Так, сербская карціна Срдана Галубовіча “Па крузе” аб наступствах баснійскай вайны — у ліку прэтэндэнтаў на статуэтку амерыканскай кінаакадэміі. Польскі фільм “Іда” Паўла Паўлікоўскага, адабраны ў праграму “Лістапада”, толькі нядаўна атрымаў галоўную адзнаку з боку польскіх кінематаграфістаў — Гран-пры “Залатыя львы” за лепшы фільм на Нацыянальным фестывалі ігравога кіно ў Гдыні. Славацкая стужка “Мой сабака — кілер” Міры Форнай — адна з найважнейшых работ усходнееўрапейскага кіно апошняга года, падкрэслівае Ігар Сукманаў. У асноўным конкурсе — і дэбютная карціна “Урокі гармоніі” Эміра Байгазіна з Казахстана, якая на сёлетнім Берлінскім кінафестывалі зрабіла сапраўдны фурор.
Не абышоўся “Лістапад” і без моднага зараз у Еўропе румынскага кінематографа: яго прадстаўляе апошні фільм вядомага рэжысёра Карнэліу Парумбой — “Калі ў Бухарэсце надыходзіць вечар, або Метабалізм”. “За яго “біліся” розныя фестывалі класа “А”, — адзначае дырэктар праграм. Новая краіна-ўдзельніца “Лістапада” — Кітай — заяўлена ў конкурсе стужкай “Дотык граху” класіка сучаснага кіно, аднаго з топавых рэжысёраў Цзя Чжанкэ. На апошнім Канскім кінафестывалі яна атрымала прыз за лепшы сцэнарый.
Ацаніць ігру славутага Канстанціна Хабенскага мінская публіка здолее ў нашумелым праекце Аляксандра Велядзінскага “Географ глобус прапіў”. Ім арганізатары прадставілі расійскі кінематограф. А каб прэзентаваць сваю апошнюю работу
“Вечнае вяртанне” асабіста, у Мінск прыедзе адзін з буйных майстроў кінематографа — Кіра Муратава. “Кіра Георгіеўна не змагла прыехаць на сваю поўную рэтраспектыву ў Ратэрдам, але на “Лістапад” яна завітае практычна на ўвесь ягоны тэрмін”, — падкрэсліў Ігар Сукманаў.
Пра беларускіх удзельнікаў кінафестывалю і дадатковыя цікавосткі праграмы — у наступных нумарах “К”.
На здымках: кадры з фільмаў: "Параджанаў" Сержа Аведзікяна і Алены Фяцісавай, "Калі ў Бухарэсце надыходзіць вечар, або Метабалізм" Карнэліу Парумбой, “Дотык граху” Цзя Чжанкэ, “Вечнае вяртанне” Кіры Муратавай.