З’яўленне новага калектыву падштурхнула і кампазітарскую думку. Камерны хор быў і застаецца адным з самых актыўных папулярызатараў нацыянальнай класікі, першым выканаўцам новых твораў, многія з якіх рэдагуюцца і даводзяцца да канцэртнай версіі менавіта ў самім калектыве. Шмат прэм’ер прагучыць і на юбілейным вечары. У іх ліку — “Малітва” Ларысы Сімаковіч для трубы і хору.
— Мы імкнуліся, — распавяла Наталля Міхайлава, — скласці праграму з лепшага і новага. Уключылі, да прыкладу, раманс Варламава “Чырвоны сарафан” — і запрасілі саліраваць у ім Раісу Шытаву, якая працавала ў нас дваццаць гадоў, а цяпер сышла на пенсію. Разам з маладой салісткай яны не толькі ўвасобяць дыялог Маці і Дачкі, але і прадставяць розныя пакаленні нашых артыстаў. Музычныя падарункі рыхтуе нам Камерны хор “Вільнюс”: разам з літоўскімі калегамі ды нашым сімфанічным аркестрам мы выканаем “Чатыры духоўныя п’есы” Вердзі. Але галоўнае для нас сёння — не столькі завяршыць 25-гадовы прамежак часу, колькі зазірнуць у будучыню, бо кожны юбілей — гэта добрая нагода для далейшага, яшчэ большага, плёну.