“Лістападу” — 20! Чаго чакаем ад юбіляра?

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

За гэты час Мінскі міжнародны кінафестываль перажыў нямала змен і трансфармацый. Нарадзіўшыся як Тыдзень расійскага кіно ў 1993-м, ён вырас да буйнога міжнароднага форуму, які сёлета прапаноўвае спаборніцтва ўжо ў некалькіх адмысловых конкурсах: асноўных — ігравога і дакументальнага кіно, конкурсах маладога кіно, а таксама конкурсу фільмаў для дзіцячай ды юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”. Словам, у свае дваццаць, прайшоўшы няпросты шлях станаўлення, наш “Лістапад” выглядае няблага. Але значная дата — гэта добрая нагода паглядзець на тое, што мы ў рэшце рэшт маем, трошкі збоку. І спытаць: а чаго яшчэ мы чакаем ад юбіляра?

Міхаіл ТУМЕЛЯ, рэжысёр-аніматар:

— Прызнацца, я ўжо даўно не быў удзельнікам “Лістапада”, але мне хочацца верыць, што Мінскі кінафестываль змяняецца ў лепшы бок свядома, а не выпадкова. Так, тое, што сёння анімацыя ў “Лістападзіку” стала падавацца трошкі пад іншым “соусам”: перавага аддаецца поўнаметражным карцінам, — мяне хвалюе. І, мабыць, таму я крыху выпаў з жыцця кінафоруму. Хацелася б, каб кароткі метр анімацыі, які дазваляе раскрыцца менавіта аўтару, а не вялікай камандзе, таксама быў у праграме.

Што мяне цікавіць на фестывалі як кінематаграфіста? Скажу крамольную рэч, але я — не вялікі прыхільнік ігравога кіно. Апошнім часам яно мяне расчароўвае, і таму жадання наведаць асноўныя конкурсы кінафэсту за сабой асабліва не назіраю. А вось дакументальнае кіно — вельмі цікавіць, і тут я з задавальненнем прыйшоў бы на паказы.

Мне падаецца, што “Лістапад” сёння пакутуе яшчэ ад адной праблемы — адсутнасці ўцямнай інфармацыі пра яго. Фестываль прапаноўвае цэлы спектр конкурсаў і праграм, але сарыентавацца ў іх, ды нават дазнацца пра ўсе прапановы — гэта сапраўдная праблема. Мабыць, тут віна не толькі дырэкцыі кінафоруму — больш актыўнымі павінны быць і журналісты, але калі не будзе добра выбудаванай палітыкі інфармавання, “Лістапад” будзе страчваць патэнцыйнага гледача. Таму і жадаю фестывалю зрабіць “стыкоўку” паміж кіно і яго прыхільнікамі больш эфектыўнай.

Максім ДАСЬКО, фатограф, пастаянны глядач праграм “Лістапада”:

— Прыхільнікам “Лістапада”, па шчырасці, стаў не так даўно: прыкладна чатыры гады таму, як дазнаўся пазней, тады, калі на фестываль прыйшла працаваць новая каманда. Магчыма, мае густы супадаюць з густамі праграмных дырэктараў кінафоруму, але з таго часу фестывальныя кінапаказы імкнуся не прапускаць.

Маё галоўнае патрабаванне да кінафоруму — якаснае кіно, сустрэча з аўтарамі. І ў гэтым “Лістапад” асабіста мяне задавальняе. Нават “чырвоная дарожка” з адпаведным дэфіле зорак, на мой погляд,  — з’ява другасная і неабавязковая. Лічу, што за тыя грошы лепш прывезці яшчэ адзін добры фільм.

Па сутнасці, трымацца гэтай высокай планкі ў выбары якаснага кіно “Лістападу” і жадаю. Але як гледачу мне хацелася б дадатковых магчымасцей для прагляду карцін кінафоруму. Па-першае, каб фестываль зрабіўся трошкі большым па тэрмінах, каб можна было ўбачыць асноўныя конкурсы, праграму дакументальнага кіно, шматлікія рэтраспектывы… Па-другое, каб білеты на сеансы можна было набыць загадзя і па даступнай цане. Па-трэцяе, не ведаю, ці ёсць магчымасць змяніць пляцоўку, але мяне хвалюе малая ўмяшчальнасць асноўнай залы фестывалю — кінатэатра “Цэнтральны”…

Вядома, хацелася б, каб у будучым “Лістапад” стаў фестывалем класа “А”, але разумею, што для гэтага неабходны значныя сродкі.

