У чым сіла, брат?

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

Многія з прыхільнікаў лялечнага тэатра памятаюць спектакль “Прыгоды Бураціна” Дзяржаўнага тэатра лялек і таго самага драўлянага хлопчыка, які на працягу многіх гадоў не сыходзіў са сцэны. Напрыканцы 80-х — пачатку 90-х гадоў Бураціна стаў не толькі своеасаблівай візітоўкай гэтага тэатра, але і сімвалам буйнога міжнароднага фестывалю тэатра лялек, гаспадарамі якога і былі сталічныя лялечнікі. Ішоў час, “Прыгоды Бураціна” сышлі з рэпертуару, але… Акурат “пад ёлачку” Дзяржаўны тэатр лялек падрыхтаваў сваім гледачам сюрпрыз — спектакль “Прыгоды Пінокіо” ў пастаноўцы рэжысёра Алега Жугжды.

 /i/content/pi/cult/144/946/Pinokio.jpg
Як вядома, Пінокіо — гэта своеасаблівы “старэйшы брат” Бураціна, якога “па абліччы і падабенстве” стварыў пісьменнік Аляксей Талстой, сцвердзіўшы надзвычайную папулярнасць і цікавасць да італьянскага “хлапчука”. І нягледзячы на тое, што гісторыі, у якія трапляюць і Бураціна, і італьянскі Пінокіо, падобныя да сябе, усё ж паводзіны гэтых хлопчыкаў даволі розныя. “Наш” Бураціна, якога мы, дарэчы, сёння прывыклі ўспрымаць па ўлюбёным дзіцячым фільме, знятым на кінастудыі “Беларусьфільм”, — хлопчык цікаўны і адкрыты: менавіта з-за гэтай яго празмернай прагі “ўтыкаць нос ва ўсе справы” з ім і здараюцца самыя розныя прыгоды. А вось італьянскі Пінокіо (Аляксандр Янушкевіч) — і рэжысёр Алег Жугжда даволі добра гэта перадаў — не проста цікаўны, але — непаважлівы да навакольных і нават даволі жорсткі ў абыходжанні з імі. Так, на самым пачатку ён вялізным малатком у стылі амерыканскіх мульцікаў забівае старога цвыркуна, які хацеў усяго толькі папярэдзіць хлопчыка і даць яму слушныя парады для таго, каб той не трапляў у недарэчныя ці нават небяспечныя сітуацыі.
Ды і да свайго таты (Аляксандр Казакоў) ён ставіцца не надта паважліва, нягледзячы на тое, што той вяртае яму ножкі, спаленыя падчас сну, набывае буквар на грошы, атрыманыя з продажу курткі…
Не ведаю, хто больш смяяўся ў глядзельнай зале — дзеці ці іх бацькі. Але адно магу зазначыць пэўна: смех гэты прадыктаваны быў не столькі камізмам саміх сітуацый, колькі — іх пазнавальнасцю. І ўсе хітрыкі Пінокіо (як, зрэшты, і яго спадарожнікаў Ката (Марс Чыгіркін) і Лісы (Валянціна Белаш) выглядалі такімі наіўнымі… Адно замінала — упартасць, з якой Пінокіо адмаўляўся нават слухаць якія-кольвек рацыянальныя заўвагі на свой адрас.
Здавалася б, што новага можна знайсці ў такой вядомай гісторыі, як гісторыя Пінокіо? Але ж рэжысёр спектакля даводзіць нам, што мы проста… не ведаем сапраўднага яе сэнсу, задавольваючыся адно толькі вядомымі нам “класічнымі” інтэрпрэтацыямі. Насамрэч жа казачка гэтая нашмат больш складаная і, калі можна прымяніць гэтыя словы да дадзенага жанру, — надзвычай рэалістычная. У прыватнасці, там, дзе справа датычыць дзіцячай жорсткасці, якую ў жыцці мы часцяком прымаем за свавольствы, а потым — дзівімся, адкуль бярэцца ўвесь гэты чалавечы цынізм і непаважлівасць да блізкага. Раз за разам Пінокіо дэманструе нам цалкавітую “непрабівальнасць” — здаецца, нават пасля казачных “трох разоў” яго не здольна перамяніць анішто. Ні ўгаворы, ні нават іншыя метады, больш дзейсныя, такія, як адмова прымаць лекі, “вылечаная” Блакітнай Феяй пры дапамозе прыходу да Пінокіо двух зайцоў з труной, — усе яны даюць толькі кароткатэрміновы эфект.Але ж, як у кожнага малога, у Пінокіо таксама маецца свая запаветная мара: ён хоча стаць сапраўдным хлопчыкам. І вось тут спектакль “паварочваецца” да нас зусім іншым бокам. І ўжо прыгоды драўлянага хлопчыка адыходзяць на другі план, а ў цэнтры ўвагі аказваецца менавіта станаўленне маленькага чалавечка, абуджэнне ў ім самім жадання “быць чалавекам”, нарэшце, пачуцця адказнасці за свае ўчынкі. І фінал спектакля атрымліваецца амаль што горкаўскім: Пінокіо аддае агню сваю маленькую драўляную руку для таго, каб яна, згарэўшы, асвяціла жыццё яго бацькі…
… Маленькі хлопчык Пінокіо засынае, і хочацца спадзявацца, што прачнецца ён ужо новым, так бы мовіць, “перамененым”. І як драўляны чалавечак адрадзіўся на сталічнай сцэне, хай гэтак жа адродзіцца, паўстане ў Мінску і не забыты міжнародны фестываль тэатраў лялек...

Таццяна КОМАНАВА