Экспазіцыя музея распавядае пра шлях, што прайшла Беларусь з моманту абвяшчэння Незалежнасці, пра поспехі ў будаўніцтве суверэннай дзяржавы ды ўмацаванні яе пазіцый у свеце. У залах музея адчуваеш гонар за народ і краіну. І калі зыходзіць з таго, што Рэспубліка Беларусь — наш агульны дом, ды ведаць, што жанчына ў гэтым доме — захавальніца ачагу, то дзе, як не тут, святкаваць Дзень маці…
Да арганізацыі выстаўкі спрычыніліся тыя дзяржаўныя ўстановы і грамадскія арганізацыі, якія паводле свайго статуса клапоцяцца пра будучыню краіны — гэта значыць, пра мацярынства і дзяцінства. Сярод іх — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Рэспубліканскі цэнтр “Маці і дзіця”, Беларуская асацыяцыя шматдзетных сем’яў.
Фотаэкспазіцыю падрыхтавала БелТА. Асноўны сюжэт здымкаў — шматдзетныя сем’і. І гэта невыпадкова: дзяржава дбае пра дэмаграфічную бяспеку, і тыя сем’і, дзе дзяцей — чацвёра і больш, з’яўляюцца гарантам гэтай бяспекі і суб’ектамі дзяржаўнай апекі. Увогуле ж, выстаўка якраз і распавядае пра дзяржаўную падтрымку мацярынства ды дзяцінства ў нашай краіне. На ўрачыстае адкрыццё былі запрошаны знакамітыя жанчыны Беларусі, і сярод іх — узнагароджаныя ордэнам Маці. Пасля афіцыйнай часткі для прысутных была праведзена экскурсія па музейнай экспазіцыі.
Фота аўтара