Культурны твітар: мы ў свеце

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Беларуская культура за мяжой

Індыя

Анімацыйная стужка беларускага рэжысёра Таццяны Кубліцкай “Піліпка” паспаборнічае за галоўны прыз на кінафоруме ў Мумбаі: упершыню Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” возьме ўдзел у XVIII Міжнародным дзіцячым кінафестывалі “Залаты слон”. Цягам тыдня — з 14 па 20 лістапада — у 13 кінатэатрах Мумбая пакажуць 154 стужкі з 38 краін. У пазаконкурснай праграме беларускую анімацыю прадставяць мульфільмы “Ясны сокал” Ірыны Кадзюковай, “Як служыў жа я ў пана” Міхаіла Тумелі і стужка Уладзіміра Пяткевіча “Воўк і баран”.

Польшча

Выступленне Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава прайшло ў Варшаве. Пад час яго прагучалі класічныя музычныя творы Р.Штраўса i П.Чайкоўскага. Напярэдадні канцэрта адбылася сустрэча кіраўніцтва Белдзяржфілармоніі і Польскай нацыянальнай філармоніі ў Варшаве, у рамках якой была падпісана дамова аб супрацоўніцтве паміж вядучымі філарманічнымі ўстановамі Беларусі і Польшчы.

Францыя

Прэзентацыя беларускага тэатральнага мастацтва прайшла ў рамках тэатральнага фестывалю “Акт 9” у мэрыі 9-й акругі Парыжа. Мерапрыемства было падрыхтавана Беларуска-французскім тэатральным аб’яднаннем “Тэатро” сумесна з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў і пасольствам нашай краіны ў Францыі. Пад час прэзентацыі адбыўся паказ дакументальнай стужкі “Адкрыццё беларускай тэатральнай школы”, падрыхтаванай студэнтамі БДАМ.

Расія

Школа беларускай мовы і культуры працуе ў Екацярынбургу. Яна створана пры Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Урала”. Гэта асветніцкі праект, асноўная мэта якога — далучэнне этнічных беларусаў і ўсіх ахвотных да беларускай мовы, нацыянальных традыцый, гісторыі і асноў беларускай культуры.

Эстонія

У гімназіі горада Табасалу прайшла Рэспубліканская тэматычная віктарына “Беларусь — Эстонія”. У ёй бралі ўдзел чатыры навучальныя ўстановы з розных куткоў Эстоніі, а таксама навучэнцы Мінскай сярэдняй школы № 48. Акрамя таго, адбыўся канцэрт, на якім выступілі беларускія і эстонскія школьнікі.

Падрыхтавала Вольга НАВІЦКАЯ