XVIII Міжнародны фестываль арганнай музыкі “Званы Сафіі” будзе праходзіць з 3 лістапада па 8 снежня. Фестывальная палітра сёлетняга музычнага форуму багатая на новыя імёны. Разам з ужо знаёмымі полацкім слухачам арганістамі, такімі як Крыстаф Хаўзер (Германія), Ханс Хрысціян Хейн (Данія), у фестывалі ўпершыню возьмуць удзел выдатныя еўрапейскія выканаўцы Марэк Стэфаньскі (Польшча), Валерыя Балахоўская (Украіна), Элізабет Завадке (Швейцарыя), Фларыян Хок (Германія), Рэгіна Каменшчыкава (Расія). Фэст пазнаёміць слухачоў з класічнай спадчынай арганнай музыкі мінулых стагоддзяў, з лепшымі сачыненнямі для аргана сучасных кампазітараў Беларусі, блізкага і далёкага замежжа.
Асаблівасць сёлетняга фестывалю — у разнажанравасці канцэртных праграм. Разам з арганам будуць гучаць саксафон, блокфлейта, гістарычны кларнет (1800 г.), шалюмо (драўляны духавы інструмент эпох Сярэднявечча і барока, папярэднік кларнета), камерны аркестр. Цудоўным падарункам мае стаць юбілейны канцэрт Ксеніі Пагарэлай, прысвечаны 25-годдзю ейнай творчай дзейнасці, у канцэртнай зале Сафійскага сабора. Сёння знакамітая палачанка — адна з вядучых арганістаў краіны. Яна вядзе актыўную канцэртную, асветніцкую, педагагічную дзейнасць, дорыць людзям дабро і радасць. У свой творчы юбілей, які Ксенія Пагарэлая па традыцыі правядзе разам з камерным аркестрам “Еўропа-Цэнтр” пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава, яна збярэ ў зале шматлікіх прыхільнікаў яе творчасці і таленту.