Клічуць “Званы Сафіі”

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Напярэдадні падзеі
У лістападзе ў канцэртнай зале Сафійскага сабора адбудзецца доўгачаканая падзея для аматараў класічнай музыкі — адкрыццё XVIII Міжнароднага фестывалю класічнай музыкі “Званы Сафіі”. Адзіны ў Беларусі арганны фестываль ужо шмат гадоў збірае пад скляпеннямі сабора сусветна вядомых музыкантаў ды іх прыхільнікаў. За гэты час прайшло больш як 100 фестывальных канцэртаў, на якіх пабывала каля 20 000 слухачоў, у тым ліку з іншых гарадоў Беларусі ды блізкіх рэгіёнаў Расіі.

XVIII Міжнародны фестываль арганнай музыкі “Званы Сафіі” будзе праходзіць з 3 лістапада па 8 снежня. Фестывальная палітра сёлетняга музычнага форуму багатая на новыя імёны. Разам з ужо знаёмымі полацкім слухачам арганістамі, такімі як Крыстаф Хаўзер (Германія), Ханс Хрысціян Хейн (Данія), у фестывалі ўпершыню возьмуць удзел выдатныя еўрапейскія выканаўцы Марэк Стэфаньскі (Польшча), Валерыя Балахоўская (Украіна), Элізабет Завадке (Швейцарыя), Фларыян Хок (Германія), Рэгіна Каменшчыкава (Расія). Фэст пазнаёміць слухачоў з класічнай спадчынай арганнай музыкі мінулых стагоддзяў, з лепшымі сачыненнямі для аргана сучасных кампазітараў Беларусі, блізкага і далёкага замежжа.

Асаблівасць сёлетняга фестывалю — у разнажанравасці канцэртных праграм. Разам з арганам будуць гучаць саксафон, блокфлейта, гістарычны кларнет (1800 г.), шалюмо (драўляны духавы інструмент эпох Сярэднявечча і барока, папярэднік кларнета), камерны аркестр. Цудоўным падарункам мае стаць юбілейны канцэрт Ксеніі Пагарэлай, прысвечаны 25-годдзю ейнай творчай дзейнасці, у канцэртнай зале Сафійскага сабора. Сёння знакамітая палачанка — адна з вядучых арганістаў краіны. Яна вядзе актыўную канцэртную, асветніцкую, педагагічную дзейнасць, дорыць людзям дабро і радасць. У свой творчы юбілей, які Ксенія Пагарэлая па традыцыі правядзе разам з камерным аркестрам “Еўропа-Цэнтр” пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава, яна збярэ ў зале шматлікіх прыхільнікаў яе творчасці і таленту.