А ў цэлым, не магу не ацаніць і таго, што ёсць, у тым ліку і тых намаганняў фестывалю паказваць радыкальнае кіно, якога нам не хапае. А калі ўлічыць, якой нешматлікай камандай “Лістапад” робіцца (заўважыў, што ён мае патрэбу ў валанцёрах),  — гэта па-сапраўднаму ўражвае!..

Ігар СУКМАНАЎ, дырэктар праграм ігравога кіно “Лістапада”, дырэктар конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”:

— “Лістапад”, насуперак кансерватыўнай супольнасці нашага грамадства, трымае і будзе трымаць курс на еўрапейскі фармат. Мы хочам, каб фестываль быў міжнародны: гэта датычыцца і кіно, і шэрагу адмысловых мерапрыемстваў форуму — у тым ліку майстар-класаў, стаўку на якія мы робім сёлета. Мы хочам, каб на гэтых сустрэчах айчынныя і замежныя кінематаграфісты знаёміліся, абмяркоўвалі, абменьваліся планамі ды вопытам.

Падкрэслю: галоўная скіраванасць “Лістапада” — ісці супраць экспансіі Галівуда, камерцыйнага кіно. Таму мы імкнёмся прадставіць на фестывалі “вяршкі” аўтарскага кінематографа. Разам з тым, падкрэсліць унікальнасць нашага рэгіёна — з яго савецкай гісторыяй, досведам — таксама ўваходзіць у нашы задачы, таму кінафорум прапаноўвае апошнія фільмы кінематаграфій краін былога савецкага блока. І, дарэчы, сёлета да асноўных краін-удзельніц фестывалю далучыўся Кітай.

Акрамя асноўнага конкурсу ігравога кіно, дакументальнае, маладое кіно, кіно для дзіцячай аўдыторыі па-ранейшаму складае праграму “Лістапада”. Так, зведаў змены фармат анімацыйных паказаў, але на тое былі аб’ектыўныя прычыны. На жаль, эканамічны стан форуму не дазваляе яму пашырацца, і на развіццё напрамку “кароткага метра”, у тым ліку анімацыйнага, у нас не хапае сіл. Але ж анімацыя будзе прадстаўлена ў “поўным метры”: “Лістападзік-2013” падрыхтаваў найцікавую праграму фільмаў менавіта для самай юнай аўдыторыі.

Хачу адзначыць, што “Лістапад” апошнім часам становіцца папулярным у маладых кінематаграфістаў. Маецца на ўвазе тое, што рэжысёры, маладыя кінакампаніі ўсё больш дасылаюць нам сваіх работ. Гэтая тэндэнцыя, вядома, радуе, але, на жаль, выявіліся і пэўныя прагалы. Па-першае, просім усіх удзельнікаў: калі ласка, сачыце за тэрмінамі падачы заявак — гэта важнае захаванне прафесійнага этыкету. Пазней за пазначаны дэдлайн работы не прымаюцца. Па-другое, сама якасць стужак, зробленых маладымі кінематаграфістамі… “Лістапад” імкнецца трымаць высокую планку, і хацелася б, каб да гэтага ўзроўню цягнуліся і маладыя прадстаўнікі нашага кінематографа. Назіраючы дадзеную праблему, сёлета мы падрыхтавалі шэраг майстар-класаў адмыслова з кінематаграфістамі маладога пакалення розных краін, якім ужо ўдалося заявіць пра сябе на міжнародных форумах класа “А”. Спадзяёмся, іх вопыт будзе карысным для ўсіх, хто прагне заявіць аб сабе
ў кіно.

Сёлета лозунг нашага фестывалю — “In kino veritas”. Мне падаецца, што гэта гучыць вельмі знакава: з аднаго боку, ён — святочны, сімвалізуе нібыта ап’яненне мастацтвам, з іншага — атаясамлівае пошук вечнай ісціны, якая прысутнічае ў нашай рэальнасці і якую імкнецца перадаць кінематограф. Працягваючы гэтую аналогію, хацелася б, каб на юбілейным “Лістападзе” ўсё і адбывалася такім чынам: асэнсавана, глыбока, марачна.