, увайшлі ў лонг-ліст прэстыжнай амерыканскай кінапрэміі.

/i/content/pi/cult/451/9463/3-1.jpg

Так, сербская карціна Срдана Галубовіча “Па крузе” аб наступствах баснійскай вайны — у ліку прэтэндэнтаў на статуэтку амерыканскай кінаакадэміі. Польскі фільм “Іда” Паўла Паўлікоўскага, адабраны ў праграму “Лістапада”, толькі нядаўна атрымаў галоўную адзнаку з боку польскіх кінематаграфістаў — Гран-пры “Залатыя львы” за лепшы фільм на Нацыянальным фестывалі ігравога кіно ў Гдыні. Славацкая стужка “Мой сабака — кілер” Міры Форнай — адна з найважнейшых работ усходнееўрапейскага кіно апошняга года, падкрэслівае Ігар Сукманаў. У асноўным конкурсе — і дэбютная карціна “Урокі гармоніі” Эміра Байгазіна з Казахстана, якая на сёлетнім Берлінскім кінафестывалі зрабіла сапраўдны фурор.

Не абышоўся “Лістапад” і без моднага зараз у Еўропе румынскага кінематографа: яго прадстаўляе апошні фільм вядомага рэжысёра Карнэліу Парумбой — “Калі ў Бухарэсце надыходзіць вечар, або Метабалізм”. “За яго “біліся” розныя фестывалі класа “А”, — адзначае дырэктар праграм. Новая краіна-ўдзельніца “Лістапада” — Кітай — заяўлена ў конкурсе стужкай “Дотык граху” класіка сучаснага кіно, аднаго з топавых рэжысёраў Цзя Чжанкэ. На апошнім Канскім кінафестывалі яна атрымала прыз за лепшы сцэнарый.

Ацаніць ігру славутага Канстанціна Хабенскага мінская публіка здолее ў нашумелым праекце Аляксандра Велядзінскага “Географ глобус прапіў”. Ім арганізатары прадставілі расійскі кінематограф. А каб прэзентаваць сваю апошнюю работу
“Вечнае вяртанне” асабіста, у Мінск прыедзе адзін з буйных майстроў кінематографа — Кіра Муратава. “Кіра Георгіеўна не змагла прыехаць на сваю поўную рэтраспектыву ў Ратэрдам, але на “Лістапад” яна завітае практычна на ўвесь ягоны тэрмін”, — падкрэсліў Ігар Сукманаў.

Пра беларускіх удзельнікаў кінафестывалю і дадатковыя цікавосткі праграмы — у наступных нумарах “К”.

На здымках: кадры з фільмаў: "Параджанаў" Сержа Аведзікяна і Алены Фяцісавай, "Калі ў Бухарэсце надыходзіць вечар, або Метабалізм" Карнэліу Парумбой, “Дотык граху” Цзя Чжанкэ, “Вечнае вяртанне” Кіры Муратавай.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"