Музычныя “дажынкі”

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Канец кастрычніка — пачатак лістапада азораны для аматараў музыкі святлом Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Беларуская музычная восень”. Сёлета гэты форум, што праходзіць ужо ў 39-ы раз, як ніколі “ўраджайны”.

Яго праграма толькі ў Мінску ўтрымлівае 24 канцэрты, адзін за другога выбітней. А ўдзельнікі прыязджаюць з васьмі краін, у тым ліку з Бельгіі, Германіі, ЗША, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі. Сярод знаных беларускіх музыкантаў — і тыя нашы суайчыннікі, што апошнім часам жывуць ды працуюць у замежжы. Увогуле, чаго-чаго, а беларускасці фестывалю не займаць! Сёлета ён літаральна нашпігаваны і беларускімі прэм’ерамі, і кампазітарскімі вечарамі, і цікавымі сумеснымі праектамі. Са сталічнай філармоніі можна, што называецца, не сыходзіць: што ні вечар — адметны канцэрт, а то і два ў розных залах. Сёння, да прыкладу, грае сусветна вядомы Андрэй Паначэўны — першы (і пакуль адзіны) беларускі піяніст, які стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурсу імя П.Чайкоўскага. У свой чарговы візіт на радзіму ён выступіць не толькі ў Мінску, але і, праз дзень, у Гродне, скараючы публіку фантастычнай прыгажосцю гуку.

Арганізатары паклапаціліся, каб фестываль, у адрозненне ад многіх іншых, што вылучаюцца дадатковымі нулікамі на білетах, стаў максімальна даступным. Студэнты ж змогуць трапіць на “...Восень” за палову кошту: самы танны білет для іх каштуе 15 — 20 тысяч рублёў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"